Своими корнями крепкая семья Вероники и Дмитрия Либоза из Новоселок

Общество

Так супала, што іх бацькі ў былы калгас імя Суворава прыехалі практычна адначасова. І жыллё атрымалі праз дарогу адно ад аднаго. Дзеці хадзілі ў адзін садок, потым у школу — і здружыліся. Дарослыя нярэдка жартавалі, што ў будучым могуць парадніцца.

Каханне паміж Дзімам і Веранікай успыхнула ў школе. Яго выпрабоўвалі службай Дзімы ў арміі, вучобай Веранікі ў тэхнікуме. Урэшце згулялі вяселле. І засталіся жыць у Навасёлках: спачатку з бацькамі, потым кіраўніцтва гаспадаркі выдзеліла маладой сям’і кватэру. Нарадзіліся тры дачушкі. У мнагадзетнай сям’і з’явілася магчымасць пабудаваць жыллё ў райцэнтры. Але яны выкарысталі дапамогу дзяржавы на пакупку і абуладкаванне паловы дома ў Навасёлках.

Вераніка працуе інспектарам аддзела кадраў ААТ «Навасёлкі-Лучай», Дзмітрый — начальнік навасёлкаўскага вытворчага аддзялення. Іх старэйшая дачушка Дзіяна сёлета паступіла ў Беларускі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт і набывае прафесію інжынера-эколага-менеджара. У 2020-м апошні школьны званок празвініць для Марыі. Злата вучыцца ў 5 класе.

— Дзяўчынкі дружныя паміж сабой, дарэчы, як і ўся наша радня, — расказвала Вераніка Лібоза. — У мяне два браты: адзін жыве ў Слуцку, другі — у Паставах. Яны выхоўваюць 2 і 4 дзетак. Дзімаў брат у Навасёлках. Мы вельмі любім, калі да нас прыходзяць госці. Часта збіраемся разам у  маіх бацькоў або ў Дзімавай мамы. І не толькі ў святы, але і каб дапамагчы ім па гаспадарцы. Хвалюемся за кожнага. Гэта так класна, калі ёсць шмат дарагіх людзей, якія падтрымаюць у цяжкую хвіліну, шчыра раздзеляць радасць. У нас няма падзелу на маю  радню і Дзімаву. Мы — адзіныя.

— Я служыў у арміі, калі памёр мой тата, — гаварыў Дзмітрый Лібоза. — І бацька Веранікі замяніў мне роднага. Гілярый Часлававіч — выдатны каваль, ды і наогул майстравы чалавек, умее ўсё рабіць сваімі рукамі. Я многаму ў яго вучуся. Ён нам так шмат дапамагае!

Маладыя Лібозы працягваюць абуладкаванне прыдамавой тэрыторыі. Сёлета дабудавалі лазню, нямала задум па дызайне клумбаў.

— І мы, і нашы дзеці вельмі любім Навасёлкі! — дзяліліся мае суразмоўцы. — Нас задавальняе работа, умовы пражывання. Тут  выдатная школа. У Дзіяніным класе было 7 выпускнікоў, 6 з іх паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Гэта сведчыць пра глыбокія веды, якія даюць мясцовыя настаўнікі. Класны кіраўнік Янія Яўгеньеўна Анкудовіч для вучняў — сапраўдная класная мама. У вялікіх гарадскіх школах дзіця наўрад ці будзе так атулена любоўю. А як цікава дачушкам у музычнай школе! Яе дырэктар Алена Міхайлаўна Салавей — надзвычай творчая і таленавітая асоба, арганізуе розныя мерапрыемствы, прыцягвае да ўдзелу не толькі дзяцей, але і іх бацькоў. І мы былі артыстамі не раз — спявалі і танцавалі.

Дзмітрый вельмі цёпла гаварыў пра Вераніку, сцвярджаў, што яна найлепшая, самая чулая і шчырая. А Вераніка расказвала, які на­дзейны ў яе муж, адказны бацька,  клапатлівы сын у маці. У доме пануюць каханне і павага, таму і падмурак сям’і моцны.

Анна Анішкевіч 
Фота з сямейнага архіва



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.