«Спорт всегда объединяет!» Семейный проект БРСМ «Папа-зал» переехал в Лынтупы

Общество

Тата-зала дзяцей і бацькоў аб’яднала

Суботняя раніца. У Лынтупскую яслі-сад—сярэднюю школу к 10 гадзінам прыбываюць навучэнцы старэйшых класаў разам з татамі. У прыўзнятым настроі яны спяшаюцца на нестандартны і ультрамодны сямейны праект Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі «Тата-зала».

Пакуль удзельнікі мерапрыемства размінаюцца перад спартакіядай, першы сакратар райкама БРСМ Вераніка Казлоўская ўводзіць у курс справы:

— Праект «Тата-зала» — цудоўнае вынаходніцтва саюза моладзі. Па ўсёй краіне ён стартаваў у 2018 годзе. У нашым раёне ўвесь мінулы навучальны год праект рэалізоўваўся на базе чацвёртай гарадской школы, сёлета «перадыслацыраваўся» ў Лынтупы. І гэта невыпадкова: мне як дэпутату райсавета па Лынтупскай выбарчай акрузе вельмі хочацца, каб жыццё мясцовых жыхароў было годным і насычаным. Ініцыятыва не толькі дорыць бацькам і дзецям бясцэнныя хвіліны спартыўнага яднання, але і паляпшае матэрыяльную базу школы, бо пасля кожнага спаборніцтва бацькі пакідаюць навучальнай установе падарункі райкама. Дзякуючы «Тата-зале» тут з’явіліся настольны тэніс, валейбольныя мячы, фітнесбол, сёння да іх дададуцца гімнастычныя дыванкі.

Тым часам каманды, якія складаюцца з 8 чалавек кожная, пастроіліся і чакаюць старту. Яго дае настаўнік фізічнай культуры і здароўя, дапрызыўнай падрыхтоўкі Андрэй Стахоўскі, падба­дзёрыўшы ўдзельнікаў запальнай крычалкай.

Фізічную падрыхтоўку, спрыт, а дзесьці і кемлівасць прадстаўнікі каманд дэманстравалі ў 9 эстафетах. Падчас іх скакалі па ўяўных купінах (іх замянялі лісты А4), пераносілі тэнісны мячык у сталовай лыжцы, бегалі па перакуленых лаўках з баскетбольнымі мячамі пад пахамі, выбівалі кеглі футбольным мячом (нешта накшталт боўлінга), перацягвалі канат. Захапляльнымі былі і «зімовыя» конкурсы. Падлеткі і бацькі «ляпілі» снегавіка, абгортваючы члена каманды туалетнай паперай, бегалі на хуткасць у зімовай экіпіроўцы і ўпрыгожвалі дрэвы «сняжынкамі» (ватай). Але самыя сур’ёзныя жарсці кіпелі падчас арм­рэслінга. Спаборніцтва пра­дугледжвалася для ка­­пітанаў каманд. Але па­колькі адным з капітанаў быў дарослы, другім — школьнік, суддзі адмо­віліся залічваць вынік паядынку. Пераможцу вы­значалі па выніках трох заходаў. У апошнім бацьку адной з каманд замяніў салдат-пагранічнік, які разам з саслужыўцамі сачыў за гульнёй. Падчас яго сілай мераліся Юрый Лешчык і Яўгеній Засімовіч. Супраць­стаянне было такім моцным, што давялося нават прытрымліваць стол, каб той не перакуліўся. А балельшчыкі падтрымлівалі так, што аж дух захоплівала!

З сумай 33 балы перамагла каманда дзевяцікласнікаў. На другім месцы з 14 ачкамі каманда 10 класа. За выдатную гульню былі адзначаны два капітаны — Юрый Лешчык і Уладзіслаў Вырвіч, а таксама Ігар Макрыцкі. У падарунак усе ўдзельнікі атрымалі шыкоўны торт з надпісам «Тата-зала».

— У мяне трое дзетак: трохгадовы Радзівон, шасцікласнік Арцём і дзевяцікласніца Рэната, з якой сёння ўдзельнічаў у «Тата-зале». У кастрычніку адстойваў гонар класа сярэдняга сына. Эмоцыі ­б’юць цераз край! — дзяліўся ўражаннямі мнагадзетны бацька Ігар Макрыцкі. — Так павялося, што актыўна ўдзельнічаю ў жыцці мясцовай школы. Што да спорту, то ён заўжды яднае. Мы з жонкай і дома матывуем дачку і сыноў займацца ім, весці актыўны лад жыцця: разам гуляем, бегаем, катаемся на веласіпедах. У нашым гарпасёлку асабліва няма куды схадзіць, таму ініцыятыву саюза моладзі большасць бацькоў успрымаюць на ўра. Арганізацыя цудоўная!

У спартзале лынтупскай школы спаборніцтвы з удзелам бацькоў і школьнікаў рознага ўзросту праводзяцца кожную апошнюю нядзелю месяца. У лютым героямі спартыўных стартаў стануць лынтупскія і палескія пагранічнікі і іх дзеці дашкольнага ўзросту.

Вераніка Філановіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.