Во время благотворительной акции «Наши дети» мальчикам и девочкам из приюта социально-педагогического центра подарили сказку

Общество

Мы верым у цуд

Штогод падчас правядзення на Пастаўшчыне дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» вялікая ўвага ўдзяляецца хлопчыкам і дзяўчынкам, якія па розных прычынах забраны з біялагічных сем’яў і часова пражываюць у прытулку Сацыяльна-педагагічнага цэнтра раёна.

Вось і на гэты раз пры­маць падарункі выхаванцы ўстановы — а зараз тут знаходзяцца 10 дзяцей ва ўзросце ад 3 да 14 гадоў — пачалі яшчэ ў пачатку снежня. Першым спонсарскую дапамогу іх цяперашняму дому на набыццё цюлю і кабінак у санвузел аказала ТАА «Мясакамбінат Пастаўскі». Марафон дабра падхапіў ваенны шпіталь, які кожны год актыўна ўдзельнічае ў акцыі. Яго супрацоўнікі і пацыенты, сабраўшы грошы, купілі салодкія падарункі і сродкі гігіены, а таксама арганізавалі для дзяцей паездку на навагодняе прадстаўленне ў Мінскі цырк з наведваннем «Макдональдса».

Не засталіся ў баку ад добрых спраў і іншыя старыя і новыя сябры прытулку: ААТ «Паставымэбля», «Камайскі-агра», «ААБ Беларусбанк», лясгас, аддзел унутраных спраў райвыканкама, раённы Дом культуры, гаспадары цырульняў «Жемчужина» і «Шалунья», магазіна «Детский стиль», прадстаўнікі кампаніі «Фаберлик», манашкі абодвух пастаўскіх касцёлаў, індывідульныя прадпрымальнікі, валанцёры і проста нераўнадушныя гараджане. Кожны пастараўся зрабіць штосьці для таго, каб дзеці ўтульна адчувалі сябе ў казённых сценах, а іх вочы свяціліся радасцю.

Галоўнай жа падзеяй для малых і падлеткаў стаў навагодні ранішнік з сімвалічнай назвай «Мы верым у цуд», які адбыўся 30 снежня. Акрамя бацькоў дзетак, на яго завіталі намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў, начальнік аддзела па адукацыі Аляксандр Кашырын і галоўны спецыяліст Ніна Каспяровіч, старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксей Філімонаў і раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Марына Нагановіч, першы сакратар РК БРСМ Вераніка Казлоўская, старшыня прафкама шпіталя Тамара Януковіч і старшы афіцэр аддзела ідэалагічнай работы і кадравага забеспячэння медустановы Інэса Лушчык. Пад апладысменты прысутных дзеці чыталі вершы, спявалі і танцавалі, дружна гукалі Дзеда Мароза са Снягуркай і прасілі казачнага чараўніка запаліць агні на прыгажуні ёлцы, вадзілі вакол яе карагоды. А яшчэ з устаноўленага ў зале вялікага экрана дзякавалі ўсім удзельнікам акцыі за ўвагу і падарункі.

Здзяйснення самых запаветных жаданняў, родных, любячых людзей побач жадалі выхаванцам прытулку і іншыя госці. А Дзед Мароз звярнуўся да бацькоў з заклікам паглядзець у вочы сваім дзецям, моцна абняць іх, пацалаваць і зрабіць усё для таго, каб наступны Новы год яны сустракалі ў сябе дома. Напэўна, тое ж самае загадалі ля ёлкі і дзеці, якім далі магчымасць пабыць некаторы час з бацькамі. Хочацца верыць, што так яно і будзе, бо Новы год — чароўная пара, калі адбываюцца любыя цуды.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.