На Поставщине стремительно растёт количество преступлений в области высоких технологий

Безопасность Важное

Усе карты ў рукі… махлярам

На Пастаўшчыне назіраецца імклівы рост злачынстваў у галіне высокіх тэхналогій

Не так даўно ў пастаўчанкі Юліі Врублеўскай узламалі старонку ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте». Яе шматлікім сябрам, у тым ліку і мне, махляры адправілі аднолькавае паведамленне: «Хеллоу, не мешаю? Карточки Belarusbankа нету?» Калі хтосьці пісаў у адказ, што ёсць, атрымліваў нібыта ад Юліі чарговае пасланне: «Карточку посеяла, а там средства были, уже сняли 120 рублей. Можно,  я тебе оставшиеся скину? А ты потом отдашь, или я новую сделаю, и на неё кинешь, хорошо?»

На шчасце, ніхто просьбу махляроў не выканаў: сябры адчулі падвох. Юлію пра ўзлом папярэдзілі і пра сітуацыю забыліся.

А вось яшчэ адна пастаўчанка падобную гісторыю запомніць надоўга. Каля гадзіны ночы ад яе імя ўсё ў той жа сацсетцы «Вконтакте» было адпраўлена паведамленне роднай сястры, якая жыве ў Мінску. Пастаўчанка (чытай — махляры) прасіла даслаць рэквізіты банкаўскай карткі. Нічога не западозрыўшы, сястра зрабіла тое, пра што яе папрасіў «родны чалавек». Скончылася ўсё сумна: з карткі мінчанкі прапалі сродкі, вярнуць іх будзе складана.

Пра гэта здарэнне мне расказаў старшы оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Дзмірый Кузьміч. Ён прывёў статыстыку: у 2019 годзе ў нашым раёне зафіксавана 29 фактаў злачынства ў галіне высокіх тэхналогій. Гэта ўдвая больш, чым у 2018-м. Сёлета заявы ў міліцыю напісалі ўжо 8 чалавек, якія пацярпелі ад хакераў.

 — Галоўная задача махляроў — выманіць у чалавека канфідэнцыяльныя звесткі пра яго банкаўскую картку, — гаварыў Дзмітрый Кузьміч. — Метады, якімі гэта робіцца, розныя, і яны пастаянна ўдасканальваюцца. Але факт застаецца фактам: людзі самі выдаюць даныя, а пасля кусаюць локці з-за сваёй неабачлівасці.

Раскрывальнасць злачынстваў у галіне высокіх тэхналогій у пастаўскім райаддзеле міліцыі летась склала 56%. Па шэрагу аб’ектыўных прычын людзі ў форме не заўсёды могуць дапамагчы пацярпелым.

— Бываюць сітуацыі, калі чалавек губляе картку з напісаным на ёй PIN-кодам, — працягваў Дзмітрый. — Хтосьці яе знаходзіць, аплачвае пакупкі, здымае грошы… У такім выпадку адсачыць рух сродкаў і знайсці злачынца лягчэй. Але калі рэквізіты банкаўскіх картак выманьваюцца праз сацсеткі, справа куды больш складаная. Звычайна ўзломшчыкі знаходзяцца за мяжой, часцей — у Расіі. Там жа размешчаны серверы сацсетак «ВКонтакте», «Одноклассники»… Каб пачаць расследаванне, беларускія праваахоўнікі вымушаны рабіць міжнародны запыт замежным калегам. Але звесткі ў адказе не заўсёды садзейнічаюць раскрыццю злачынства.

