Традиции и обряды. Как праздновали Рождество на Поставщине раньше и сейчас?

Культура

Каляды ўчора і сёння

Каляды — вялікае зімовае народнае свята дахрысціянскага паходжання. Яно распачынала новы каляндарны цыкл 22 снежня — у дзень зімовага сонцастаяння. У гэты час нашы продкі ладзілі зімовыя забавы, вечарыны. Паводле народных уяўленняў, часова аб’ядноўваліся «той і гэты свет». Таму гулянні суправаджаліся пераапрананнямі і варожбамі (магіяй пачатку), учыняліся розныя рытуалы.

Вядома, што ў в. Масленікі хадзілі «калядоўнікі», у Кураполлі — «хрыстаславы», са святочнымі песнямі і віншаваннямі, міні-відовішчамі. Па словах сведкаў, раней па Калядзе хадзілі ў асноўным хлопцы, «надзеўшыся ў цыганоў». Павадыр вадзіў «мядз­ведзя», «казу» як старажытныя сімвалы дабрабыту і пладароднасці, чаго і жадалі гаспадарам. У 30-я гг. ХХ ст. каталікі спявалі польскія калядкі «Сярод начной цішы», «Цяпер у Бэтлееме», праваслаўныя — «Небо и земля ныне торжествуют», пазней — «Саду, мой саду, Каляда!». А. М. Казакевіч з в. Цешалава ўспамінала песню на беларускай мове «Ай, Калядачкі, прыбліжыцеся!», а таксама як танцавалі каля касцёла і як з Пастаў і навакольных вёсак збіраліся пераапранутыя хлопцы.

Фота з архіва ЦКіНТ

М. Я. Лапін з в. Ярэва памятае з юнацтва, як хадзілі па Калядзе «Стары год» і «Новы год». «Стары» на развітанне прасіў што-небудзь пакласці ў торбу, а «Новы» абяцаў, што калі будзеш шчодрым, то і год выдасца ўрадлівым. Потым у хату гуртом захо­дзіла моладзь і спявала песні на заказ. У гурце калядоўшчыкаў абавязкова прысутнічалі «каза», а таксама «дзед» альбо «цыган» з «мядзведзем» ці «канём», «механоша» (насіў мех, у які складаў пачастункі, што давалі гаспадары) і «звяздар» (з васьміканцовай зоркай у руках — як сімвал Віфлеемскай). Традыцыйна «цыганка» варажыла гаспадарам, а «каза», валілася на падлогу, каб яе, «знямоглую», падсілкавалі.

Фота Сяргея Вшыўкава

Абрад калядавання на Пастаў­шчыне актуальны і сёння. Культработнікі ўводзяць у калядны гурт і іншых персанажаў. У Варапаеве, напрыклад, прысутнічаюць смешна апранутыя «мужык з жонкай», «дохтар з тэрмометрам», а ў в. Парыж — Дзед Мароз са Снягуркай.

 Продкі пакінулі нам у спадчыну і калядныя варожбы. Ва ўсе часы людзям было цікава зазірнуць у будучыню. Распаўсюджаная на Пастаўшчыне варажба з воскам, калі дзяўчаты ліюць растоплены воск у міску з халоднай вадой. Затым выбіраюць з вады і трыма­юць перад запаленай свечкай, выклікаючы цень. Па ім тлумачаць тое, што ўбачылі. Таксама ставяць пад ложак міску з вадой, наеўшыся салёных клёцак (суджаны падасць вады напіцца), кідаюць абутак праз плячо (куды насок чаравіка будзе скіраваны — адтуль і прыедуць сваты), абдымаюць плот (у пару будзеш ці не?) і інш.

Людміла Чатовіч, метадыст ЦКіНТ раёна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.