Команда Поставского района заняла первое место в областных соревнованиях по пулевой стрельбе

Спорт

Трапныя стралкі

12 каманд з розных рэгіёнаў Віцебшчыны сабралі ў мінулую суботу абласныя спаборніцтвы па кулявой стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі сярод ветэранаў фізічнай культуры і спорту і ветэранаў вайны ў Афганістане. Наш раён на першынстве прадстаўляла сямейная пара Юрыя і Рамуальды Трафімавых.

Сёлета спаборніцтвы праводзіліся ў другі раз і былі прысвечаны 75-годдзю Вялікай Перамогі. У трапнасці стралкі мераліся ў ціры ДТСААФ. Барацьба за прызавыя месцы разгарнулася напружаная, паколькі многія з удзельнікаў выдатна валодаюць не толькі спартыўнай зброяй, але і баявой. Тым больш прыемна, што прадстаўнікі нашай каманды годна выглядалі на агульным фоне: з сумай 46 ачкоў Рамуальда Мар’янаўна стала наймацнейшай сярод жанчын, а Юрый Барысавіч з аналагічным рэзультатам стаў другім сярод мужчын. Дарэчы, ён набраў аднолькавую суму балаў з пераможцам у індывідуальным заліку сярод прадстаўнікоў мужчынскага полу, але ў пастаўскага «снайпера» было менш пападанняў у 10-ку. У агульнакамандным заліку каманда Пастаўскага раёна заняла першае месца.

— Наш раён багаты на спартыўныя таленты, што неаднойчы пацвярджалася на розных спаборніцтвах, — дзяліўся Юрый Трафімаў. — Для мяне гэта не проста асабістая перамога, але і магчымасць паказаць маладому пакаленню, як трэба праводзіць вольны час, куды накіроўваць сваю сілу і энергію, да чаго імкнуцца і як дасягаць вынікаў. Як кіраўнік фізічнага выхавання Пастаўскага дзяржаўнага каледжа імкнуся быць прыкладам для навучэнцаў, далучаць іх да здаровага ладу жыцця і спорту.

— Зараз знаходжуся на пенсіі. Раней працавала адміністратарам на ФАКу. Служыла ў ракетнай часці і органах пагранслужбы. У арміі і навучылася трапна страляць з пісталета Макарава, — уключаецца ў размову Рамуальда Трафімава. — Азам абыходжання з вінтоўкай у кароткі тэрмін навучыў муж, ён жа натхніў на перамогу, дапамог паверыць ва ўласныя сілы. Трэнер ёсць трэнер!

Умовы для стралкоў былі роўныя. Адзіны мінус, які адзначыў Юрый Барысавіч, гэта тое, што на спаборніцтвы давялося дабірацца на асабістым транспарце і правесці 4 гадзіны за рулём. Пасля такой дарогі ўсе мішэні перад вачамі расплываліся.

За перамогу і прызавое месца ў асабістым заліку і камандным першынстве Юрый і Рамуальда Трафімавы ўзнагароджаны дыпломамі ўпраўлення спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама, медалямі і кубкам.

Вераніка Філановіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.