Суразмоўца расказаў і пра іншыя схемы, якімі карыстаюцца злачынцы. Так, нядаўна ў міліцыю звярнулася пастаўчанка, у якой з карткі прапалі 400 рублёў. Як аказалася, напярэдадні яна не змагла зайсці ў інтэрнэт-банкінг — хутчэй за ўсё, адбыўся кароткачасовы збой. Замест таго, каб крыху пачакаць і паспрабаваць паўтарыць аперацыю, яна спытала ў «гугла», па якіх прычынах патрэбная старонка не адкрываецца. Як заўсёды, інтэрнэт адказаў шматлікімі спасылкамі. Адна з іх прывяла ў сумніўную групу «ВКонтакте». Там параілі перайсці яшчэ па адной спасылцы. Перайшла. Перад вачыма з’явілася старонка інтэрнэт-банкінгу. Жанчына ўвяла лагін і пароль, аднак сістэма на іх ніяк не адрэагавала.

— Аказалася, старонка інтэрнэт-банкінгу была падробленая, — адзначыў Дзмітрый Кузьміч. — Па дызайне яна была максімальна набліжаная да афіцыйнага сайта банка. Спецыяльная праграма запомніла лагін і пароль, якія пасля без праблем выкарысталі злачынцы. Таму хачу нагадаць: калі вам патрэбна зайсці ў інтэрнэт-банкінг, ні ў якім выпадку не пераходзьце па прамых спасылках, якія вам могуць даслаць невядомыя людзі. Усе даныя ўводзьце толькі на афіцыйным сайце банка.

Яшчэ адна распаўсюджаная схема — нібыта ад імені банка грамадзянам прыходзяць паведамленні, у якіх прапануецца прыняць удзел у апытанні і атрымаць за гэта прыз. Праўда, каб стаць яго ўладальнікам, трэба ўвесці рэквізіты сваёй карткі. Ці трэба пісаць, чым заканчваецца такая «латарэя»?

Пасля размовы з оперупаўнаважаным мне прыгадаўся артыкул, які не так даўно чытала на адным з беларускіх інтэрнэт-парталаў. У ім маладая мама расказвала: «Мне патэлефанавалі, прадставіліся службай бяспекі «БПС-банка». Сказалі, што ў мяне з карткі хацелі ­зняць грошы, і ўдакладнілі, ці пацвярджаю я іх перавод. Безумоўна, я не пацвердзіла. Тады мне прапанавалі праверыць інфармацыю. Я назвала ім пашпартныя даныя. Далей размову падвялі да таго, што на тэлефон прыйдзе код, яго патрэбна будзе назваць пасля гукавога сігналу». Неўзабаве з карткі жанчыны раптоўна зніклі 3 500 беларускіх рублёў…

У 2019 годзе ў нашым раёне зафіксавана 29 фактаў злачынства ў галіне высокіх тэхналогій.
Гэта ўдвая больш, чым у 2018-м.

Махляры, якія прадстаўляюцца супрацоўнікамі банка, выдатна разбіраюцца ў псіхалогіі людзей і метадах уздзеяння на псіхіку. Патэнцыяльным ахвярам звычайна тэлефануюць маладыя людзі з добра пастаўленым голасам і цудоўнай дыкцыяй. Але ці маюць права банкаўскія работнікі прасіць прадыктаваць па тэлефоне канфідэнцыяльныя даныя? Гэта пытанне адрасавалі галоўнаму спецыялісту па абслугоўванні прыватных кліентаў Цэнтра банкаўскіх паслуг №217 «Белаграпрамбанка» Юліі Памецьцы.

— Па тэлефоне мы можам толькі папрасіць чалавека прыйсці да нас у банк, — патлумачыла яна. — Ніякія пытанні дыстанцыйна не вырашаюцца! Пра гэта трэба заўжды памятаць, каб не стаць ахвярай махляроў. Вярнуць сродкі складана. Калі вы перадалі махляру PIN-код ці іншую важную інфармацыю, а ён ёй скарыстаўся — сродкі лічацца спісанымі па правілах. Прэтэнзій да банка быць не можа.

Яшчэ раз нагадаем, што фантазія злачынцаў бязмежная. Ад фінансавых непрыемнасцей могуць засцерагчы толькі ўважлівасць і асцярожнасць саміх трымальнікаў банкаўскіх картак.

Іна Сняжкова



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.