В выставочном зале дворца Тизенгаузов открылась выставка живописи лынтупчанина Геннадия Домжи

Культура

Радзімы мілыя куточкі…

Каб палюбавацца маляўнічымі краявідамі Лынтупшчыны, ехаць туды неабавязкова. Можна проста схадзіць у палац Тызенгаўзаў, дзе размешчаны экспазіцыі раённага краязнаўчага музея. Нядаўна там адкрылася выстава жывапісу лынтупчаніна Генадзія Домжы. Пра яго талент не ведалі нават многія землякі! Што ж, давайце выпраўляць сітуацыю.

…Асенні парк, разлітая ўвесну рака Лынтупка, мясцовы касцёл, абразы, масток ля палаца Бішэўскага, «лядоўня», якая не­калі належала гэтаму пану… Вось толькі частка сюжэтаў 15 выстаўленых карцін. На кожнай з іх пазначаны год напісання. Заўважаю: некаторыя работы датуюцца пачаткам 1990-х. Гэта значыць, што аўтар сябруе з фарбамі і палатном як мінімум 30 гадоў! Калі і з чаго пачалося яго захапленне жывапісам?

— Маляваць любіў яшчэ ў школе, — расказваў Генадзій Домжа, з якім мы сустрэліся ў выставачнай зале. — Урокі выяўленчага мастацтва былі аднымі з самых любімых, але ў той час перавагу аддаваў яшчэ аднаму хобі — музыцы. Быў у складзе ансамбля пры мясцовым Доме культуры, спяваў, іграў на гітары, разам з іншымі музыкантамі выступаў на танцпляцоўцы і розных сцэнах раёна. Пасля заканчэння школы вырашыў паступаць у Наваполацкае музычнае вучылішча. Выбраў ударна-духавое аддзяленне. Але так склалася, што правучыўся там толькі год. І дзякуючы збегу абставін вярнуўся да малявання…

Адбылося гэта таму, што Генадзій з сям’ёй пераехаў жыць у Літву. У Снечкусе (сучасным Вісагінасе) працаваў на будоўлі атамнай электрастанцыі. Там трапіў у акружэнне прафесійных мастакоў, якія набіралі ў сваю «каманду» маладых людзей, здольных да малявання. Тады яшчэ 22-гадовы лынтупчанін пачаў займацца афармленнем стэндаў, плакатаў, пано… Далей была работа мастаком-афарміцелем на адным з літоўскіх заводаў і завочная вучоба на факультэце выяўленчага мастацтва ў маскоўскім універсітэце.

Пасля развалу Савецкага Саюза Генадзій вярнуўся ў родны пасёлак, 15 гадоў адпрацаваў на мясцовым спіртзаводзе. Фарбы і палатно не закінуў — маляваў для душы.

Першыя сур’ёзныя работы з’явіліся ў пачатку 1990-х. Тады былі намаляваны лынтупскі касцёл, краявіды каля возера Нарач… Даўно працуе і з дрэвам: на станку і ўручную робіць рамкі, кубкі, гравюры і інш.

— Я вельмі люблю бываць на прыродзе, — працягваў размову мастак. — Прычым сэрцу мілая любая пара года. І ў самім пасёлку, і непадалёк ад яго столькі чароўных пейзажаў, толькі паспявай рабіць эскізы! Бывае, што і людзі падказваюць тэмы новых работ. Аднойчы жанчына, якая пераязджала з Лынтуп у Ізраіль, папрасіла намаляваць ёй на памяць беларускую зіму. Жыхарка аднаго хутара ў Літве, якую жыццё прымусіла стаць гараджанкай, пажадала ўзяць з сабой гравюру роднай хаты. Я выдатна разумею тых, хто хоча захаваць у памяці дарагія сэрцу куточкі.

У мастака даўно з’явілася задума намаляваць серыю карцін з храмамі Пастаўшчыны і суседніх раёнаў. Пад «прыцэлам» — касцёлы ў Лучаі, Відзах, Мосары… Праўда, пра творчыя планы аўтар гаварыў вельмі асцярожна: у апошні час пагоршылася здароўе, лячэнне забірае шмат душэўных сіл.

Паглядзець выставу ў палацы Тызенгаўзаў можна да пачатку сакавіка. Пасля яе завяршэння некалькі карцін Генадзій Домжа перадасць у лынтупскі касцёл, некаторыя ўпрыгожаць дамы сяброў. А тыя, што застануцца, будуць натхняць на актыўную творчасць.

Іна Сняжкова. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.