В Поставах участники круглого стола обсудили актуальную проблему — деменцию

Здравоохранение

І не замыкацца ў сабе

Удзельнікі круглага стала абмеркавалі праблему дэменцыі

Тры гады таму камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама ініцыяваў пілотны праект «Дэменцыя і сацыяльная служба». У яго рамках на базе Пастаўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ла­дзілася пасяджэнне рэспубліканскага метадычнага савета, у аддзяленні кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту г.п. Лынтупы дэманстравалася работа, накіраваная на прафілактыку гэтага захворвання. А ў аддзяленні дзённага знаходжання ў райцэнтры на мінулым тыдні адбыўся круглы стол на тэму: «Дэменцыя і яе асаблівасці». У ім прынялі ўдзел медыкі, сацыяльныя работнікі, прадстаўнікі раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, наведвальнікі аддзялення.

Работнікі сацыяльнай службы дзеляцца сваімі напрацоўкамі

Тэма актуальная. Дэменцыя — цяжкае захворванне, якое характарызуецца расстройствам вышэйшай нервовай дзейнасці. Прычынай гэтага становіцца арганічнае паражэнне галаўнога мозга. Яно праяўляецца ў рэзкім зніжэнні разумовых здольнасцей, страце чалавекам ведаў і навыкаў, якія меў, і немагчымасці набыцця новых. А татальная дэменцыя — гэта поўны распад асобы.

Прычыны дэменцыі: атэрасклероз сасудаў галаўнога мозга, інсульт, гіпертанія, чэрапна-мазгавыя траўмы, алкагалізм, лекавая інтаксікацыя, пухліны цэнтральнай нервовай сістэмы, інфекцыі (СНІД, вірусны энцэфаліт, менінгіт), цукровы дыябет, атлусценне і інш.

Валанцёру раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Валянціне Міхалевіч у сваёй рабоце даводзіцца мець зносіны ў тым ліку і з пацыентамі з такім захворваннем. «Узгадваю пацыентку, якая размяняла дзявяты дзясятак і знаходзілася на сацыяльным ложку ў Варапаеўскай бальніцы, — расказвала Валянціна Станіславаўна. — Яна не памятала, ела ці не, скардзілася, што ў яе ўкралі грошы, сварылася на суседак па палаце і медыкаў, асабліва агрэсіўнай станавілася з наступленнем цемнаты. Аднойчы на курсах спецыялісты параілі даваць неспакойнай пацыентцы мяккую цацку. Кожны вечар мы сталі прыносіць бабулі ў ложак вялікую карову. Яна яе гладзіла, супакойвалася і засынала. Няхітры манеўр аказаўся дзейсным.

Факты з практыкі ўзгадвае Валянціна Міхалевіч

Валянціна Міхалевіч прывяла і іншыя факты са сваёй практыкі. Жанчыне 95, а яе розум абсалютна ясны. Расказвае царкоўныя вершы, выконвае песні, многае памятае. Другая, значна маладзейшая, таксама памятае, але толькі тое, што было ў яе дзяцінстве і маладосці. У той жа час забывае зняць з агню патэльню або каструлю, выключыць святло, не памятае, дзе паклала грошы, і г.д.

Як жа распазнаць, што падступае каварнае захворванне? Загадчыца аддзялення ўрачоў агульнай практыкі цэнтральнай раённай бальніцы, урач-герантолаг Ганна Бурко адзначыла, што першы званочак раздаецца тады, калі чалавек забывае, куды паклаў тую ці іншую рэч, імя знаёмага або штосьці іншае. Гэта лёгкая ступень дэменцыі, якая можа доўжыцца ад 2 да 10 гадоў. Для сярэдняй характэрныя наступныя прыкметы: чалавек губляе нітку размовы, у яго бяссонне і дэпрэсія. Пры цяжкай ступені ўжо не разумее, што з ім адбываецца, не памятае, хто ён і дзе знаходзіцца, дэзарыентуецца ў часе, можа ­стаць агрэсіўным. Перастае пазнаваць родных, пагружаецца ў апатыю, не адчувае голаду і смагі, не можа ха­дзіць. І гэта становіцца праблемай не толькі самога хворага, але і яго блізкіх.

Карысныя парады дае ўрач-герантолаг Ганна Бурко

Чароўнай таблеткі ад дэменцыі няма. Таму вельмі актуальная прафілактыка. Пра яе гаварылі як Ганна Бурко, так і кіраўнік гуртка аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН Наталля Худзякова. Важна правільна харчавацца: ужываць больш агародніны, садавіны, натуральназерневых прадуктаў, абмежаваць спажыванне солі, адмовіцца ад курэння і алкаголю. Пажадана больш рухацца, займацца фізкультурай, часцей знаходзіцца на свежым паветры, шукаць новыя захапленні і заняткі, трэніраваць памяць. Карысна чытаць, разгадваць крыжаванкі, гуляць у шашкі і шахматы, абмяркоўваць культурныя і палітычныя падзеі, выконваць нескладаныя работы ў садзе і агародзе. Згубна ўздзейнічае на чалавека адзінота. Ні ў якім выпадку нельга замыкацца ў сабе. Абавязкова павінен быць кантакт з роднымі, сябрамі, суседзямі, знаёмымі. Пры з’яўленні прыкмет захворвання трэба звяртацца да тэрапеўта або ўрача агульнай практыкі. Медыкаментозная тэрапія аблегчыць і замарудзіць працяканне хваробы.

Сімптомы захворвання: праблемы з памяццю, змяненне настрою і паводзін, блытаніна ў часе і абстаноўцы, цяжкасці з выкананнем паўсядзённых задач, замкнутасць, нежаданне знаходзіцца сярод людзей.

Удзельнікі круглага стала расказвалі пра жыццёвыя сітуацыі, з якімі ім даводзіцца сутыкацца, раіліся, як правільна паступіць у тым ці іншым выпадку, задавалі пытанні ўрачу-герантолагу і атрымлівалі кампетэнтныя адказы. Супрацоўнікі аддзялення кругласутачнага знахо­джання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН падзяліліся вопытам работы з імі па прафілактыцы дэменцыі.

Тэкст і фота Фаіны Касаткінай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.