«Пуля попала в плечи, я чудом осталась жива…» Интересная жизнь Чеславы Иглиной из д. Старый Двор

Общество

Аптымізму не страчвае

З Чаславай Іванаўнай Ігліной са Старога Двара пазнаёмілася выпадкова: у яе доме сустракалася з сацыяльным работнікам і такім чынам даведалася шмат цікавага пра жыццё яе падапечнай.

— У маіх бацькоў было 10 дзяцей, — расказвала Часлава Ігліна. — Прычым розніца паміж братамі і сёстрамі — 1-2 гады. Старэйшыя нарадзіліся да вайны, сярэднія — у ліхія 40-я, малодшыя — у мірны час. Бацькі мелі 10 дзесяцін зямлі (больш за 10 гектараў — аўт.). І ў дарослых, і ў малых былі свае абавязкі — дарма хлеб ніхто не еў. Дзве сястры ў вайну прапалі без вестак: хаваліся ў лесе ад немцаў і зніклі. Хутчэй за ўсё, іх расстралялі ў балоце. І я магла загінуць ад варожай кулі. Палезла ў падпечак даставаць курыныя яйкі, а немец у гэты час зайшоў у хату і, калі я заварушылася, выстраліў. Куля трапіла ў плечы, я цудам засталася жывая. А рана і цяпер часта ные.

Два браты Чаславы паехалі на асваенне цалінных зямель. Адзін закончыў юрыдычны інстытут у Казахстане, там абжыўся. Другі ажаніўся з немкай і выехаў у Германію. Астатнія засталіся на роднай зямлі. Цяжка было, але мелі працавітыя рукі, светлыя галовы.

Чаславу пасля заканчэння сямігодкі запрасілі працаваць у бухгалтэрыю былога саўгаса «Старадворскі». А праз некаторы час старэйшая сястра паклікала ў Курскую вобласць. Там дзяўчына закончыла вучылішча, атрымала будаўнічую спецыяльнасць. Уладкавалася брыгадзірам.

— У маім падпарадкаванні былі мужчыны, якія мелі праблемы з законам, — успамінала. — Складана было кіраваць імі. Але я імкнулася знайсці агульную мову. У мяне характар баявы, перад цяжкасцямі не пасую. І цяпер, у 80 гадоў, аптымізму не страчваю.

На чужыне Часлава сустрэла сваё каханне. Стварылі сям’ю, атрымалі жыллё. Напэўна, і сёння жылі б там. Але захварэлі бацькі, і яна з мужам у 70-я гады перабралася на сваю малую радзіму.

— Пасялілі нас у былой школе ў Крутках, — працягвала. — Нам так хацелася мець свой дом! Купілі ў Кроліках і перавезлі ў Стары Двор. З усімі работамі справіліся самі, а ў жніўні таго ж года — на маё прафесійнае свята — засяліліся ў дом. Паглядзіце, якая цуда-печка: адна ўсе пакоі ацяпляе!

Маёй суразмоўцы давялося папрацаваць брыга­дзірам на ферме, потым узначальвала паляводчую брыгаду. Калі ў Старым Двары адкрылі дзіцячы сад, прапанавалі ім загадваць.

— Сваіх дзяцей у нас з мужам не было, — расказвала. — Таму выхоўваць чужых было цяжка. Паступіла на завочнае аддзяленне ў Лужаснянскі сельскагаспадарчы тэхнікум, атрымала спецыяльнасць агранома і перайшла ў раслінаводства. Мяне назначылі аграномам-­аграхімікам, а гэта работа з хімікатамі. Праз некалькі гадоў пайшла алергія, і я ледзь дарабіла да пенсіі.

Сёння Часлава Іванаўна жыве адна. Летам упраўляецца з агародам, кветнікам. Сонечнымі зімовымі днямі вяжа шкарпэткі, пахмурнымі — размаўляе па тэлефоне з раднёй і знаёмымі. З паўсядзённымі справамі дапамагае сацыяльны работнік Вольга Касцюк. Пляменнікі клічуць да сябе, а ёй пакідаць родны дом не хочацца.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.