Соцпроект «Создаем историю вместе»: Николай и Александр Зазулины в гостях у учащихся СШ №4

Общество

І вершы былі, і ўспаміны

З мая 2017 года ў  пастаўскай СШ №4 дзейнічае сацыяльны праект «Ствараем гісторыю разам». Яго аўтар і кіраўнік Наталія Федаровіч пры падтрымцы адміністрацыі школы арганізуе шэраг мерапрыемстваў. Такім чынам дзеці вывучаюць гісторыю Пастаў, мікрараёна 5-га гарадка і сваёй роднай навучальнай установы.

У рамках праекта адбыліся сустрэчы з цікавымі людзьмі нашага горада. У госці да вучняў прыхо­дзілі кіраўнік раённага маладзёжнага ваенна-спартыўнага клуба «Азімут» Сяргей Сядых, ветэран 32-й ракетнай дывізіі Уладзімір Маркаў. 16 студзеня ў школу былі запрошаны 84-гадовы Мікалай Зазулін і яго сын Аляксандр.

Мікалай Ціханавіч Зазулін

Мікалай Ціханавіч нарадзіўся ў Варонежскай вобласці, цяпер жыве ў Санкт-Пецярбургу. У наш горад — у госці да сына — прыяз­джае прыблізна раз у год. Гісторыя яго жыцця вельмі зацікавіла Наталію Федаровіч, таму яна і прапанавала арганізаваць творчую сустрэчу. Яе ўдзельнікамі таксама сталі вучні 9 «А» і 10-га патрыятычнага класа.

— У 14 гадоў мой бацька зрабіў першыя крокі ў свет паэзіі, — расказваў у пачатку мерапрыемства Аляксандр Зазулін, якога ў нашым горадзе ведаюць як атамана Пастаўскага казацкага аддзела. — Уявіце: сачыненні ў школе ён пісаў толькі ў вершаванай форме! На сёння ў яго творчым багажы каля тысячы вершаў (каля паўсотні з іх сам жа паклаў на музыку), некалькі паэм, філасофская аповесць. Свет убачылі тры зборнікі. Пры гэтым асноўная прафесія таты — рэзчык па камені. Жывучы і працуючы ў горадзе на Няве, ён удзельнічаў у рэстаўрацыйных работах такіх аб’ектаў, як Казанскі і Ісаакіеўскі саборы, помнік «Тысячагоддзе Расіі» ў Вялікім Ноўгарадзе і шматлікіх іншых.

У чацвёртай школе Мікалай Ціханавіч не толькі чытаў (на па­мяць!) свае вершы, але і ўспамінаў пра падзеі Вялікай Айчыннай. Калі пачалася вайна, яму было 6 гадоў. Двойчы ад гібелі яго выратавала выпадковасць.

— Адна справа чытаць пра жахі ваенных гадоў у кнігах, зусім іншая — слухаць аповеды жывых сведкаў тых падзей, — адзначыла Наталія Федаровіч. — Упэўненая: такія сустрэчы ў плане патрыятычнага выхавання моладзі вельмі карысныя. Важна, каб у юнакоў і дзяўчат у жыцці было як мага больш сустрэч з мэтанакіраванымі, працавітымі, таленавітымі і творчымі людзьмі, якія б натхнялі на ўласныя дасягненні.

Напрыканцы сустрэчы старшыня раённага савета ветэранаў Ганна Літвіновіч уручыла Мікалаю Зазуліну фотаальбом «Паставы». Цяпер вяртацца ў думках у наш горад ён будзе яшчэ часцей.

Іна Сняжкова. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.