На военном кладбище в Злотуве нашел покой еще один житель Поставского района. История отца Геновефы Антух

Главное История

Узварухнула памяць публікацыя

89-гадовая Генавэфа Антух дастала з паштовай скрыні раёнку, села на лавачку пад хатай і адразу яе перагартала. Позірк спыніўся на фотаздымках на 3-й старонцы. «Штосьці знаёмае», — прамільгнула ў галаве жанчыны.

— Гэта ж вайсковыя могілкі ў Злотуве! — усклікнула і падалася хутчэй у хату, каб уважліва ўчытацца ў напісанае, — дзялілася пазней эмоцыямі. — Там знайшоў апошні спачын мой тата Ян Шабан. У 1970 годзе я ездзіла ў Польшчу на яго магілу.

Генавэфа Янаўна патэлефанавала ў рэдакцыю, каб даведацца, як можна звязацца з Іванам Сіманёнкам, і расказала сваю гісторыю:

— Мне было 9 гадоў, калі пачалася вайна. У сям’і — мама, тата, старэйшая на паўтара года за мяне сястра і трохгадовы брат. У 1943-м немцы забралі тату з канём у абоз, які накіроўваўся ў Верхнядзвінск. Колькі было слёз і думак! Праз некалькі дзён тата ўцёк дадому, кінуўшы каня. Але гэта жывёліна вельмі патрэбная ў гаспадарцы, таму пазней у знаёмых вымяняў парсюка на кабылку. Ды нядоўга ёй радаваўся: немцам спатрэбіўся гужавы транспарт. На гэты раз у абоз выправілася мама. Шлях пралёг на Швянчоніс. Мама вярнулася больш чым праз месяц. Расказвала, што разам з яшчэ трыма вяскоўкамі, ратуючы свае жыцці, пакінулі коней і ноччу ўцяклі. Ішлі пешшу, спыняючыся на адпачынак на хутарах. За кавалак хлеба з малаком згаджаліся на любую работу. Мама прала кудзелю, іншыя жанчыны палолі агароды.

Апошнюю вестачку ад таты атрымалі 4 студзеня 1945 года.

Найстрашней было, калі немцы палілі вёскі. Стаяла цёплая і сухая восень. Вечарамі зарыва ад пажараў асвятляла неба над Белькамі, Балаямі, адтуль цягнула густым дымам. Карная экспедыцыя падбіралася і да нашых Шчотак. Тата распарадзіўся скласці адзенне ў вялікі куфар і закапаць у зямлю, сабраць што-небудзь з ежы, узяць карову і ісці ў лес. Мама напякла дранікаў, хлеба, і мы пакінулі дом. А мне так шкада было свіней! Я вярнулася і выпусціла іх з хлява на волю. Хутка на вёску пасыпаліся снарады. Згарэла і наша новая хата, якую тата пабудаваў да вайны. Уцалела толькі маленькая старая. У яе мы і засяліліся, прыняўшы яшчэ адну сям’ю з пяці чалавек. Так і перазімавалі.

У 1944-м тату прызвалі на фронт. З ім пайшлі два яго браты, іншыя вяскоўцы. Тата часта прысылаў пісьмы. Пра сябе расказваў мала, толькі распытваў пра нас. Я яму адпісвала. І сёння памятаю нумар палявой пошты — 13472. Служыў ён у Вой­ску Польскім, бо па нацыянальнасці паляк. Апошнюю вестачку ад яго атрымалі 4 студзеня 1945 года. Калі пісьмы перасталі прыходзіць, зразумелі: штосьці здарылася. Але надзея жыла. У красавіку прыйшла пахавальная, у якой паведамлялася, што радавы 11-га пяхотнага палка 1-й арміі Войска Польскага Іван Станіслававіч Шабан загінуў у лютым 1945-га пры абароне Флятава (ранейшая назва горада Злотува) і там пахаваны. Ніхто не думаў, што некалі зможам укленчыць ля яго магілы, запаліць свечку, памаліцца.

Да драбніц памятаю, як прыехалі ў Злотуў, зайшлі на тэрыторыю вайсковых могілак і кінуліся шукаць татаву магілу. Яе нумар – 194.

Узяліся будаваць хату. Для гэтага наймалі людзей, за работу плацілі збожжам, жалі ім іх жыта. Мы з сястрой ва ўсім дапамагалі: пілавалі ў лесе дрэвы, вазілі, абдзіралі бярвенне. Сястры было 17, калі выйшла замуж за чалавека на 15 гадоў старэйшага за яе. А я засталася з мамай і братам. Сама хадзіла за плугам, сеяла, касіла. Калі стварылі калгас, усё нажытае прыйшлося аддаць. Брат паехаў у Карэ­лію, а я шчыравала на мясцовай ферме. Як жа не хапала ў доме гаспадара! Многія сваталіся да мамы, але яна так і не рашылася на другое замужжа. Марыла, каб хто-небудзь з дзяцей з’ездзіў на магілу бацькі.

У Шчэціне жыў татаў брат Юзаф. Ён і ўгаварыў прыехаць, прыслаў запрашэнне. Да драбніц памятаю, як прыехалі ў Злотуў, зайшлі на тэрыторыю вайсковых могілак і кінуліся шукаць татаву магілу. Яе нумар — 194. У мясцовым самакіраванні нам выдалі даведку аб тым, што наш бацька там пахаваны. З гэтым дакументам было прасцей атрымаць дазвол на выезд у Поль­шчу. На жаль, больш выбрацца ў далёкую дарогу не змагла, але ў думках бываю там часта. Узварухнула памяць публікацыя ў «Пастаўскім краі». Доўга гутарыла з яе аўтарам. Іван Іванавіч падрабязна расказаў мне пра сваю паездку на вайсковыя могілкі ў Злотуў. Мы з ім дамовіліся сустрэцца асабіста.

Запісала Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.