В семье Валентины Юрковой из Воропаева живет символ 2020-го года — крыса Сметанка

Важное Общество

Прыгожы, міленькі пацук…

Згодна з усходнім календаром, кожны год мае свайго жывога сімвала. У 2020-м ім будзе Белы Металічны Пацук. Упэўненая, што многія непрыемна зморшчыліся, уявіўшы гэтага грызуна. Але ж ёсць сем’і, якія свядома «выхоўваюць» у сябе дома такіх гадаванцаў.

Напярэдадні Новага года задалася пытаннем: а хто на Пастаўшчыне будзе сустракаць свята ў кампаніі галоўнага сімвала будучага года? Шматлікія апытанні сярод знаёмых адказу на яго не далі. Напісала пост апошняй надзеі ў сацыяльных сетках. Літаральна праз гадзіну атрымала паведамленне ад жыхаркі Варапаева Валянціны Юрковай: «У нашым сямействе ёсць пацук Смятанка!» І побач кароценькае відэа, дзе ён ласуецца малінай.

Што ж, паехалі знаёміцца!

…Заходжу ў прасторны прыватны дом, вітаюся з Валяй і насцярожана аглядаюся па баках. Сустракае мяне… кошка.

— Я, выпадкова, не спазнілася на сустрэчу? Неяк занадта задаволена выглядае ваша мурлыка, — з усмешкай кажу гаспадыні.

— Што вы! — адказала Валянціна. — Як меншая была, дык і па вусах ад пацучка атрымлівала. Аднойчы Анфіса (так завуць кошку — аўт.) скокнула ў бок Смятанкі, дык тая абараняцца пачала. Потым доўга яшчэ не падыхо­дзіла да крыўдзіцелькі. Усё ж жывёльны інстынкт узяў сваё — пачала за пацуком па пятах ха­дзіць. Але варта было яму азірнуцца, як Анфіса спынялася і пачынала разгублена глядзець па баках, не ведаючы, куды дзецца. Праўда, у апошні час пасмялела, і пакідаць гэту пушыстую кампанію без нагляду ўжо небяспечна.

У клетцы заўважаю і галоўную гераіню артыкула. У сям’і Юрковых яна жыве два гады. Валя прывезла яе з Пастаў ужо дарослую: ранейшыя гаспадары пераязджалі жыць у Польшчу, а ўзяць з сабой гадаванца не было магчымасці.

— Пра тое, што дома ў нас будзе жыць пацук, ніхто не ведаў да апошняга, — расказвала гаспадыня. — Хацела зрабіць маленькаму сыну сюрпрыз. Удалося! Як убачыў клетку, пачаў крычаць ад радасці: «Хамячок, хамячок!» А вось у мужа ад гэтага «хамячка» эмоцый было менш. Спачатку папрасіў, каб заўтра ж гэтага «цуда» дома не было, але вечарам пайшоў знаёміцца. Цяпер часам жартую, што наступным нашым гадаванцам стане пітон…

Маладая сям’я настолькі прывыкла да Смятанкі, што жыцця без яе ўжо не ўяўляе. Тым больш што жывёліна яна непераборлівая. Есць усё, што прапануюць, раз на тыдзень спакойна дае сябе памыць.

 «Яна ж такая мілая, прыгожая! Праўда?» — перапытвае Валя. Адважваюся ўзяць пацука ў рукі, хаця яшчэ пару гадзін назад такая думка была для мяне недапушчальнай.

— Гэта ж сапраўдны энерджайзер, — усміхалася мая суразмоўца. — Столькі радасці нам дорыць! Адзін выпадак успомніўся. Сын садзіцца за стол абедаць, а я кажу яму: «Ты ж смятанку ў боршч пакладзі!» Напэўна, больш ніколі ў жыцці Косця не глядзеў на мяне з такім здзіўленнем. «У боршч? Нашу Смятанку? Мама, ты ўпэўненая?» А было і такое, што на ноч дрэнна закрылі клетку, і пацук прабраўся ў спальню… Першыя хвіліны было не да жартаў!

Валянціна Юркова прызналася, што яшчэ з дзяцінства марыць пра рыжую аўчарку. Чаму б не загадаць такое жаданне пад бой курантаў? У год Пацука ў гэтай сям’і любыя мары абавязаны здзяйсняцца!

Іна Сняжкова. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.