В Доме ремесел «Стары млын» открылись две выставки работ народных мастеров Поставщины

Культура

Паглядзець і павучыцца

У першыя дні новага года ў Доме рамёстваў «Стары млын» пачалі працаваць дзве выставы работ народных майстроў Пастаўшчыны.

У вялікай зале «млына» размясцілася выстава выцінанкі «Ажурныя мары» дырэктара ўстановы культуры Таццяны Петух. Аўтар прадставіла каля 35 сваіх старых і новых работ, сярод якіх ёсць і конкурсныя. Мінулым летам Таццяна Мікалаеўна заняла другое месца на «Славянскім базары ў Віцебску» ў намінацыі «Сюжэтная выразка», таму 2019 год вырашыла завяршыць справаздачнай выставай менавіта ў гэтай тэхніцы.

— Выцінанкай — так называецца выразанне розных сюжэтных кампазіцый з паперы — я займаюся з 1998 года, — расказвала яна. — Тады ж пачала ўдзельнічаць у конкурсах, потым стала членам саюза майстроў па выцінанцы. Раней гэты від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва шырока выкарыстоўваўся ў быце: многія гаспадыні рабілі ажурныя фіранкі на вокны, выразалі набіваныя малюнкі, якія імітавалі шпалеры, і наклейвалі іх на пабеленыя сцены ў доме, часам упрыгожвалі печ. Сёння выцінанка не менш папулярная: яе ствараюць да навагодніх свят, выкарыстоўваюць у афармленні кніг, сцэны «Славянскага базару ў Віцебску», прысутнічае на брэндавай прадукцыі (сувенірах, рэкламных плакатах, банерах, расцяжках), выпушчанай да ІІ Еўрапейскіх гульняў у Мінску.

Што да згаданай выставы, то на ёй адлюстраваны пераважна народныя святы і абрады: Каляды, Вялікдзень, Благавешчанне, гуканне вясны, Купалле, жніво. Некалькі работ прысвечаны Дню Перамогі і архітэктурным помнікам Пастаўшчыны. Сюжэты ўсіх кампазіцый аўтар распрацавала сама.

Малая зала Дома рамёстваў аддадзена пад выставу народнага клуба «Майстры». Тут можна ўбачыць работы Алы Жук, Галіны Калдышкінай, Крысціны Брэскай, Леанарды Івановай, Алены Чарэнкі, Анжалікі Рагуты, Галіны Дзевятоўскай, Таццяны Сабецкай і іншых аўтараў.Выкананыя яны ў розных тэхніках: абрэзкавага шыцця, валення з воўны, вышывання крыжыкам, бісерам і стужкамі, вязання пруткамі і кручком, пляцення з папяровай лазы, лялькі, цацкі… Асаблівасць выставы ў тым, што ўсё прадстаўленае на ёй можна купіць або заказаць у майстроў нешта падобнае. Дарэчы, яны будуць праводзіць для наведвальнікаў майстар-класы па сваіх напрамках творчасці. Такія заняткі бясплатныя, трэба толькі купіць уваходны білет на выставу, які каштуе ўсяго 60 капеек.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.