Рождественские и новогодние праздники многодетная семья Жеймо встречает по новому месту жительства

Общество

У новым годзе – у новай кватэры

Сёлета ў аграгарадку Хацілы здадзены ў эксплуатацыю 12-кватэрны жылы дом. Першымі навасёламі ў ім сталі Зянон і Дар’я Жэймы з дзеткамі Анечкай, Дзімам і Лізай. Калядныя і навагоднія святы шматдзетная сям’я сустракае па новым месцы жыхарства.

Новы дом размясціўся па вуліцы Азёрнай і як дзве кроплі вады падобны да суседняга: абодва для сваіх работнікаў пабудавала ААТ «Хацілы-агра». Першы ўзведзены ў 2016 годзе і заселены маладымі спецыялістамі гаспадаркі. Неабходнасць будаўніцтва другога ўзнікла ў сувязі з тым, што ўзводзіцца малочнатаварны комплекс у Волахах, павялічаны зямельныя ўгоддзі акцыянернага таварыства, таму, адпаведна, з’явяцца новыя кадры. Яны і ста­нуць жыхарамі дома 1 «Б» па вуліцы Азёрнай у Хацілах.

Першым жа ключы ад утульнай трохпакаёўкі атрымаў адзін з найлепшых механізатараў гаспадаркі — Зянон Жэйма, які шчыруе тут пяты год (уладкаваўся адразу пасля арміі). Маладая сям’я ўжо засялілася па новым адрасе.

— Зрабілі рамонт. Сродкі на яго выдзеліла гаспадарка, зараз абжываемся, — паказваюць кватэру, упрыгожаную паветранымі шарамі і навагоднім дэкорам, Дар’я і Зянон Жэймы. — Жыллё прасторнае, ёсць усе выгоды. Не трэба ацяпляць, насіць ваду, як гэта было ў Целяках. Малыя першыя дні не маглі звыкнуцца з новым месцам жыхарства, увесь час пыталіся, калі паедзем дадому. Але хутка ўсвядомілі, што гэта цяпер і ёсць наш дом.

Акрамя бытавых умоў, бацькоў радуе, што ў аграгарадку ёсць дзіцячы садок, у які абавязкова будуць вадзіць дачушак і сыночка. А яшчэ з пераездам у новую кватэру першыя самастойныя крокі зрабіла аднагадовая Ліза. Бацькі спадзяюцца, што і ў наступным годзе іх чакае не менш прыемных момантаў.

Вераніка Філановіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.