Контрасты жизни и безопасности. Совместный рейд ЖКХ, РОЧС, ТЦСОНа и милиции по неблагополучным семьям

Безопасность

Пытанні бяспекі жыццядзейнасці жыхароў Пастаўшчыны і папярэджання гібелі людзей ад знешніх прычын знаходзяцца на пастаянным кантролі райвыканкама. 

У раёне створана 11 аглядавых камісій, якія рэгулярна наведваюць адзінокіх састарэлых, інвалідаў, асоб, якія злоўжываюць спіртным і вядуць асацыяльны лад жыцця, шматдзетныя, апякунскія, прыёмныя і нядобранадзейныя сем’і. Да адной з такіх камісій на мінулым тыдні далучылася аўтар гэтых радкоў.

У склад рэйдавай групы ўвайшлі начальнік жыллёва-эксплуатацыйнага ўчастка УП ЖКГ Аляксандр Касаткін, інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі РАНС Уладзімір Ластоўскі, спецыяліст па сацыяльнай рабоце ТЦСАН Дзіяна Гусева і ўчастковы інспектар міліцыі Алег Шаркоўскі. Ім трэба было наведаць 11 адрасоў у горадзе і праверыць, ці ўсё там у парадку.

Маршрут пачаўся з завулка 17 Верасня. Тут у адным з дамоў пражывае пенсіянерка — інвалід І групы. Жанчыне назначалі сацыяльнага работніка, але яна адмовілася ад яго паслуг, маўляў, прыходзіць дачка. Таксама наведваюцца «сябры», з якімі ба­віць час са спіртным. Вось і ў дзень нашага візіту ў пенсіянеркі былі госці: з дома даносіліся галасы, якія сціхлі, калі прадстаўнікі камісіі пастукалі ў дзверы. Адчыніць іх не пажадалі.

Два наступныя адрасы — па вуліцы 17 Верасня. Гаспадыню першага дома сустрэлі ў двары. Яна адразу запрасіла ў хату, расказала, што пасля смерці мужа жыве з сужыцелем, якога «ведаюць усе Паставы» і якога збіраецца выганяць. Ледзь толькі пераступілі парог — уразілі беспарадак, бруд і непрыемны пах у пакоях. Пакуль іншыя члены камісіі аглядалі печку, пліту на кухні і электраправодку, Алег Шаркоўскі пагутарыў з сужыцелем, які адпачываў у зале на ложку ў кампаніі двух сабак. Нягле­дзячы на сяброўства сямейнай пары з «зялёным змеем» і антысанітарныя ўмовы пражывання, сур’ёзных парушэнняў пажарнай бяспекі ў іх не выявілі.

На кантрасце з гэтым у другім доме па названай вуліцы быў амаль ідэальны парадак: чыста і акуратна. Гаспадар, які час ад часу выпівае, цвярозы, цепліў печ. Да яе, а таксама да электраправодкі ў членаў камісіі не ўзнікла прэтэнзій.

Накіроўваемся на вуліцу Ленінскую. І тут чакае яшчэ большы трэш, чым па 17 Верасня. За паламаным плотам па патрэбным нам адрасе — звалка з металалому, старых рэчаў і адзення. Такая ж звалка ў хаце, якую нават цяжка назваць хатай. Хутчэй, гэта брудны склеп з бетоннымі сценамі ў жылым пакоі, які не тое што шпалераў — фарбы сто гадоў не бачыў. Гаспадыня з перагарам варыць на кухні суп. Правёўшы з ёй прафілактычную гутарку, члены камісіі даюць указанне ў бліжэйшы час замазаць трэшчыны на печы і купіць аўтаномны пажарны апавяшчальнік і абяцаюць зноў прыйсці з праверкай.

Не намнога лепшая карціна ў адной з кватэр дома №6 па вуліцы Юбілейнай, дзе пражывае ­адзінокі інвалід ІІ групы. Мужчына з цяжкасцю ходзіць і сустракае нас, абапіраючыся на палку. «Можа, лепш на сацыяльным ложку ляжалі б?» — пытаецца ў яго Дзіяна Гусева. Але ў адказ чуе, што дастаткова дапамогі сацыяльнага работніка. Гаспадар злоўжывае спіртным, пра што сведчаць пустыя бутэлькі ў смеццевым вядры на кухні. Яму настойліва раяць устанавіць у кватэры АПА.

Набыць пажарны апавяшчальнік рэкамендавалі і 88-гадовай жыхарцы вуліцы М. Горкага. У поле зроку камісіі бабуля трапіла таму, што пражывае адна, і падчас апошняга візіту прадстаўнікам сацслужбы падалося, быццам бы ў яе на печы трэшчына. Трывога аказалася беспадстаўнай: з печкай усё ў парадку. Практычна не было заўваг таксама да жыхара вуліцы Вакзальнай, які з’яўляецца інвалідам і жыве адзін. Яму трэба толькі замяніць батарэйку ў апавяшчальніку.

У той дзень удзельнікі рэйдавай групы змаглі пабываць толькі ў 5 дамах. Яшчэ ў 5 не трапілі з-за адсутнасці гаспадароў. Іх абавязкова наведаюць у іншы час. А ўсяго ў студзені аглядавымі камісіямі ў раёне абследавана 105 домаўладанняў грамадзян. Праінструктавана 107 чалавек.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.