Возле памятника воинам-интернационалистам в Поставах «афганцы» вспомнили своих боевых товарищей

Важное Общество

Хвілінай маўчання, збройным залпам і кветкамі

У мінулую пятніцу каля помніка воінам-інтэрнацыяналістам у скверы па вуліцы Гагарына ў Паставах прайшоў мітынг, прысвечаны 31-й гадавіне вываду савецкіх войск з Афганістана.

На яго сабраліся прадстаўнікі раённай улады, ваеннага камісарыята, сілавых структур, грамадскіх аб’яднанняў «Белая Русь», БРСМ, члены працоўных калектываў прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў, ветэраны Узброеных Сіл, навучэнцы школ і каледжа. Галоўныя героі ўрачыстасці — былыя салдаты, прапаршчыкі, афіцэры, лёс якіх звязаны з Афганістанам і іншымі гарачымі кропкамі планеты — з чырвонымі гваздзікамі ў руках стаялі групкамі. У лёсе кожнага вайна пакінула свой адбітак, і ў гэты дзень яны ўзгадвалі баявых таварышаў, з кім дзялілі паёк, тыя цяжкія ўмовы, у якіх выжывалі, загінулых сяброў. Каля ветэранаў спыняліся маладыя ваеннаслужачыя: ім было цікава паслухаць успаміны.

Радавыя Антон Копцеў і Уладзіслаў Косемеж з 1-га радыётэхнічнага цэнтра з ветэранамі афганскай вайны Валерыем Клімчэнем, Юрыем Каравацкім і Аляксандрам Рамановічам

Ветэраны афганскай вайны Валерый Клімчэня, Юрый Каравацкі і Аляксандр Рамановіч выконвалі інтэрнацыянальны абавязак у розных кропках і ў розны час, але перажытае пакінула аднолькавы боль у іх сэрцах. І больш чым праз 30 гадоў яны адкрыта гавораць пра мужнасць савецкіх воінаў, заклікаюць маладое пакаленне пільна стаяць на варце рубяжоў нашай краіны.

Ганаровая варта каля помніка воінам-інтэрнацыяналістам

Мікалай Маціеўскі, які разам з іншымі выконваў свой воінскі абавязак у складзе абмежаванага кантынгенту савецкіх войск у Афганістане, быў сведкам і ўдзельнікам тых трагічных падзей. Звяртаючыся да прысутных, ён гаварыў:

— 31 год назад 15 лютага апошні савецкі салдат пакінуў Афганістан. Для нас, ветэранаў-«афганцаў», гэта святы дзень. Жудасная вайна доўжылася 9 гадоў, 1 месяц і 18 дзён. У ёй загінула больш за 15 тысяч чалавек, амаль 800 з іх — ураджэнцы Беларусі. У неймаверна цяжкіх умовах, на чужой зямлі, удалечыні ад дому, пастаянна падвяргаючыся смяротнай небяспецы, нашы воіны захавалі вернасць ваеннай прысязе і чалавечаму абавязку, прымножылі слаўныя традыцыі нашай арміі, умацавалі баявое братэрства. Мы ўмеем цаніць спакой і мірнае неба над Беларуссю.

А Міхаіла Лапко, Аляксандра Урбеля, Радзівона Мішуту і Сяргея Галяка дадому даставіў «чорны цюльпан». 15 лютага іх магілы разам з роднымі наведалі прадстаўнікі ваенкамата Віктар Баравік і Андрэй Малевіч, раённай ветэранскай арганізацыі  — Уладзімір Маркаў і Юрый Копасаў. Усклалі вянкі ад раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў, кветкі. Памяць пра ўсіх, хто аддаў сваё жыццё на афганскай зямлі, на мітынгу ўшанавалі хвілінай маўчання. Да помніка ляглі вянкі і жывыя чырвоныя гваздзікі. Прагучаў трохразовы збройны салют.

Ваеннаслужачыя 1-га ваеннага шпіталя органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь Віталій Вярбіцкі і Аляксандр Гайлюш рады сустрэчы з былым воінам-«афганцам» Антонам Квяткоўскім, які ў свой час працаваў тут вадзіцелем

Урачыстасць прадоўжылася ў раённым Доме культуры па вуліцы Станкевіча. Да прысутных звярнуўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто.

— Сёння мы сабраліся, каб аддаць даніну павагі воінам-інтэрнацыяналістам, якім выпала выпрабаванне ў мірны для нашай краіны час зведаць, што такое вайна, — гаварыў Пётр Леанідавіч. — Вы справіліся з пастаўленымі задачамі, годна выканалі свой воінскі абавязак, засталіся вернымі прысязе і Радзіме. Мужчынская дружба і баявое братэрства, якія дапамагалі многім на полі бою, згуртоўваюць вас і зараз. Кожны воін-«афганец» можа ганарыцца сваім мінулым. Вельмі добра, што многія з вас актыўныя і зараз,  прапагандуюць патрыятызм, удзельнічаюць у выхаванні моладзі.

Пётр Курто ўручыў старшыні раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Валерыю Лушчыку сцяг арганізацыі. Валерый Антонавіч у сваю чаргу шчыра па­дзякаваў віноўнікам урачыстасці за  актыўную грамадзянскую пазіцыю, выказаў надзею, што яны і ў далейшым будуць  памочнікамі ва ўвасабленні ў жыццё  галоўных каштоўнасцей, пажадаў усім мірнага неба, шчасця, дабрабыту.

Затым гледачоў парадавалі канцэртнымі нумарамі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці раённага Дома культуры.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.