Спортивный калейдоскоп

Спорт

Спартыўны калейдаскоп

У разгар 29-га чэмпіянату Беларусі па валейболе двое пастаўскіх валейбалістаў атрымалі запрашэнне прадоўжыць кар’еру на прафесійным узроўні ў дывізіёне «А» вышэйшай лігі. Склад чацвёртай каманды па выніках мінулага сезона «Марка-ВДТУ» (Віцебск) папоўніў 21-гадовы блакіруючы, кандыдат у майстры спорту Павел Дзеравянка. За ВК «Барысаў-БДУФК» па кантракце стаў гуляць 19-гадовы нападаючы першага тэмпу Максім Іваноў. Развітальны матч за родны горад абодва правялі ў 10-м туры супраць «Энергіі-2» (Гомель).

Футбольны клуб «Віцебск» пад кіраўніцтвам галоўнага трэнера Сяргея Ясінскага 15 студзеня пачаў падрыхтоўку да старту ў чэмпіянаце Беларусі па футболе ў вышэйшай лізе. Яшчэ летась у асноўным складзе каманды замацаваўся выхаванец футбольнай акадэміі ПМЦ Сяргей Волкаў, які дэбютаваў і ў складзе маладзёжнай зборнай Беларусі. Склад галоўнай каманды вобласці папоўнілі таксама трое экс-пастаўчан: паўабаронцы Аляксандр Александровіч і Іван Беразун, абаронца Мікіта Кастамараў, якія вярнуліся ў клуб пасля арэнды ў камандзе 1-й лігі ФК «Орша».

Другі год запар вызначыўся на нацыянальным узроўні 27-гадовы пастаўскі валейбаліст Аляксей Рабека. Разам са сваім клубам «Энергія» (Гомель) ён стаў бронзавым прызёрам у фінале чатырох Кубка Беларусі, які завяршыўся ў Брэсце. У адпаведным турніры сярод жаночых каманд, які прайшоў у Магілёве, медаль такой вартасці папоўніў скарбонку ўзнагарод 29-гадовага пастаўскага трэнера Дзяніса Захарэвіча. Ён гуляў за пастаўскі «Атлант» з 2005 года, а паўтара года назад пачаў працаваць старшым трэнерам жаночай каманды элітнага дывізіёна «А» вышэйшай лігі «Жамчужына Палесся» (Мазыр) і дапамог ёй летась заваяваць бронзавыя медалі нацыянальнага першынства.

У перыяд міжсезоння трэці па ліку выхаванец акадэміі ПМЦ 20-гадовы паўабаронца камерунскага паходжання Макс Эбонг прадоўжыць кар’еру на міжнародным узроўні. Былы паўабаронца салігорскага «Шахцёра», член нацыянальнай зборнай падпісаў кантракт і будзе гуляць за наймацнейшы казахстанскі клуб «Астана» (6-разовы чэмпіён краіны). Гэта каманда рэгулярна гуляе і ў прэстыжных еўрапейскіх турнірах Лігі чэмпіёнаў і Лігі Еўропы UEFA.

У 11-м туры чэмпіянату Беларусі па валейболе ў дывізіёне «Б» «Атлант» быў свабодны ад гульняў. Аднаасобны лідар — сталічны РДВАР-2003 — дабіўся валявой перамогі з лікам 3:2 над чэмпіёнам — гомельскім «Бумрамам». Мінчане зрабілі важкі крок, каб з першага месца выйсці ў фінальную чацвёрку, абмінуўшы адборачны этап. Другая гомельская каманда — «Энергія-2» — дома абыграла (3:0) гродзенскі «Камунальнік-ГДУ». Аршанскі «Узлёт» на выездзе з такім жа лікам перамог у сустрэчы з выхаванцамі СДЮШАР ВК «Мінск» і падняўся на 5-е прамежкавае месца ў турнірнай табліцы. Пастаўчане, наадварот, апусціліся на 6-ы радок і адстаюць ад аршанцаў на ачко. Пасля выезду ў Гродна наша каманда на сваёй пляцоўцы 8 лютага прыме «Бумпрам».

Уладзімір Шык



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.