В РДК прошел рождественский утренник для учащихся воскресной школы при храме Святителя Николая Чудотворца

Духовность

Уславілі народжанага Бога

7 студзеня праваслаўныя хрысціяне адзначылі адно з найвялікшых свят — Раство Хрыстова. З гэтай нагоды ў раённым Доме культуры адбыўся калядны ранішнік, падрыхтаваны навучэнцамі і выкладчыкамі нядзельнай школы пры храме Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў г. Паставы.

Ранішнік сабраў не толькі дзяцей, іх родных і блізкіх. Паглядзець каляднае прадстаўленне прыйшлі дзясяткі гараджан, якія наведваюць храм. Таму ў зале, як кажуць, не было дзе яблыку ўпасці.

Лёгкі шум у радах гледачоў, традыцыйныя хваляванне і мітусня за кулісамі раптоўна сціхаюць, і пачынаецца дзея. Пад урачысты звон на сцэну выхо­дзіць хор, які выконвае святочны трапар: «Рождество Твое,  Христе Боже наш…» Затым навучэнцы нядзельнай школы паказваюць невялікае прадстаўленне пра падрыхтоўку да Раства, а пасля робяць экскурс у мінулае, калі больш за два тысячагоддзі назад на начным небе ўзышла Віфлеемская зорка і сваім з’яўленнем абвясціла пра нараджэнне будучага Збавіцеля свету Ісуса Хрыста. Першымі пакланіцца Боганемаўляці адпраўляюцца з падарункамі вешчуны, следам за імі — пастухі…

Паралельна з біблейскімі сю­­жэтамі дзеці разыгрываюць некалькі павучальных сцэнак. Адна з іх апавядае пра дзяўчынку Ніну, якая аддала Цёмнаму Анёлу сваю ра­дасць­ узамен на прыгожае футра, шмат грошай і выдатныя адзнакі ў табелі, але хутка пашкадавала пра зробленае і вярнула ра­дасць, падарыўшы футра і грошы выхаванцам дзіцячага дома. У другой расказваецца пра хлопчыка Колю, за якога змагаюцца Светлы і Цёмны Анёлы: першы вучыць любові, дабру і міласэрнасці, другі спакушае на дрэнныя ўчынкі. У рэшце рэшт перамагае дабро. Яшчэ ў дзвюх пастаноўках ідзе гаворка пра тое, адкуль у хрысціян з’явілася традыцыя ставіць і ўпрыгожваць да Каляд ёлку і дарыць адно аднаму падарункі.

На працягу ўсяго ранішніка гучыць шмат царкоўных і свецкіх песень. Арганічна ўплятаюцца ў агульную канву дзеі і танцы, падрыхтаваныя ўдзельнікамі мастацкай самадзейнасці РДК.

І вось спектакль завершаны. На сцэну паднімаюцца намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў і настаяцель храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў г. Паставы протаіерэй Валерый Пашкевіч, каб падзякаваць юным артыстам за цудоўнае прадстаўленне і павіншаваць усіх прысутных у зале са светлым Раством Хрыстовым.

Выказаўшы шчырую ўдзяч­насць айцу Валерыю за шматгадовае служэнне на Пастаўшчыне, за ўсё, што ён робіць для жыхароў раёна і асабліва для дзяцей і моладзі, Юрый Мікалаевіч уручыў кіраўніку праваслаўнага прыходу памятны знак «610 год гораду Паставы».

Айцец Валерый пажадаў згоды і любові ў сем’ях, шчасця і дабрабыту ў дамах, каб Усявышні падарыў кожнаму прысутнаму вялікую радасць і благаславіў на добрыя ўчынкі. Таксама не прамінуў адзначыць старанне вучняў нядзельнай школы — усе яны атрымалі салодкія навагоднія падарункі.

Кожны з нас павінен задумацца пра сэнс свайго жыцця, пра тое, што будзе заўтра. Гасподзь дае нам магчымасць жыць па яго законе і быць шчаслівымі. А для гэтага трэба знайсці Бога ў сваім сэрцы.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.