В ДШИ им. А. Ромера открывается экспериментальная студия выходного дня «Акварелька»

Образование

Чакае «Акварэлька»

2020 год для Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Ромера — юбілейны: у кастрычніку ёй споўніцца 40. Напярэдадні святочнай даты навучальная ўстанова вырашыла зрабіць падарунак творча адораным дзеткам і ў якасці эксперыменту адкрывае студыю выхаднога дня «Акварэлька».

Наведваць яе змогуць хлопчыкі і дзяўчынкі ва ўзросце 6—8 гадоў. Зай­мацца яны будуць па суботах з 10 да 12 гадзін па спецыяльнай гульнёвай праграме (апрабавана аб’яднаннем «Маладзік», г. Віцебск), накіраванай на развіццё творчага патэнцыялу дзіцяці ў галіне выяўленчага мастацтва. Ідэя стварэння студыі наспявала даўно.

— Вучэбная праграма ў школе разлічана на 5 гадоў, — расказвала дырэктар ДШМ Жанна Курдо. — Акрамя гэтага, у нас дзейнічае падрыхтоўчая група для нашых будучых навучэнцаў, а таксама прафгрупа, у якой займаюцца тыя, хто пры паступленні ў сярэднія і вышэйшыя навучальныя ўстановы будзе здаваць дысцыпліну «Малюнак». Падрыхтоўка абітурыентаў вядзецца па індывідуальнай праграме. Жадаючых вучыцца ў школе заўсёды многа, а гэты навучальны год і ўвогуле пабіў усе рэкорды. І нас, выкладчыкаў, вельмі радуе, што бацькі разумеюць, які ўзровень падрыхтоўкі ў нашай установе, і стараюцца, каб дзеці сюды паступілі. Мы заўсёды імкнёмся развівацца, адпавядаць сучасным патрабаванням. Вось і зараз, улічваючы зацікаўленасць пастаўчан у якаснай мастацкай адукацыі акадэмічнага напрамку, вырашылі набраць групу маленькіх дзяцей. Калі праект «выстраліць», то ў наступным навучальным го­дзе такіх груп будзе дзве.

Патлумачыць папулярнасць школы мастацтваў не складана: тут не толькі вучаць маляваць, але і прывіваюць дзецям мастацкі густ, выхоўваючы іх на каштоўнасцях сусветнай культуры, развіваюць асобу. Хто хоць аднойчы пераступаў парог установы, ведае, што ў ёй пануе творчая атмасфера. Яе вучні прымаюць удзел у розных абласных і рэспубліканскіх конкурсах. Напрыклад, летась «художка» ўдзельнічала ў рэспубліканскай выставе мастацкіх твораў навучэнцаў ДШМ Беларусі ў рамках Міжнароднага тыдня мастацкай адукацыі UNESCO пры дапамозе прэзідэнцкага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі. Пастаўскую школу прадстаўлялі Лізавета Варанько, Ганна Тумаш і Мікіта Шурко. Іх работы ўвайшлі ў каталог, а самі дзеці адзначаны дыпломамі. Малюнкі юных мастакоў дэманструюцца на выставах, што арганізуюцца ў шэрагу працоўных калектываў горада, агульнаадукацыйных школах, на раённых святах. А хто не бачыў малюнкаў вучняў ДШМ на асфальце падчас святкавання Дня Перамогі і Дня Незалежнасці нашай краіны? Гэтакімі ж традыцыйнымі для іх з’яўляюцца і пленэры. Падчас замалёвак на свежым паветры вучні і настаўнікі адлюстроўваюць усе запаветныя куточкі нашага горада. У мінулым годзе ў рамках акцыі «Мая маленькая радзіма», прымеркаванай да 610-годдзя Пастаў, па матывах пленэрных работ вучні мастацкай школы выканалі графічныя работы. Найлепшыя з іх увайшлі ў альбом «Мой любы горад».

Сёння ў Пастаўскай дзіцячай школе мастацтваў займаюцца 157 вучняў, сваімі ведамі з імі дзеляцца 8 настаўнікаў. Навучанне накіравана на развіццё творчых здольнасцей навучэнцаў, паглыбленае вывучэнне станковага мастацтва (графікі, жывапісу) і іншых відаў выяўленчага мастацтва. За 40 гадоў работы школа выпусціла 559 вучняў, многія з якіх выбралі мастацтва сваёй прафесіяй.



Калі ваш сын ці дачка любяць маляваць і мараць прыадчыніць дзверы ў свет мастацтва, звяртайцеся па адрасе: г. Паставы, вул. Кароткая, 2; тэл.: 4-15-40, 8(029)517-74-22. Набор у студыю «Акварэлька» ажыццяўляецца ўвесь студзень.



Вераніка Філановіч
Фота з архіва Ганны Дрэлінскай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.