«Я мечтаю быть там, где меня любят!» IT-лагерь You can для подростков-сирот — это больше, чем просто обучение

Важное Общество

Без масак і ярлыкоў, але з душой і эмоцыямі

Год назад да пастаўчанкі Рыты Шылей звярнулася Кацярына Брыль з Мінска. Яна ўжо ў другі раз арганізоўвала IT-лагер для падлеткаў-сірот You can («Ты можаш»). Там іх бясплатна навучаюць азам праграмавання. Каця прапанавала Рыце зрабіць псіхалагічныя партрэты юнакоў і дзяўчат у пачатку і ў канцы змены. Тая доўга вагалася і ўсё ж вырашыла паспрабаваць.

— Кацярына раней працавала ў дабрачынным фондзе Unihelp і курыравала збор сродкоў для маёй хворай дачкі Сафіі, — успамінала Рыта Шылей. — Я адразу зразумела, што ў гэтай не па гадах мудрай дзяўчыны вялікае сэрца. Калі яна пачынала праект, ёй было ўсяго 23 (!). Каб рэалізаваць задуманае, знайсці спонсараў, Кацярыне давялося абабіць парогі дзясяткаў кампаній, арганізацый, безліч разоў пачуць у адказ «не!». Але смеласць і настойлівасць узялі сваё.

На мінулых зімовых канікулах пад Мінскам была арганізавана трэцяя па ліку змена You can. Яна аб’яднала 70 падлеткаў ва ўзросце ад 13 да 17 гадоў з розных рэгіёнаў краіны. Большасць з іх пражываюць у апякунскіх сем’ях, SOS-дзіцячых вёсках.

Дар’я Шылей (у цэнтры) з арганізатарам You can Кацярынай Брыль (другая справа) і ўдзельнікамі лагера

— І ў мінулым годзе, і сёлета мы з псіхолагам шмат размаўлялі з дзецьмі адзін на адзін, — расказвала Рыта. — Да многіх рэчаў я аказалася маральна не гатовая. Адна дзяўчына, напрыклад, расказвала, як яе п’яная маці ўтапілася ў ванне. Другая гаварыла, што мама пакінула яе ў Доме малюткі і што больш за ўсё на свеце яна марыць… не стаць такой, як мама. Наогул, у кожнага, з кім мы шчыра размаўлялі, свая няпростая і вельмі балючая гісторыя. Тым не менш я ўбачыла ў «юкэнаўцах» не складаных падлеткаў, а дзяцей з адкрытымі сэрцамі. Некаторыя падыходзілі і абдымалі мяне, па сутнасці, чужога чалавека, адкрываліся мне. А ці маюць яны такую магчымасць па-за лагерам? На жаль, сёння  ў грамадстве ёсць шмат негатыўных стэрэатыпаў наконт дзяцей-сірот. Пасля часу, праведзенага з імі, магу сказаць: кожны з іх не падобны да іншага і варты асаблівай увагі.

Працуючы ў лагеры, Рыта пачала асвойваць журналісцкае рамяство: запісвала інтэрв’ю з падлеткамі, а потым размяшчала на афіцыйным сайце праекта www.youcan.by. Дзялюся з чытачамі думкамі Соні Нядзелькі са Слуцка, з якой Рыта таксама размаўляла.

«Разумееце, жыццё кароткае, і трэба памятаць пра гэта. Неабходна ўсё паспець. Трэба ез­дзіць да людзей, старэйшых за цябе. Бабуля па мамінай лініі памірала на маіх руках. У мяне засталося шмат звязаных з ёй успамінаў: як рабілі разам  урокі, як яна вучыла мяне цярплівасці і пакорлівасці.

Кожную нядзелю я хаджу ў храм… Магу зайсці і ў каталіцкі, і ў праваслаўны. Менавіта ў храме знаходжу адказы на многія пытанні. Лічу, што нам даецца па нашых справах. Калі даецца хвароба, трэба прааналізаваць сваё жыццё, свае крыўды. Магчыма, яна дадзена для таго, каб ты стаў міласэрным».

Сярод удзельнікаў трэцяй змены IT-лагера было 10 дзяцей з поўных сем’яў. Такой магчымасцю скарысталася і старэйшая дачка Рыты Шылей — 14-гадовая Даша, якая вучыцца ў 9 класе гімназіі.

Перад ад’ездам я крыху хвалявалася, што, магчыма, буду чымсьці адрознівацца ад іншых падлеткаў, — дзялілася ўражаннямі Даша Шылей. — Як аказалася, дарэмна. Мы ўсе вельмі хутка здружыліся, а цяпер перапісваемся і перазвоньваемся. Насамрэч мне было вельмі цікава трапіць у абсалютна новую для мяне абстаноўку. Усе мерапрыемствы ў лагеры былі цікавымі і пазнавальнымі. У якасці выкладчыкаў запрашаліся вядомыя айцішнікі, піяршчыкі, творцы, якія вучылі нас праграмаванню, дызайну, інтэрнэт-маркетынгу, блогінгу… Запомніліся і заняткі гасцей з Санкт-Пецярбурга — прадстаўнікоў Эксперыментальнай Школы Эвалюцыйнага Развіцця (ЭШЭР). Таксама кожны з нас у групах па 8 чалавек распрацоўваў уласны праект. Мая тэма была «Я і грамадства». Мы з сябрамі прапанавалі ства­рыць лагер Family Star, дзе сумесна пражывалі б дзеці-сіроты і людзі пажылога ўзросту, якія многаму маглі б навучыць адно аднаго.

Лагер You can аказаўся карысным для Дашы і з яшчэ аднаго, нечаканага, боку.

Перад ад’ездам дадому Даша падышла да мяне і сказала: «Мама, дзякуй, што ты ў мяне ёсць!» — праслязілася Рыта Шылей. — За гэтыя 9 дзён дачка зразумела, што дзяцінства можа быць іншым, што яна можа лічыць сябе шчаслівай ужо толькі таму, што ў яе ёсць мама, тата, сястрычка, бабулі, якія яе вельмі любяць. А гэта ў жыцці самае галоўнае.

Кацярына Брыль змагла аб’яднаць вакол сябе каманду прафесіяналаў з самых розных сфер. А колькі сіл і эмоцый уклала ў праект сама! Каб пераканацца ў яе адкрытасці, шчырасці, дастаткова пагартаць яе старонку ў Facebook, дзе яна актыўна дзеліцца сваімі думкамі і пачуццямі.

Гэтыя словы Кацярына пры­свяціла трэцяй змене You can:

«Мы вучыліся, плакалі, танцавалі, спрачаліся, сварыліся, мірыліся, абдымаліся, смяяліся, здзіўлялі адно аднаго… І гэта было па-сапраўднаму. Без масак і ярлыкоў. Але з эмоцыямі і душой. Мы расказвалі пра свой боль і пра свае мары. Неяк адзін «юкэнавец» сказаў: «Я мару быць там, дзе мяне любяць!» І ўся група падышла абняць хлопца кажучы: «Ты ўжо тут!»

Я не хацела плакаць, але слёзы ліліся самі. You can — гэта больш, чым проста навучанне. Гэта пра крылы за спіной. Пра сваіх людзей, пра свет, у якім я хачу быць».

…Правядзенне чацвёртай змены IТ-лагера запланавана на чэрвень 2020 года. Каб адабраць туды толькі высокаматываваных дзяцей, арганізатары разашлюць па ўсіх спецыялізаваных установах Беларусі тэставыя заданні. Прайсці іх могуць падлеткі і з пастаўскіх прыёмных сем’яў.

Іна Сняжкова
Фота Аляксандры Бажок



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.