Стали известны итоги районного этапа республиканского конкурса профмастерства педагогических работников «Учитель года РБ»

Главное Образование

Брава, педагогі! Малайчына, Юлія!

У мінулы чацвер у СШ №1 падвялі вынікі раённага этапа рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь».

Барацьба за званне най­лепшага педагога Па­стаўшчыны пачалася 15 студзеня. У яе ўступілі 18 настаўнікаў і выхавальнікаў дашкольнай адукацыі з усіх школ і дзіцячых садоў горада, Пастаўскай гімназіі, Варапаеўскай, Навасёлкаўскай, Камайскай, Гуцкай СШ, Лынтупскай і Дунілавіцкай ЯССШ, якія выйшлі пераможцамі ў сваіх навучальных установах. На працягу двух тыдняў яны дэманстравалі ўсё, на што здольныя ў прафесійным і не толькі плане, прайшоўшы праз чатыры конкурсныя выпрабаванні.

Пераможцы конкурсу ў намінацыях Алена Авіна, Надзея Кухальская, Кацярына Кругляк, Мікалай Бузанаў і Іна Турла з абсалютнай пераможцай Юліяй Ракель (у цэнтры)

Першым было творчае самапрадстаўленне. Падчас яго педагогі расказалі пра сябе, свае захапленні і інтарэсы, поспехі і дасягненні. У другім туры прадставілі ўласныя сістэмы педагагічнай дзейнасці, зрабіўшы падрабязны аналіз педагагічных праблем, якія вырашаюць, і прад’явіўшы дасягнутыя навучэнцамі вынікі. На трэцім этапе канкурсанты праводзілі адкрытыя ўрокі і заняткі ў незнаёмых класах і групах, дзе паказалі стыль сваёй работы — так званы прафесійны почырк. Апошнім выпрабаваннем былі педагагічныя майстар-класы. Іх тэмы вызначалі самі ўдзельнікі. Тут яны мелі магчымасць прадэманстраваць творчыя асаблівасці, у інтэрактыўнай форме раскрыць сакрэты свайго майстэрства.

І вось усе туры, а разам з імі напружаная падрыхтоўка, хваляванні і перажыванні засталіся ззаду. Канкурсанты і іх калегі па навучальных установах сабраліся ў актавай зале першай гарадской школы на цырымонію аб’яўлення і ўзнагароджання пераможцаў. Гэту прыемную місію ўзяў на сябе начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Аляксандр Кашырын.

Аляксандр  Кашырын уручае Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў Раісе Шубельцы

Аляксандр Яўгеньевіч шчыра падзякаваў арганізатарам конкурсу за такое цудоўнае прафесійнае спаборніцтва, а яго ўдзельнікам — за сме­ласць выйсці на сцэну і паказаць усім свой талент. Пры гэтым адзначыў, што Пастаўшчына багатая на таленавітых педагогаў. Сведчанне таму — сёлетнія вынікі абласнога этапа рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. Нашы школьнікі заваявалі на ім 8 дыпломаў, 3 з якіх — першай ступені, і занялі другое месца сярод прадстаўнікоў сельскіх раёнаў вобласці.

Пад апладысменты прысутных Аляксандр Яўгеньевіч уручыў Падзякі старшыні раённага выканаўчага камітэта педагогам, якія аказаліся найлепшымі ў намінацыях. Сярод выхавальнікаў дашкольнай адукацыі гэта Кацярына Кругляк з ясляў-сада №5, настаўнікаў пачатковых класаў — Алена Авіна з СШ №4, рускай мовы і літаратуры — Іна Турла з СШ №2. У комплексных намінацыях «Фізічная культура і здароўе, музыка» і «Матэматыка, біялогія, хімія, гісторыя, геаграфія» перамаглі настаўнік фізічнай культуры і здароўя СШ №1 Мікалай Бузанаў (дарэчы, адзіны мужчына сярод канкурсантак) і выкладчыца матэматыкі Варапаеўскай СШ Надзея Кухальская.

Выступаюць удзельнікі студыі сучаснай харэаграфіі Sky-dance раённага цэнтра дзяцей і моладзі

Абсалютнай жа пераможцай прызнана настаўніца англійскай мовы СШ №3 Юлія Ракель, якая не ўпершыню ўдзельнічае ў гэтым конкурсе, але настолькі паспяхова раней не выступала. Яна ўзнагаро­джана Ганаровай граматай раённага выканаўчага камітэта і будзе прадстаўляць наш раён на абласным этапе. З перамогай Юлію Аляксандраўну павіншавала таксама старшыня раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Валянціна Ромель, уручыўшы падарункавы сертыфікат і пажадаўшы моцнага здароўя, поспехаў і новых прафесійных дасягненняў.

Усе ўдзельнікі спаборніцтва атрымалі граматы аддзела па адукацыі райвыканкама, невялікія падарункі ад райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі і кветкі ад кіраўнікоў навучальных устаноў, у якіх працуюць. З музычнымі і танцавальнымі нумарамі для іх выступілі вучні школ горада і раёна.

У тым, што конкурс «Настаўнік года» прайшоў на такім высокім узроўні, вялікая заслуга загадчыцы Пастаўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Раісы Шубелькі. Яна распрацоўвала сцэнарый мерапрыемства, кансультавала ­ўдзельнікаў і будзе далей кансультаваць Юлію Ракель, каб тая паспяховага выступіла на абласным узроўні. За шматгадовую добрасумленную працу ў сістэме адукацыі і вялікі асабісты ўклад у падрыхтоўку і правядзенне раённага этапа конкурсу Раіса Яўгеньеўна адзначана Ганаровымі граматамі раённага Савета дэпутатаў і аддзела па адукацыі райвыканкама.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.