Театрализованная концертная программа «Рождественская фантазия» прошла в концертном зале ДШИ им.А.Тизенгауза

Культура

На хвалі каляднай фантазіі апынуліся тыя, хто на каталіцкае Раство прыйшоў на тэатралізаванае прадстаўленне ў канцэртную залу па вуліцы Чырвонаармейскай.

Атмасфера творчасці панавала ўжо ў фае ўстановы: тут размясціліся дзве выставы і вялікая навагодняя фотазона. Над стварэннем выставы-кірмашу «Калядны сувенір» пашчыравалі ўмельцы з майстэрні Дзеда Мароза, якая дзейнічае ў Доме рамёстваў «Стары млын». Набыць на ёй альбо выйграць у бяспройгрышнай латарэі можна было тэматычную сувенірную прадукцыю, а таксама атрымаць адно са святочных віншаванняў, якія ўпрыгожвалі Ёлку жаданняў. Выпраменьвала цяпло і выстава работ Пастаўскай ДШМ імя А. Ромера навагодняй і каляднай тэматыкі. Заварожвала ўсё: чараўніцтва, якое адчувалася ў кожным малюнку, зімовыя забавы дзяцей і дарослых, да якіх так і хацелася далучыцца.

Галоўная ж дзея адбылася ў глядзельнай зале, дзе пад незмаўкальныя апладысменты прайшла прэм’ера тэатралізаванай канцэртнай праграмы «Калядная фантазія», падрыхтаваная вакальнай студыяй «Славія» ЦКіНТ раёна. Завязка сюжэта пачалася з таго, што дырэктар агенцтва па вырашэнні праблем «Фантазія» (Лізавета Тамашэвіч) атрымала незвычайны заказ ад Студзіні Лютаўны Снежань, ці, прасцей кажучы, Зімы (Яўгенія Бяляўцава) арганізаваць для лясных жыхароў яркае шоу. А яшчэ знайсці яе любімага Снегавіка (Дзяніс Дзяменцьеў), які адлучыўся на пошту, каб атрымаць пасылку з ёлачнымі цацкамі, і кудысьці знік. Дарэчы, ініцыяратарам святкавання Каляд у новым фармаце выступіла пляменніца Зімы — Мяцеліца (Лада Аляксеева) — дзяўчына маладая і сучасная. Яна і заказала ў інтэрнэт-магазіне ўпрыгажэнне для навагодняга дрэва.

Ажыццявіць незвычайную аперацыю ў кароткі тэрмін начальніца даручыла стажорам «Фантазіі» (Паліна Балаш, Святлана Грэська і Дар’я Дрозд), паабяцаўшы зрабіць іх спецагентамі, калі тыя з усім справяцца. Ад дзяўчат патрабавалася распрацаваць сцэнарый свята, знайсці зоркавых выканаўцаў і харэографаў, праду­маць спецэфекты. Сваю дапамогу ў арганізацыі феерычнага мерапрыемства прапанавала Мадам Шапакляк (Людміла Чатовіч). Як па мне, дык менавіта гэта шкодніца стала іскрынкай каляднай пастаноўкі, выдатна ўжыўшыся ў ролю. Адным са шматлікіх яе свавольстваў стала «пастаноўка» танца Бабкі Ёжкі і Кашчэя Бессмяротнага ў акружэнні шустрых жаб. Іх скокі чамусьці напужалі стажорак, але ўсім астатнім прыйшліся даспадобы. Запальны танец выканалі навучэнцы харэаграфічнага аддзялення Пастаўскай ДШМ імя А. Тызенгаўза (выкладчык — Наталля Сіўко). Як высветлілася пазней, не такая ўжо і благая была тая Шапакляк, насамрэч старая хацела, каб стажоры і астатнія героі ўсвядомілі, што ніколі не трэба перакладваць свае абавязкі на іншых, а рабіць усё самастойна.

Казачныя прыгоды на святочна ўбранай сцэне доўжыліся 2 га­дзіны. Увесь гэты час іх арганічна дапаўнялі песенныя нумары ў выкананні герояў пастаноўкі, а таксама гуртоў «Бусинки», «Девчата», «Классная компания» і «Веснушки», трыа «Фантазия», Дзіяны Дзяменцьевай і непараўнальнай (ацэнка гледачоў) Кацярыны Жук.

Вераніка Філановіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.