Операторы роботизированного комплекса «Волохи» ОАО «Хотилы-агро» признаны лучшими в области

Важное Сельское хозяйство

Строгае захаванне тэхналогіі і адказнасць

Гэта тое, што спрыяе поспеху аператараў рабатызаванага комплексу «Волахі» ААТ «Хацілы-агра». Па выніках работы за чацвёрты квартал мінулага года яго калектыў прызнаны найлепшым у вобласці. Першая прадукцыя з комплексу паступіла ў 2009 годзе. З таго часу тут стабільна трымаюць планку лідараў.

Павіншаваць з чарговай перамогай, уручыць дыплом і грашовыя прэміі абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу ў калектыў прыехалі старшыня галіновага райкама прафсаюза Аляксей Філімонаў і першы намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Эдуард Януковіч. На змене былі аператары Валянціна Таяновіч і Алёна Ярашэвіч, якія за 2019 год ад кожнай каровы надаілі адпаведна 9 660 і 9 320 кілаграмаў малака.

— Каб былі высокія надоі, стараюцца ўсе, — гаварыў начальнік комплексу Аляксандр Адамковіч. — 6 аператараў працуюць пазменна па 12 гадзін. Яны сочаць за работай 12 робатаў, якія абслугоўваюць 770 кароў. За мінулы год сярэдні надой ад кожнай склаў 9 230 кілаграмаў малака. Гэта заслуга Святланы Карпушанкі, Валянціны Таяновіч, Іны Хацяновіч, Марыны Міхновіч, Алёны Ярашэвіч і Алёны Турлы. Апошняя нарадзіла дзіця і знаходзіцца ў водпуску па яго доглядзе. Яе замяніў Аляксандр Юшкевіч. Ён на комплексе не першы год. Прайшоў навучанне і цяпер спраўляецца з абавязкамі аператара. Водпускі дае Іна Жойдзь.

Начальнік комплексу Аляксандр Адамковіч з аператарамі Валянцінай Таяновіч і Алёнай Ярашэвіч

Галоўнае, каб жывёла была здаровай і накормленай, бо малако ў каровы на языку, лічаць аператары. За станам здароўя сочаць з дапамогай высокатэхналагічных анлайн-датчыкаў. Кожная карова мае чып, які фіксуе ўсе змены ў арганізме жывёлы, у залежнасці ад яго ўстанаўлівае графік даення, размяркоўвае кармы, і індывідуальны электронны пашпарт з ўсімі звесткамі. Распрацаваны дакладныя рэгламенты па доглядзе, сістэма кармлення. На ўмоўную галаву нарыхтавана амаль 30 кармавых адзінак. Кармы высокай якасці. У камбіцэху гаспадаркі камбікорм вырабляюць з уласнага зернефуражу па розных рэцэптах. Дойным каровам і малым цялятам выдаецца грануляваны, астатнім — рассыпны. У рацыён дабаўля­юць цэлы комплекс вітамінаў і мінералаў, якія спрыяюць высокім надоям і бездакорнай якасці малака. Штодня на малочны завод яго адпраўляюць 18 тон. Усё — сортам «экстра».

Поспех аператараў па праву раздзяляюць спецыялісты ветэрынарнай службы. Ветурач Святлана Адамковіч адказвае за здароўе жывёлы. На высокім узроўні вядзецца племянная работа па паляпшэнні якасці пагалоўя: малапрадукцыйныя каровы выбракоўваюцца, статак папаўняецца перспектыўнымі цялушкамі. У калектыве ганарацца, што аператар па штучным асемяненні жывёлы комплексу Ала Шваякова сёлета стала лаўрэатам звання «Чалавек года Віцебшчыны».

— З кожным годам вы дасягаеце ўсё новых вышынь, — гаварыў Эдуард Януковіч. — Малайцы! Лічу, што і 9 230 кілаграмаў малака ад каровы для вас — не мяжа. Ідзіце ўпэўнена наперад!

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.