Выявить проблемы и помочь их решить — главные задачи наблюдательной комиссии сельисполкома

Местная власть

Выявіць праблемы і дапамагчы вырашыць

Прыехаўшы нядаўна ў Варапаева, на адной з вуліц сустрэла групу людзей, сярод якіх былі прадстаўнікі сельвыканкама, сацыяльнай абароны, пажарнай службы, медык.

— Гэта члены назіральнай камісіі сельскага выканаўчага камітэта, якая два разы ў месяц праводзіць абследаванне ­адзінокіх пажылых, інвалідаў, мнагадзетных сем’яў і тых, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, іншых катэгорый насельніцтва, — патлумачыла справавод Варапаеўскага сельвыканкама і сакратар камісіі Аксана Наумец. — Такое шырокае прадстаўніцтва дазваляе поўна абследаваць кожнае домаўладанне. Узначальвае камісію старшыня сельскага Савета Іна Касарэўская.

На тэрыторыі сельсавета на 1 сту­дзеня было 1 564 дамы і 2 029 кватэр, у якіх пражываюць 2 265 чалавек працаздольнага ўзросту, 36 мнага­дзетных сем’яў, амаль 1 500 пенсіянераў. З іх 77 адзінокіх грамадзян і 408 адзінокапражываючых, 160 — інваліды I або II групы, 38 з іх адзінокапражываючыя, 9 — адзінокія. 55 чалавек злоўжыва­юць спіртным і вядуць асацыяльны лад жыцця, усе яны пад пільным наглядам сельвыканкама і розных службаў райвыканкама. Пад асаблівай увагай знаходзяцца дзеці, якія выхоўваюцца ў нядобранадзейных сем’ях.

Члены назіральнай камісіі ў Гені Зарэцкай

Члены назіральнай камісіі правяра­юць стан электраправодкі, пячнога ацяплення, наяўнасць пажарных апавяшчальнікаў, санітарныя ўмовы дамоў і кватэр, прыдамавыя тэрыторыі. Выслухоўваюць просьбы і пажаданні гаспадароў. Па выніках агляду фарміруюць спісы тых, каму патрэбна дапамога. Ва ўзаемадзеянні з тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркай, прадпрыемствамі і арганізацыямі, у якіх працуюць гаспадары гэтых домаўладанняў, выяўленыя парушэнні імкнуцца вырашаць аператыўна.

— Быў выпадак, калі ў адной бабулі пасля праверкі пячнога ацяплення выявілі трэшчыны на дымаходзе, — апавядала Аксана Наумец. — Патэлефанавалі яе дзецям, тыя ўхілілі праблему. Нядобранадзейных грамадзян выклікаем на пасяджэнні савета пункта аховы правапарадку, ушчуваем, выхоўваем.

У той дзень разам з членамі назіральнай камісіі заглянула да 82-гадовай Гені Іосіфаўны Зарэцкай. У аднапакаёвай кватэры жанчына жыве адна. Толькі што вярнулася з касцёла і была рада прыходу шматлікіх гасцей. Запрасіла прысесці, расказала пра жыццё, запэўніла, што ўсё ў яе ў парадку: клапоціцца малодшы сын, які жыве ў гарпасёлку, часта тэлефануе з Вільнюса старэйшы, прыязджаюць пляменнікі, праведваюць суседзі і сябры. Дома цёпла і ўтульна. Геня Іосіфаўна дзякавала інспектару сацыяльнай службы Але Свілёнак за сацыяльнага работніка Алесю Ходан, адзначала яе надзвычайную дабрыню, чуласць, клопат. Не адмовілася гаспадыня ад прапановы ўрача агульнай практыкі Таццяны Беляковай змераць ціск. Сяргей Кадушкевіч, начальнік пажарна-выратавальнага паста №13, размешчанага ў Варапаеве, уважліва агледзеў разеткі, ацяпленне. Заўваг у спецыяліста не было.

— Прыемна бываць у такіх людзей, як Геня Іосіфаўна, — гаварыла Аксана Наумец. — А калі бачым, што пажылым цяжка самім упраўляцца з гаспадарчымі справамі, тады прапануем паслугі сацыяльнага работніка. Чалавек адзінокі і хворы — хадайнічаем аб афармленні яго на сацыяльны ложак у Навадруцкую бальніцу сястрынскага догляду або ў аддзяленне кругласутачнага знаходжання ­ТЦСАН, дзе для такой катэгорыі насельніцтва створаны ўсе ўмовы. Не ва ўсіх дамах сустракаюць прыветна: некаторыя могуць не адчыніць дзвярэй. У нядобранадзейныя сем’і ідзём разам з работнікам міліцыі. Наша задача — высветліць, каму патрэбна дапамога, а каму — кантроль. Работа назіральнай камісіі накіравана на своечасовае выяўленне недахопаў, якія ствараюць пагрозу жыццю, і іх ухіленне.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.