Михаил Хоруженок из Ляховщины даже на заслуженном отдыхе не расстается с музыкой

Общество

Натхняе і напаўняе жыццё

Міхаіл Харужонак з Ляхаўшчыны ў гэтым месяцы адзначае 75-ы дзень нараджэння. Здароўе падводзіць. Але музыка, з якой сябруе ўжо паўстагоддзя, натхняе, дапамагае справіцца з праблемамі і напаўняе жыццё новымі пачуццямі.

Знаёмства з ёй адбылося ў далёкім пасляваенным дзяцінстве. Спачатку зацікавіўся балалайкай, потым навучыўся граць на гармоніку. Спецыяльнай адукацыі Міхаіл не атрымаў, і музыка стала яго захапленнем.

Падчас службы ў арміі граў у духавым аркестры на баяне і акардэоне. Вярнуўшыся, уладкаваўся токарам у саўгас «Дунілавіцкі». У вольны час сачыняў вальсы, якія потым выконваў на вясковых танцах і вяселлях. Не абыходзілася і без песень, а ўсе мясцовыя канцэрты не праходзілі без выступленняў Міхаіла Харужонка.

Неўзабаве пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай. Ажаніліся Міхаіл і Рэня ў 1969 годзе. У сям’і нарадзілася двое сыноў. Зараз адзін жыве ў Даўгаўпілсе, другі — у Падольску. Падчас водпускаў да дзядулі з бабуляй у Ляхаўшчыну прыязджаюць унукі. Раней усе сямейныя святы суправаджаліся найгрышамі Міхаіла Міхайлавіча. А сёння, са шкадаваннем адзначае юбіляр, каштоўнасці змяніліся і сучаснае пакаленне зацікаўлена іншым.

Нават на заслужаным адпачынку Міхайлавіч не расстаецца з музыкай: спявае ў царкоўным хоры ў Свята-Пакроўскай царкве ў Ласіцы. Мае цэлую калекцыю музычных інструментаў, у якой ёсць балалайка, труба, баян, акардэон, гармонік…

— Музыка — як лакмусавая паперка, яна перадае стан душы, — гаворыць Міхаіл Харужонак. — Каб штосьці сыграць, неабходна гэта адчуць душой, перажыць.

Гадзіна, праведзеная ў доме Харужонкаў, праляцела незаўважна. Разам з гаспадарамі праслухала запіс выступлення юбіляра ў ляхаўшчынскім клубе. На развітанне ён сыграў «Прощание славянки». Упэўнілася, што музыка паляпшае настрой і зараджае энергіяй.

Святлана Шафаровіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.