Теплый январь преподнес немало сюрпризов: распускаются цветы, возвращаются птицы

Экология

Сакавік у студзені

Апошнія гады ў нашых шыротах усталявалася анамальна цёплае надвор’е. Восенню замест пранізлівага ветру і зацяжнога дажджу, нібы летам, прыпякае сонца. І ўжо нікога не ­здзівіш тым, што ў кастрычніку паўторна цвітуць пладовыя дрэвы і кветкі. Сёлетняй зімой, у снежні, у Беларусі прачнуліся і забуялі дзьмухаўцы, падснежнікі, вербы, бэз, магноліі.

Не перастае дзівачыць і студзень. Замест снежных завей і траскучых маразоў тэрмометр паказвае плюсавую тэмпературу. Распускаюцца кветкі. У адной маёй калегі на агародзе, а ў другой — на лецішчы красуюцца маргарыткі. Апошняя на сваім участку назірае яшчэ і тое, як набрынялі пупышкі на кусце парэчак, як цягнуцца да сонца зялёныя сцяблінкі мышынага гіяцынту. На поўдні краіны і ў Віцебску абудзіліся ад сну прымулы. Яны ж распусціліся і ў пастаўчанкі Рамуальды Штуры. У Белавежскай пушчы працягваюць расці грыбы вешанкі. Гэта на экватары каляндарнай зімы! І спіс анамальных з’яў з кожным днём павялічваецца. Атрымліваецца, што казка «Дванаццаць месяцаў» Самуіла Маршака (тая самая, што пра падснежнікі зімой) перастала быць казкай. Ну і як цяпер патлумачыць дзецям, што злая мачаха, адпраўляючы ў лес па кветкі падчарыцу зімой, не мела рацыі?


За апошнія 30 гадоў сярэднегадавая тэмпература ў Беларусі вырасла на 1,3 градуса.


Як сцвярджаюць сіноптыкі, надвор’е, якое ўсталявалася ў нашай краіне ў сярэ­дзіне студзеня, адпавядае сакавіку. У сацыяльных сетках жартуюць, што птушкі дарэмна адляцелі зімаваць на поўдзень. І тут нельга не пагадзіцца, бо сама кожны дзень назіраю, як гусі ў адным з двароў побач з рэдакцыяй ласуюцца зялёнай травой. Пасвяцца на лузе і каровы.

Дык ці праўда, што месяцы ідуць сваім парадкам і ніколі не сустракаюцца? Асабіста я ўжо сумняваюся.

А калі сур’ёзна, то ўсё гэта адбываецца з-за таго, што наша планета награваецца. Паводле даных ААН, яе тэмпература на 1,1°C вышэй, чым у пачатку прамысловай рэвалюцыі, наступствы якой і лічацца прычынай глабальнага пацяплення. Калі гэта тэндэнцыя працягнецца, то сярэдняя тэмпература да канца стагоддзя можа павысіцца яшчэ на 3,4—3,9 градуса, што, зразумела, негатыўна адаб’ецца на экалагічнай сітуацыі.

 

Вераніка Філановіч
Фота Людмілы Зелянкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.