Бывшего воина-«афганца» Геннадия Козловича из Воропаева война научила ценить жизнь

Личности

Навучыла цаніць жыццё

Былога воіна-«афганца» Генадзія Казловіча з Варапаева з-за яго празмернай сціпласці ўгаварыць на размову было няпроста. Сустрэліся ў доме 87-гадовага цяжкахворага бацькі, якога Генадзій Міхайлавіч з братам па чарзе даглядаюць.

— Прызвалі мяне на тэрміновую службу 19 красавіка 1986 года, — пачынае аповед ветэран. — Спачатку была вучэбка ў Мінску, затым перакінулі ў Паўночную Асецію. Па ўзмоцненых трэніровачных занятках, маршах, адпрацоўцы навыкаў пераадолення горных пераходаў мы разумелі, што нас рыхтуюць да сапраўдных баявых дзеянняў і што наступным месцам службы стане Афганістан.

Генадзій Міхайлавіч перыядычна замаўкае і думае. Напэўна, і цяпер, больш чым праз 30 гадоў пасля заканчэння той вайны, ён «фільтруе» інфармацыю: што агучыць, а што пакінуць у душы.

— Вы ведаеце, што ўяўляе сабой Саланг? — задае пытанне. І сам на яго адказвае: — Недзе прачытаў: «Вазьміце хмары, узбіце іх рукамі і нагамі. Дабаўце снегу, а кіслароду — менш. Усё гэта прыпраўце ветрам (лепш шквалістым) і марозам за мінус 30. Атрыманую сумесь закіньце на скалы. Вось гэта і будзе Саланг (у перакладзе з афганскай мовы — «суровы»)». Я служыў на гэтым перавале і ахоўваў найважнейшы транспартны тунэль.

Горны серпанцін у Гіндукушы ўзнімаецца на вышыню ад 3 500 да 4 000 метраў над узроўнем мора. Дарога звязвае Тэрмез і паўночныя раёны Афганістана з цэнтральнымі правінцыямі і Кабулам. Падчас вайны па ёй пастаўляліся паліва, боепрыпасы, прадукты для савецкіх ­войск і тысячы тон гуманітарных грузаў для мясцовых жыхароў, таксама перавозілі параненых і загінулых. Яе называлі дарогай жыцця. На гэтым высакагорным перавале пабудаваны трохкіламетровы тунэль, які душманы імкнуліся знішчыць і тым самым спыніць пастаўку неабходных рэчаў, аслабіць групоўку шураві (гістарычная назва савецкіх грамадзян у Афганістане). Таму гэты стратэгічна важны аб’ект узмоцнена абараняўся савецкімі ваеннаслужачымі. Тым не менш калоны часта траплялі ў варожыя засады, машыны гарэ­лі, падалі ў бездань, салдаты гінулі або станавіліся інвалідамі.

— На некаторых участках дарогі, дзе з аднаго боку скалы, з другога — бездань, дзвюм машынам было складана раз’ехацца, — расказваў Генадзій Міхайлавіч. — Асабліва зімой, калі за паўгадзіны неба зацягвалі хмары і ўсё засыпала снегам, дарога ператваралася ў каток са снежнымі намётамі. Тады гружаны КамАЗ магло занесці ўбок, і ніякія тармазы не ратавалі. Машыны рухаліся вельмі павольна, а душманы, здаецца, ішлі па пятах кожнай калоны, чакалі зручнага моманту, каб напасці. Кулямётныя і аўтаматныя чэргі прашывалі кабіны грузавікоў, фугасы падымалі ў паветра і адпраўлялі ў бездань бронетранспарцёры. Абстаноўка патрабавала імгненнай рэакцыі, жорсткасці і адказнасці.

Праз сем месяцаў службы на перавале варожая куля трапіла ў Генадзія Казловіча. Ад смерці засцерагла 16-кілаграмовая бронекамізэлька, затое кісць раздрабіла поўнасцю. Далей былі ампутацыя кісці левай рукі ў шпіталі Кабула і лячэнне ў Ташкенце, Рызе, адаптацыя да пратэза і вяртанне дадому. Атрымаў III групу інваліднасці. Уладкаваўся вартаўніком на мясцовы дрэваапрацоўчы камбінат. На першым часе ўсё перажытае стаяла перад вачыма, па начах ён мог «стра­ляць», крычаць, плакаць. З часам Афганістан пакрыху стаў адпускаць. Калі далі II групу і застаўся без работы, прывыкнуць да новага статусу было цяжкавата. Паступова навучыўся жыць паўнавартасна. Хоць душэўны боль і прытупіўся, але, убачыўшы дакументальны ці мастацкі фільм пра Афганістан, сэрца ўздрыгвае.

— Колькі б часу ні прайшло, а тая жудасная вайна не забываецца. Яна не толькі пакінула раны, але і навучыла цаніць жыццё, — падсумаваў Генадзій Міхайлавіч.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.