В минувшую пятницу открыли памятник известному политическому и общественному деятелю ВКЛ, просветителю, реформатору, меценату Антонию Тизенгаузу

Главное Общество

Вярнуўся ў свае ўладанні

У мінулую пятніцу ў райцэнтры адбылося ўрачыстае адкрыццё помніка вядомаму палітычнаму і грамадскаму дзеячу Вялікага Княства Літоўскага, асветніку, рэфарматару, мецэнату Антонію Тызенгаўзу.

Помнік устаноўлены на тэрыторыі цэнтральнай раённай бальніцы, каля радавога палаца былога ўладальніка Пастаў.

— Антоній Тызенгаўз з маладых гадоў займаў розныя дзяржаўныя пасады, даросшы да вялікага падскарбія літоўскага, — гаварыў на адкрыцці помніка намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў. — Ён меў шматлікія ўладанні ў Вільні і Гродне, а ў сярэдзіне XVIII стагоддзя набыў маёнтак у Паставах — маленькім глухім мястэчку, якое з часам ператварыў у прыгожы гарадок.

Пры Антонію Тызенгаўзу распачалося буйнамаштабнае будаўніцтва. Яно вялося пад кіраўніцтвам італьянскага архітэктара Джузэпэ дэ Сака. У цэнтры горада былі ўзведзены адкрыты рынак, разнастайныя па сваіх функцыях будынкі ў барочным стылі, якія стварылі адзіны архітэктурны ансамбль. Дзякуючы яго непаўторнасці Паставы сталі адным з найпрыгажэйшых  гарадоў на ўсходніх абсягах Рэчы Паспалітай. На ўскрайку горада быў узведзены палац. У ім працавала адзіная ў Рэчы Паспалітай балетная школа. Вядома, што яе выпускнікі выступалі нават у Варшаве і Парыжы.

Пры А. Тызенгаўзу актыўна развіваецца прамысловасць: працуюць цагляны завод, папяровая фабрыка, фабрыка па вырабе паясоў, ткацкія майстэрні, ветраны і вадзяны млыны, мануфактура па апрацоўцы скур.

Удзячныя нашчадкі прынялі рашэнне ў юбі­лейны для роднага горада год устана­віць гэтаму неардынарнаму, высокаадукаванаму, нераўнадушнаму чалавеку, выдатнай асобе помнік.

Заяўку на ўдзел у конкурсе эскізаў падалі 8 скульптараў. Камісія аддала перавагу праекту дацэнта кафедры скульптуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, вядомага беларускага скульптара Аляксандра Фінскага. У пачатку снежня помнік (яго вага больш за 600 кілаграмаў) заняў сваё пачэснае месца ля палаца Тызенгаўзаў.

На ўрачыстым адкрыцці прысутнічалі аўтар помніка Аляксандр Фінскі, доктар архітэктуры, прафесар, дэкан архітэктурнага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Армэн Сардараў, нашы землякі: старшыня грамадскай арганізацыі «Беларускі фонд культуры» Тадэуш Стружэцкі, дактары біялагічных і тэхнічных навук, члены-карэспандэнты Нацыянальнай акадэміі навук Андрэй Майсяёнак і Зянон Лоўкіс, госці з Рокішскага самакіравання Літвы.

— Сёння Паставы — цэнтр беларускай культуры, — гаварыў Армэн Сардараў. — Ён ім стаў дзякуючы намаганням нераўнадушных людзей, іх любові да роднага краю, якія прадаўжаюць ідэі Антонія Тызенгаўза. Адкрыццё помніка — гэта вялікая гістарычная падзея.

Удзячнасць раённай ула­дзе, кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый, пастаўчанам, якія ўнеслі свой уклад у агульную справу па ўстанаўленні помніка, выказаў Тадэуш Стружэцкі.

Затым вялікай групе пас­таўчан і гасцей, якія шмат зрабілі для развіцця Пастаўшчыны, і ў сувязі з 610-годдзем горада, былі ўручаны памятныя знакі.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара

Видео: Наталья Налей 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.