Вдохновение для путешествий. В 2019-м увидела свет новая книга Игоря Прокоповича «Поставщина»

Культура

Падарожжы толькі пачынаюцца…

«Па чужых мясцінах вандраваць цікава, але найперш трэба ведаць родныя», — перакананы пісьменнік, краязнаўца і педагог Ігар Пракаповіч. У 2019-м убачыла свет яго новая кніга «Пастаўшчына», якая з першых старонак натхняе на падарожжы па нашым шмат у чым унікальным рэгіёне.

…Як прыемна трымаць у руках гэту навінку! Цвёрдая вокладка, бялюткія лісты, якасныя фатаграфіі… Але ўсё ж галоўнае ў кнізе — змест. У форме падарожных нататак аўтар апісвае помнікі гісторыі і культуры (у тым ліку і малавядомыя), якія могуць прывабіць падарожнікаў і турыстаў. У цэнтры ўвагі і славутыя людзі, якімі сапраўды можа ганарыцца наш край.

Ігар Міхайлавіч расказаў, што матэрыялы для кнігі ён збіраў больш чым 30 гадоў. Першы варыянт рукапісу быў падрыхтаваны яшчэ ў 2008 годзе, пасля ён неаднаразова перапрацоўваўся, дапаўняўся новымі матэрыяламі. Сам аўтар рабіў і фатаграфіі.

Выданне кнігі стала магчымым дзякуючы фінансавай падтрымцы раённага выканаўчага камітэта і часткова — Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. А надрукавалі яе ў выдавецтве «Беларусь», якое не так даўно пачало выпускаць серыю «Падарожжа па родным краі».

Тыраж кнігі Ігара Пракаповіча «Пастаўшчына» склаў 1 100 экзэмпляраў. Набыць яе можна ў некаторых кнігарнях «БелКніга» ў Віцебску і Мінску. Праўда, колькасць асобнікаў там вельмі абмежаваная — амаль увесь тыраж выкупіў райвыканкам.

«Пастаўшчына» з’явіцца ў біблі­ятэках раёна, у тым ліку і школьных. Плануецца распаўсюджваць гэта выданне і з мэтай папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны раёна, падняцця яе турыстычнага патэнцыялу.

Каму асабліва карысна будзе пачытаць кнігу?

— У першую чаргу я пісаў яе для пастаўчан, — адзначыў Ігар Пракаповіч. — Многія не ведаюць, што цікава арганізаваць свой вольны час можна і нікуды далёка не выязджаючы. Кожны куток нашага раёна багаты на славутасці — варта толькі захацець іх адкрываць. Спадзяюся, што пасля знаёмства з кнігай чытачы выкажуць свае заўвагі і прапановы, падкажуць адметныя мясціны і аб’екты, якія мне пакуль што ўба­чыць не давялося. Пастаўская зямля на іх вельмі багатая, і я ўпэўнены, што падарожжы толькі пачынаюцца…

Іна Сняжкова



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.