«Крепко держала дисциплину!» Ветеран труда Зофия Каспер всегда болела за общее дело

Общество

Не магла паступаць інакш

«Хочаце напісаць як пра былога брыгадзіра? Але ж мяне многія не любілі, — здзівіла нечаканым прызнаннем Зофія Каспер, як толькі мы павіталіся. І патлумачыла: — Таму што была вельмі патрабавальнай ды гультаям і зладзеям спуску не давала».

Пра гэта я ведала яшчэ да сустрэчы з ёй, ветэранам працы, кавалерам ордэна «Знак Пашаны». Збіраючыся ў чарговую камандзіроўку па матэрыял у рубрыку «Працоўны скарб Пастаўшчыны», успомніла, што падчас брыгадзірства Зофіі Каспер у калгасе «Кастрычнік» гаспадаркай кіраваў Эдуард Казура. Да яго і звярнулася па характарыстыку былой падначаленай.

— Баявы брыгадзір! — пачула ў адказ. — Балела за агульную справу, і брыгада дабівалася добрых вынікаў. Моцна трымала дысцыпліну. Усё ў яе было пад кантролем, усюды даходзіла сама.

Яе лёс непарыўна звязаны з вёскай Рудае Казлоўшчынскага сельсавета. Тут нарадзілася і вырасла, выйшла замуж за аднавяскоўца. Тут прайшлі найлепшыя гады маладосці і самыя плённыя — сталасці. І зараз яна — адна з нямногіх жыхарак, хто не пакінуў родны куточак.

Працаваць у калгас Зося пайшла, закончыўшы ўсяго сем класаў. Спачатку ў паляводства, затым — на ферму. Можа, так і засталася б даяркай, калі б тагачасны старшыня калгаса Сяргей Якімовіч не заўважыў яе лідарскіх якасцей і не прапанаваў узначаліць паляводчую брыгаду. Вядома ж, многае трэба было пазнаваць, але яна ахвотна спасцігала навуку гаспадарання. І з часам стала талковым спецыялістам. Адметна, што не толькі кіравала людзьмі, але часта і сама працавала побач з імі: укладвала на машынах сена або льнотрасту, разгружала з транспарту мяшкі з мінеральнымі ўдабрэннямі, рассейвала іх з вядра ў полі і г.д. Калі ўзнікала патрэба, прыцягвала да справы пенсіянераў, школьнікаў. Пры ўсім паспявала арганізаваць работу паляводаў і механізатараў, пракантраляваць яе якасць, вечарам — замераць выкананы аб’ём.

Калгасу Зофія Антонаўна аддала чатыры дзесяцігоддзі. Завочна закончыла зоатэхнічны факультэт Лужаснянскага сельгастэхнікума і некалькі гадоў з’яўлялася заатэхнікам. Новыя абавязкі выконвала адказна, але душа ляжала да паляводства. Ды і па сямейных абставінах (падрасталі два сыночкі) ёй было зручней працаваць у гэтай галіне. Таму і вярнулася на ранейшую пасаду і ў тую ж самую брыгаду ў Рудым.

— Атрымлівалі добрыя ўраджаі, — расказвала. — Былі гады, калі зерневыя давалі да 40 цэнтнераў з гектара, караняплоды — 700, бульба — 230. Тады мяне і прадставілі да ордэна. Але хіба дзеля ўзнагарод я старалася? Інакш як спаўна аддаваць сябе справе не магла.

Гарой стаяла за калгасную маёмасць. Убачыла, як хтосьці загружае для сябе сена або салому — запатрабавала квітанцыю аб плаце за корм. Заўважыла, што пры сяўбе азімых калгаснікі прыхавалі два мяшкі насеннага зерня — спуску не дала. Ахвочыя да чужога сталі разбіраць блокі з апусцелага цялятніка — спыніла. Такіх фактаў было нямала. У выніку нажывала сабе нядобразычліўцаў. Нават скаргі на брыгадзіра пісалі.

Балела за агульную справу, моцна трымала дысцыпліну.

Яе прынцыповасць была дарэчы не толькі на брыга­дзірскай пасадзе, але і пры выкананні грамадскіх абавязкаў — Зофія Антонаўна шмат скліканняў з’яўлялася дэпутатам Казлоўшчынскага сельскага Савета, яе выбіралі засядальнікам раённага суда. Зараз — старэйшына вёскі.

— Вось толькі жыхароў у нашым Рудым засталося зусім мала, — маркоціцца. — А якая вёска была! Хто б мог падумаць, што так зменіцца жыццё?

 Сама яна па-ранейшаму застаецца настойлівай і працавітай. Нягледзячы на немаладыя гады і перанесеныя цяжкія хваробы, пры дапамозе сына Сяргея трымае карову, каня, свіней, індыкоў, курэй. З ранняй вясны да позняй восені ўвіхаецца на прыся­дзібным участку і ў агародчыку.

 — Шкада, што вы прыехалі зараз, а не летам, — перажывала. — Пабачылі б, колькі ў мяне кветак! Якая прыгажосць ля дома!

І няхай яны квітнеюць яшчэ многія гады, прыўносячы яркасць і радасць у такія нялёгкія вясковыя будні.

Фаіна Касаткіна. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.