Команда «Атлант» (Поставы) в новой форме провела лучшую игру в сезоне

Спорт

Рашаючыя матчы наперадзе

«Атлант» (Паставы)–«Бумпрам» (Гомель) – 3:0
13 тур. 3:0 (25:19; 25:22; 25:19).

Наша каманда на гэту сустрэчу выйшла ў новенькай форме з лагатыпам свайго спонсара — Пастаўскага малочнага завода — і правяла найлепшую гульню ў сезоне. Дагэтуль у паядынках з дзеючым чэмпіёнам пастаўчане саступалі ў сямі папярэдніх матчах і не выйгралі ў «Бумпрама» ніводнай партыі. Падтрымаць сваіх з Гомеля прыехала шмат балельшчыкаў.

Фота з архіву ВК «Атлант»

Абедзве каманды пачалі гульню ў хуткім тэмпе. Спачатку барацьба была ўпартай, ачко ў ачко. У сярэдзіне стартавай партыі адбыўся пералом: некалькі важных ачкоў набраў капітан пастаўчан, распасоўшчык Уладзімір Юзвовіч. Свайго лідара падтрымаў пры завяршэнні атак першым тэмпам Віталь Варанец, а дыяганальны Андрэй Казлоўскі стаў удала завяршаць камбінацыі з флангаў. У наступным сэце гамяльчане пастараліся ўзмац­ніць сваю гульню, але на прыёме на­дзейна гулялі Андрэй Русак і Пётр Марцінкевіч. Пару атак эфектна завяршыў Мікіта Саўчук. Па-майстэрску згуляў на блоку Павел Дзеравянка, што дазволіла «Атланту» выйграць і другую партыю.

Фота з архіву ВК «Атлант»

Да гонару саперніка, ён змагаўся да канца, але ў той дзень нашу каманду было не стрымаць. У трэцяй партыі пастаўчане заслужана атрымалі перамогу, што дазволіла ім падняцца на 5-е месца ў турнірнай табліцы. У гэтым туры чарговыя перамогі запісалі на свой рахунак сталічны РДВАР (з лікам 3:1 перамог землякоў з ВК «Мінск») і гомельская «Энергія» (з лікам 3:0 перайграла аршанскі «Узлёт»).

Фота з архіву ВК «Атлант»

Менавіта ў Оршы 15 лютага пастаўчане згуляюць на выездзе заключную сустрэчу папярэдняга раўнда. У залежнасці ад вынікаў астатніх матчаў 14-га тура выявіцца наш наступны сапернік у раўндзе плэй-офф за выхад у фінальную чацвёрку, якая павядзе далей барацьбу за медалі. Ім можа стаць адна з дзвюх гомельскіх каманд альбо «Камунальнік-ГДУ» (Гродна). Пры любым раскладзе першы матч ¼ фіналу «Атлант» правядзе ў гасцях, а потым — у сябе дома ў серыі да дзвюх перамог. Пры нічыйным выніку трэцяя, рашаючая, сустрэча пройдзе на чужой пляцоўцы, а ў чэмпіянаце Беларусі чакаецца яшчэ больш вострая і відовішчная барацьба.

Уладзімір Шык



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.