«Семейная жизнь — это постоянное самосовершенствование». Семья Сергея и Юлии Липницких

Общество

Тата – прыклад ва ўсім

З Сяргеем Ліпніцкім пазнаёмілася мінулым летам па дарозе да Маці Божай Будслаўскай. Ён ішоў з 8-гадовым сынам Уладзікам — самым малодшым удзельнікам пілігрымкі — і пляменнікамі. Дарога стамляла нават некаторых спрактыкаваных пілігрымаў. А хлопчык ні разу не закапрызнічаў. Тата часам садзіў яго сабе на плечы і нёс пэўны адрэзак шляху. Але Уладзік хутка адмаўляўся ад татавай паслугі і імкнуўся быць наперадзе калоны, прасіў дазволу пранесці крыж. Тады, здаецца, у яго адкрывалася другое дыханне. А на прывале дзяліўся сваімі эмоцыямі з татам. Ліпніцкія тэлефанавалі маме і цікавіліся ў яе справамі, распытвалі пра 5-гадовага Ромку, расказвалі пра ўбачанае і перажытае ў дарозе.

А ў час Адвэнту (падрыхтоўкі да Божага Нараджэння) Сяргей прыходзіў у 6.45 у касцёл на рараты з двума сынамі. Хлопчыкі заўсёды былі ў добрым настроі, усмешлівыя. Бачу іх і на кожнай нядзельнай Імшы ў парафіі Езуса Міласэрнага. У многіх сем’ях дзецьмі ў асноўным займаюцца мамы, а таты зарабляюць грошы, клапоцяцца пра дабрабыт. Сяргей жа стараецца як мага больш часу прысвяціць сыночкам, быць для іх прыкладам ва ўсім.

Каб бліжэй пазнаёміцца з сям’ёй, напрасілася ў госці. Першым выбег насустрач Уладзік. Яму не цярпелася хутчэй усё паказаць і расказаць. Але ў сям’і галоўныя бацькі, таму хлопчык і яго брацік, каб выказаць сваё меркаванне, у працэсе размовы па чарзе падымалі руку.  

Юлія і Сяргей Ліпніцкія з сынамі Уладзікам і Ромам

Сяргей родам з Палхун. Бацькі развяліся, калі ён вучыўся ў пачатковых класах. Хутка застаўся сіратой, і выхаваннем хлопчыка поўнасцю занялася бабуля. Менавіта яна прывяла ўнука да веры.

— Першую Камунію і сакрамант Бежмавання прымаў у лынтупскім касцёле, — расказваў Сяргей Ліпніцкі. — А шлюб з Юляй бралі ў пастаўскім імя Святога Антонія Падуанскага. Мы пастаянна адчуваем Божую дапамогу. І да Маці Божай Будслаўскай я ішоў ужо другі раз з падзякай за сваю сям’ю і ўсё, што маю. Галоўны скарб для мяне — жонка і дзеці, узаемаразуменне паміж намі.

«Галоўны скарб для мяне – жонка і дзеці»

Юлія — пастаўчанка. З Сяргеем пазнаёмілася падчас работы ў полаўскім лясніцтве. Абое закончылі Полацкі лясны тэхнікум і прыехалі сюды па размеркаванні. З кожнай сустрэчай упэўніваліся ў тым, што разам яны — адно цэлае: ім прыемна сумесна бавіць час, цікава размаўляць на розныя тэмы, будаваць планы.

— Мы проста адчувалі, што створаныя адно для аднаго, — гаварылі. — Калі па-сапраўднаму кахаеш, то не за штосьці адно, а за ўсё цалкам.

Ім, як і ўсім маладым, хаце­лася прыгожага вяселля. Узялі крэдыт і зладзілі для сябе запа­мінальную ўрачыстасць. Жыць пачалі на здымнай кватэры ў Полаве. Нарадзіўся першынец. Шчыра радаваліся гэтай значнай падзеі. Усю любоў і пяшчоту аддавалі сыночку. А калі прыйшоў час Юліі выходзіць на работу, задумаліся пра змену месца жыхарства. Сяргей звольніўся з лясгаса і ўладкаваўся ў былы леспрамгас у Паставах, бо там сям’і паабяцалі жыллё.

— Далі кватэру, а ў ёй — ні падлогі, ні дзвярэй, — успамінаў. — Добра, што многае магу зрабіць сам. Закасаў рукавы — і за справу. Дапамагаў Юлін бацька. Разам з большага добраўпарадкавалі. Тут нарадзіўся Рома.

Хоць рамонтныя работы яшчэ прадаўжаюцца, але ўсё неабходнае для жыцця ёсць. Галоўнае, што ў сям’і пануе атмасфера любові. Хлопчыкі наперабой расказвалі пра школу і дзіцячы садок. Уладзіку вельмі падабаюцца заняткі рэлігіі, рэпетыцыі дзіцячага хору «Праменьчыкі», якія ён наведвае пры парафіі Езу­са Міласэрнага, паказаў відэа свайго выступлення ў дзіцячай школе мастацтваў імя Антонія Тызенгаўза (хлопчык першы год займаецца па класе акардэона).

«Сямейнае жыццё – гэта пастаяннае самаўдасканаленне. Важна, каб у ім было месца такім словам, як «дзякуй», «прабач»

— Сямейнае жыццё — гэта пастаяннае самаўдасканаленне, — гаварылі Сяргей і Юлія. — Трэба ўмець ахвяраваць час для свайго каханага, дзяцей і нічога не чакаць узамен, рашучымі крокамі рухацца наперад і будаваць адносіны на павазе і даверы. Важна, каб у ім было месца такім словам, як «дзякуй», «прабач». Усе дамашнія клопаты мы дзелім пароўну, сумесна вырашаем розныя пытанні і праблемы, улічваючы інтарэсы кожнага.

Сяргей зноў працуе ў лясгасе, ён — майстар лесу пастаўскага лясніцтва. Юлія таксама пасля водпуску па доглядзе Ромы выйшла на работу ў лясгас, працуе ў гадавальніку. Вольны час стараюцца праводзіць разам. Нярэдка жонка адпускае мужа ў пілігрымкі. Сяргей ездзіў у Аглону на сустрэчу з Папам Рымскім Францішкам, пабываў у Чанстахове, Закапане, сёлетняй вясной збіраецца ў Меджугор’е.

— А мы заўсёды з нецярпеннем чакаем яго вяртання, — гаварыла Юлія. — І не таму, што прывозіць падарункі, а проста вельмі сумуем, пакуль яго няма.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.