В первый день Нового года отметила свой 94-й день рождения Любовь Гутор

Личности

Таму і трымаюся

1 студзеня жыхарка райцэнтра Любоў Усцінаўна Гутар не толькі сустрэла Новы год, але і ўступіла ў 94-ы год свайго жыцця. Двайное свята раздзялілі з імянінніцай яе пляменніца, унук з сям’ёй. Былі і ўпрыгожаная ёлачка, і падарункі, і найлепшыя пажаданні. Шмат чаго ўспаміналася.

За яе плячыма доўгае і нялёгкае, як і ва ўсіх з таго пакалення, жыццё. Самыя цяжкія гады — ваеннае ліхалецце. Пра што мне найбольш і расказвала жанчына, калі я наведалася да яе пасля свята.

— Мы жылі ў вёсцы Гутары, — успамінала Любоў Усцінаўна. — Мне ішоў 15-ы год. Мама купіла адрэз прыгожай тканіны, і мы з ёй пайшлі ў суседнюю вёску Логавінцы да швачкі, каб пашыць мне сукенку. Там і пачулі, што пачалася вайна. Стала не да абновы…

Восенню 1943-га Любу разам з іншымі вяскоўцамі прымусова вывезлі ў Германію. Вязняў забіралі да сябе на работу нямецкія гаспадары. Найперш — дарослых і фізічна моцных. А каму патрэбная была яна, маленькая ростам, худая дзяўчынка? Забралі, калі ўжо не было з каго выбіраць. Вырошчвалі ў полі бручку. Палолі, рыхлілі глебу, потым збіралі вырашчаны ўраджай і грузілі яго ў скрынкі. Баландой, прыгатаванай з гэтай бручкі, іх і кармілі, ды яшчэ давалі па дзве звараныя ў мундзірах бульбіны.

— Ад такой ежы і цяжкай працы я захварэла на востры гастрыт, — працягвала ўспаміны мая суразмоўца. — Лячылася ў санчасці, якая размяшчалася ў тым жа бараку, дзе мы і жылі. — Невядома, чым бы ўсё скончылася, калі б мяне не стаў тайком падкормліваць стары немец. Ён працаваў майстрам на заводзе па вырабе жалезных ланцугоў і, калі я паправілася, забраў мяне на завод. І хаця праца там была вельмі цяжкай, я пастаянна адчувала яго апеку. Ён жа першым паведаміў пра капітуляцыю Германіі. «Люба, вайне — капут і дзеду — капут!» — казаў. А я, вельмі ўзрадаваная , пратэставала: «Не, дзеду не капут. Ты добры. Толькі вайне — капут!» Той дзед і сапраўды быў добрым, шкадаваў нявольнікаў. Да скону буду яго памятаць.

Восенню 1945-га Люба вярнулася з Нямеччыны дадому. Дарога была доўгай і цяжкай, але радаснай, бо вяла на радзіму. Але ў роднай вёсцы пасля фашысцкай акупацыі панавала бедната. І дзяўчына па пратэкцыі роднага дзядзькі ўладкавалася афіцыянткай у сталовую для ваеннаслужачых. «Добрае месца. Там, напэўна, і выбар жаніхоў быў вялікі», — заўважаю паўжартам. А Усцінаўна тлумачыць сур’ёзна: «Выбар то вялікі, але на мне нібыта кляймо стаяла — была вывезена ў Германію. Жаніцца на былых вязнях афіцэрам не дазвалялася. Ні ў камсамол, ні ў партыю нас не прымалі. Вось якая несправядлівасць панавала ў краіне ў тыя гады. Мала таго, што нагараваліся ў фашысцкай няволі, дык яшчэ і без віны вінаватыя аказаліся…»

Былы франтавік старшы лейтэнант Мікалай Груздоў не пабаяўся звязаць свой лёс з Любай. Праўда, яны так і пражылі ўсё жыццё без рэгістрацыі шлюбу. Яна завочна закончыла Полацкі гандлёвы тэхнікум, працавала ў ваенгандлі буфетчыцай, прадаўцом, загадчыцай склада. Агульны працоўны стаж перавысіў чатыры дзесяцігоддзі. Ужо 17 гадоў, як аўдавела, а 10 гадоў таму пахавала адзінага сына. Мае ўнука, які жыве з сям’ёй у Мінску і час ад часу наведваецца да бабулі.

А бабуля з гадамі слабее, і без старонняй дапамогі ёй ужо не абысціся. Пашанцавала, што па суседстве жыве найдабрэйшай душы жанчына — Людміла Захарава.

— Напэўна, не кожная дачка так даглядае маці, як мяне Люда, — расказвала Любоў Усцінаўна. — Яна дае мне другое жыццё. Па некалькі разоў на дзень прыходзіць. Прыбярэ ў пакоях, зварыць есці, купіць лякарствы, летам і ў агародзе ўпраўляецца, ставіць для мяне розныя нарыхтоўкі. Два разы ў месяц разам з яшчэ адным суседам — Анатолем Захарэвічам — возіць мяне ў гарадскую лазню. Вось пад якой я апекай. Таму і трымаюся.

Трымайцеся і далей, Любоў Усцінаўна! Сёлета сустракаем самае кранальнае свята — 75-годдзе Вялікай Перамогі. А яе цану вы ведаеце.

Фаіна Касаткіна. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.