В Поставах появилось католическое общество «Каритас». Интервью с директором Жанной Пупкевич

Духовность

«Карытас» – міласэрнасць

Шмат людзей імкнецца праяўляць асаблівую дабрыню і міласэрнасць у калядныя, навагоднія дні. А дабрачыннае каталіцкае таварыства «Карытас» робіць гэта штодня. Адна з яго арганізацый працуе і ў пастаўскай парафіі Езуса Міласэрнага. Сёння — наша размова з яе дырэктарам  Жаннай Пупкевіч.

— Жанна, як узнік «Карытас» у нашым горадзе?

— У Беларусі гэта дабрачыннае аб’яднанне дзейнічае ўжо 30 гадоў. Прапанова стварыць яго арганізацыю ў нас паступіла ад ксяндза-пробашча Андрэя Бульчака. Мы, парафіяне, яе падтрымалі. Мяне вылучылі дырэктарам. Дазвол на працу атрымалі ў красавіку 2018 года ад дырэктара «Карытаса» віцебскай дыяцэзіі — ксяндза Андрэя Аніскевіча.

У гарах каля Прагі

— У чым заключаецца работа таварыства?

— Мы імкнёмся дапамагаць усім, хто мае ў гэтым патрэбу. Пад пільнай увагай у нас дзеці з мнагадзетных, малазабяспечаных, няпоўных сямей, а таксама ў якіх бацькі — інваліды. Такія сем’і атрымліваюць розную гуманітарную дапамогу, якую збіраюць парафіяне і якая паступае з-за мяжы. А таксама стараемся сагрэць цяплом сваіх сэрцаў як дзяцей, так і адзінокіх пажылых людзей.

Падчас адпачынку ў Польшчы

— Прывядзіце прыклады вашай дзейнасці…

— У адной з кватэр у доме №16 па вуліцы Касманаўтаў, якая пераабсталявана пад клас для заняткаў, працуе «Святліца» імя Святой сястры Фаустыны. Кожную суботу з 11 да 14 гадзін дзеці могуць прыходзіць сюды і бавіць час з Богам. Спачатку ксёндз Андрэй праводзіць заняткі (разам чытаюць урыўкі з дзённіка Святой Фаустыны і разважаюць над імі). Потым ладзім розныя забавы. Таксама выпякаем, гатуем бутэрброды, вяжам, ходзім на прагулкі ў лес, парк. Цікава праходзяць калядныя ранішнікі: рыхтуем да іх касцюмы, водзім карагоды, спяваем, праводзім конкурсы. Дзеці атрымліваюць салодкія падарункі, а тыя, хто вызначыцца найбольш, — яшчэ і заахвочвальныя.

— Хто яшчэ займаецца з наведвальнікамі «Святліцы»?

— Нашы парафіянкі Марына Трушына, Марына Воранава, Святлана Фярковіч. Першыя дзве — педагогі па адукацыі, маюць багаты вопыт работы з дзецьмі. Часам іх могуць замяняць і іншыя.

— Ведаю, што дапамагаеце вучням у падрыхтоўцы дамашніх заданняў.

— Такую паслугу аказваем з верасня мінулага года. У панядзелак, чацвер і пятніцу настаўніцы Данута Сініца, Алена Пашкевіч і Мая Дулінец чакаюць дзяцей у «Святліцы», каб растлумачыць ім цяжкія моманты ў рашэнні задач, выкананні практыкаванняў, праверыць зробленае.

— А падчас летніх канікулаў дзеці з парафіі адпачываюць нават за мяжой?

— Ёсць такая магчымасць. Ужо некалькі гадоў запар вялікая група выязджае ў Гданьск (Польшча). Прымаюць нас добрыя сябры ксяндза Андрэя з гданьскага «Карытаса». Вялікую дапамогу аказваюць чэшскія калегі. Летась у складзе групы дзяцей віцебскай дыяцэзіі, якія 10 дзён правялі ў Празе, былі і 8 юных пастаўчан. Рэгулярна арганізуем экскурсіі па Беларусі. Пабывалі ў Міры і Нясвіжы, Навагрудку, Солах і іншых мясцінах.

— Раскажыце падрабязней пра супрацоўніцтва з чэхамі.

— Кантакты з імі «Карытас» віцебскай дыяцэзіі наладзіў даўно. Мы падаём спісы сямей, якім патрэбна дапамога. Яе аказваюць чэшскія спонсары. Паміж імі і нашымі падапечнымі завязваецца перапіска, два разы ў год (напярэдадні Каляд і Вялікадня) для іх прыхо­дзіць гуманітарная дапамога.

— Пастаўскі «Карытас» таксама фінансуюць чэхі?

— Не толькі яны. У парафіі ёсць спецыяльная скрыня, у якую сваю ахвяру можа пакласці кожны жадаючы. І не толькі грошы. Прымаем і рэчы. Напрыклад, у многіх сем’ях сын ці дачка выраслі, а адзенне, абутак захаваліся ў добрым стане. Бацькі ахвяруюць іх іншым дзецям. Як толькі пачала дзейнічаць наша арганізацыя, парафіяне на працягу паўгода кожную другую нядзелю месяца збіралі грашовыя сродкі для сям’і з Сірыі. Прытым тых людзей не ведалі, а кіраваліся прынцыпам: адда­дзенае вамі вернецца да вас.

— А што прапануе «Карытас» пажылым?

— Адзінокіх пажылых запрашаем на вячоркі. Слухаем багатыя ўспаміны пра мінулае і традыцыі іх сем’яў, нашага краю, мудрыя парады, спяваем песні іх маладосці, жартуем. Час, праведзены ў коле равеснікаў і аднадумцаў, паляпшае ім настрой. Тры гады запар у перыяд Божага Нараджэння для такіх людзей ладзім аплатковую сустрэчу ў раённым Доме культуры. У падрыхтоўцы забаўляльнай праграмы звычайна задзейнічаем нашых актыўных і творчых валанцёраў.

— Жанна, што асабіста для вас значыць работа ў «Карытасе»?

— Удзячная Богу за тое, што на маім шляху так шмат людзей, якія без шкадавання ахвяру­юць іншым свой час, фінансавыя сродкі. А ксяндзу Андрэю Бульчаку — за тое, што натхніў мяне на патрэбную справу і цяпер разам з ксяндзом Андрэем Аніскевічам падтрымліваюць і дапамагаюць. Спраўляцца з абавязкамі няпроста, бо маю асноўную работу, таму дабрачыннасці прысвячаю вечары, выхадныя дні, водпуск. Але, паверце, рабіць дабро — гэта такая радасць для душы!   

Карыстаючыся выпадкам, запрашаю да супрацоўніцтва валанцёраў. А калі часам напаткае безвыходная сітуацыя ў матэрыяльным ці духоўным плане, звяртайцеся ў наш «Карытас». Мой тэлефон 8(029)596-53-00.

Гутарыла Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.