В «Ветразе» появилось специальное мобильное приспособление для колясочников

Главное Здравоохранение

Дапамога лішняй не бывае

У сераду АДРАЦ «Ветразь» наведалі намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пенін, начальнік упраўлення аховы здароўя аблвыканкама Юрый Дзеркач, прадстаўнікі дабрачыннага фонду духоўнага адраджэння «Жыццё» з Віцебска, намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў.

Спачатку госці прайшлі па лячэбным корпусе і азнаёміліся з навінкамі медыцынскага абсталявання для лячэння і рэабілітацыі дзяцей з захворваннямі нервовай, сардэчна-сасудзістай сістэм, апорна-рухальнага апарату, органаў дыхання. Актыўна выкарыстоўваюць тут інтэрактыўныя тэхналогіі. Ёсць мультысэнсорная падлога — віртуальная гульнёвая пляцоўка, заняткі на якой спрыяюць інтэлектуальнаму развіццю дзяцей. Асвоены эфектыўныя методыкі кінэзітэрапіі (лячэбная фізкультура і рухомыя гульні), масажу, функцыянуюць фізіятэрапеўтычныя кабінеты і аддзяленне бальнеатэрапіі (лячэнне мінеральнымі водамі і лячэбнымі гразямі). Увогуле ў лячэбна-аздараўленчым аддзяленні робяць больш за 200 розных працэдур.

— Якасць аздараўлення і рэабілітацыі дзяцей у «Ветразі» не ўступае вядомым еўрапейскім цэнтрам, — лічыць Юрый Дзеркач. — З прыходам Сяргея Петухова на пасаду галоўнага ўрача цэнтр за кароткі тэрмін стаў адной з найлепшых медыцынскіх устаноў Віцебшчыны. Тут не толькі эфектыўна выкарыстоўваюць набытае сучаснае абсталяванне, але і не шкадуюць сродкаў на перападрыхтоўку медперсаналу. Сёння ў «Ветразі» магчыма папярэдзіць пераход паталогіі ў хранічнае захворванне, інваліднасць, аднавіць актыўную жыццядзейнасць дзяцей.

Фонд створаны ў 2013 годзе. Ён аказвае адрасную дапамогу дзе­цям-інвалідам, мна­гадзетным сем’ям, інва­лі­дам-калясачнікам, малазабяспечаным сем’ям, пажылым людзям. Да агульнай добрай справы далучыліся холдынг «Беларуская гарбарна-абутковая кампанія «Марка», прадпрыемствы «Палімерканструкцыя», «Віцебскія пад’ёмнікі», індывідуальныя прадпрымальнікі. У Паставы дырэктар фонду Людміла Пракоф’ева і галоўны мецэнат — дырэктар «Віцебскіх пад’ёмнікаў» Андрэй Сідараў — прывезлі спецыяльнае прыстасаванне (пад’ёмнік) для калясачнікаў. Ён мабільны — можа выкарыстоўвацца ў розных карпусах. Зараду батарэі хапае на 3-4 пад’ёмы на 5-ы паверх і назад.

Дзеці, якія прыехалі ў «Ветразь» на аздараўленне, атрымалі ад гасцей салодкія падарункі. А Юрый Кісялёў уручыў прадстаўнікам абласной улады і спонсарам памятныя знакі, выпушчаныя да 610-годдзя Пастаў.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.