Трудовой стаж главного специалиста отдела корпоративного бизнеса ЦБУ №217 ОАО «Белагропромбанк» Инны Пинчук составляет 36 лет

Общество

Настаўнік для моладзі, прыклад для сына

Гледзячы на маладжавага, усмешлівага галоўнага спецыяліста аддзела карпаратыўнага бізнесу Цэнтра банкаўскіх паслуг №217 у г. Паставы ААТ «Белаграпрамбанк» Іну Пінчук, цяжка паверыць у тое, што яе працоўны стаж складае ажно 36 гадоў.

— І ўсе яны праляцелі ў банку, — зазначае жанчына. — На работу, тады яшчэ ў Дзяржбанк, я прыйшла 18-гадовай дзяўчынай пасля няўдалай спробы паступіць у інстытут народнай гаспадаркі ў Мінску. Чаму выбрала гэту арганізацыю? Тут працавала мая цётка Ганна Крыштафовіч, да якой часта прыбягала пасля ўрокаў у школе. Назірала за яе работай і марыла стаць банкірам.

Сваю працоўную дзейнасць Іна Веніямінаўна пачынала аператарам машыннага бюро, паступіўшы на завочнае аддзяленне Рыжскага ўлікова-крэдытнага тэхнікума. Набірала плацёжкі, апрацоўвала дакументацыю — тады ў банку замест камп’ютараў стаялі механічныя вылічальныя машыны «Аскота». Праз некалькі гадоў перавялі ў бухгалтэрыю. Калі ў Паставах адкрылася аддзяленне Белаграпрамбанка, перайшла туды ва ўлікова-аперацыйны аддзел. Затым працавала на ўкладных аперацыях у аддзеле рознічных паслуг, у бухгалтэрыі аддзела разлікаў. Работу сумяшчала з вучобай у Міжнародным універсітэце «МИТСО». З 2007 года займаецца крэдытаваннем юрыдычных асоб — выдае дзяржаўныя пазыкі прадпрыемствам раёна. Таксама ажыццяўляе разлікова-касавае абслугоўванне індывідуальных прадпрымальнікаў.

За Інай Пінчук як за адным з самых вопытных спецыялістаў замацаваны такія буйныя прадпрыемствы, як ААТ «Пастаўскі малочны завод», «Пастаўскі льнозавод», «Хацілы-агра». Пры яе ўдзеле ў адкрытым акцыянерным таварыстве ўзводзіліся два 12-кватэрныя жылыя дамы ў Хацілах, будуецца малочнатаварны комплекс у Волахах. Малаказавод рэгулярна афармляе з яе дапамогай крэдыты на бягучую дзей­насць — для разлікаў з сельгаспрадпрыемствамі за малако, на іншыя патрэбы. Іне Веніямінаўне даводзіцца працаваць і з пратэрмінаванай запазычанасцю, праблемнымі крэдытамі, як у льнозавода. Акрамя таго, штомесяц рыхтуе вялікую колькасць розных справаздач. Адным словам, работы хапае, амаль штодня заседжваецца ў банку да 18-19 гадзін. Але пра тое, каб змяніць месца працы, нават думкі ніколі не ўзнікала.

— Я вырасла ў банку, за столькі гадоў прыкіпела да яго душой, — кажа яна. — У нас добры калектыў, кіраўніцтва, якое стаіць гарой за падначаленых. З удзячнасцю ўспамінаю былых кіраўнікоў Валянціну Нецвятай, Данату Яловік, галоўнага бухгалтара Ніну Сідаровіч, іншых калег, якія зараз на заслужаным адпачынку. Да іх можна было звярнуцца па любым пытанні, яны вучылі і дапамагалі ў рабоце.

Цяпер ужо Іна Пінчук з’яўляецца настаўнікам для моладзі, што прыходзіць на работу ў Белаграпрамбанк. А яшчэ сваім прыкладам яна паўплывала на прафесійны выбар сына, які таксама абраў банкаўскую справу.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.