«Земля — величайшая ценность». Интервью с начальником отдела землеустройства райисполкома Еленой Иваньковой

Местная власть

Зямля гаспадарам аддзячыць

Паслязаўтра – прафесійнае свята работнікаў землеўпарадкавальнай і картографа-геадэзічнай службы. Напярэдадні яго карэспандэнт «Пастаўскага краю» пагутарыла з начальнікам аддзела землеўпарадкавання райвыканкама Аленай Іваньковай.

— Алена Вітальеўна, найперш раскажыце пра калектыў аддзела.

— Ён невялікі. У штаце, акрамя мяне, мой намеснік Аляксей Латушкін і 3 галоўныя спецыялісты: Ніна Зілгалава, Андрэй Антух і Уладзіслаў Трашчынскі. Хачу назваць і нашых ветэранаў: Тамару Цыбліенку, Лілію Раманенкаву, Ірыну Сяліцкую, На­дзею Давідовіч, Наталлю Базелеву. Усе яны адказна выконвалі свае абавязкі, перадавалі вопыт маладзейшым. Цікавяцца справамі аддзела і зараз, знаходзячыся на пенсіі. Мы таксама не забываем іх.

— Якія функцыі ўскла­дзены на аддзел?

— Работы ў нас вельмі шмат. Адказваем за захаванне заканадаўчых актаў, якія рэгулю­юць зямельныя адносіны (прадастаўленне ўчасткаў ва ўлас­насць або ў пажыццёва-спадчыннае ўладанне, пастаяннае карыстанне, арэнду), падрыхтоўку да разгляду зямельных спрэчак і зваротаў, ажыццяўленне кантролю за выкарыстаннем зямель і іншае.

Калектыў аддзела землеўпарадкавання райвыканкама, справа — начальнік Алена Іванькова

— Наколькі плённым быў мінулы год?

— На працягу 2018—2019 гадоў абноўлена зямельна-інфармацыйная сістэма раёна. Спецыялісты аддзела сумесна з прадстаўнікамі праектнага інстытута «Віцебскгіпразем» правялі вялікую работу па ўдакладненні землекарыстальнікаў, уласнікаў участкаў і відаў зямель. Участкі, якія не выкарыстоўваліся ў сельскіх населеных пунктах, перададзены сельгасарганізацыям для ўключэння іх у сельгасабарот. З мэтай навядзення парадку было пераразмеркавана 2000 гектараў зямель сельскагаспадарчага прызначэння. Прыцягнута ў сельгасабарот 31,5 гектара, размешчаных уздоўж дарог мясцовага значэння. Шмат зроблена па прадастаўленні, адыманні і пераразмеркаванні ўчасткаў. За год з «Віцебскгіпразема» ў наш аддзел паступіла 447 землекарыстальных спраў, з іх 40 матэрыялаў папярэдняга ўзгаднення з актамі выбару зямельных участкаў. Падрыхтавана і вынесена на абмеркаванне райвыканкама 440 праектаў рашэнняў, сельвыканкамамі — 232. Распрацавана 7 праектаў адводу па прадастаўленні ўчасткаў для вядзення сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак.

Праведзена 119 абследаванняў захавання зямельнага заканадаўства, 59 парушальнікаў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Найбольшая колькасць парушэнняў звязана з невыкарыстаннем без уважлівых прычын зямельных участкаў, дадзеных для вядзення асабістых падсобных гаспадарак, абслугоўвання жылых дамоў, садаводства.

— З гэтага вынікае, што і попыт на ўчасткі зараз, напэўна, невялікі.

 — Так, і ён змяншаецца з кожным годам. Летась для вядзення асабістых падсобных гаспадарак прадастаўлена ўсяго 17 участкаў агульнай плошчай 15 гектараў. У той жа час ад 79 участкаў грама­дзяне адмовіліся. Галоўная прычына ў тым, што скарачаецца колькасць сельскага насельніцтва, яно старэе, ва ўласнасці ўтрымліваецца ўсё менш жывёлы.

Для таго, каб вяскоўцам мець менш клопатаў з апрацоўкай зямель, усё шырэй праводзіцца работа па ўцягненні зямель грамадзян у палі севазвароту сельгасарганізацый. У мінулым годзе такім чынам апрацоўваліся 602 гектары. Аднак гэта практыкуецца, на жаль, не ва ўсіх сельгасарганізацыях.

 На пачатак бягучага года ў раёне маецца 647 участкаў агульнай плошчай 130,8 гектара (у тым ліку 22 — у Паставах), якія могуць быць прадастаўлены грамадзянам для будаўніцтва жылых дамоў, і 119 плошчай 11,8 гектара — у садаводчых таварыствах.

— У той жа час шэраг участкаў выстаўляецца на аўкцыён.

— Рашэннем Віцебскага аблвыканкама ад 28 мая 2010 года №413 зацверджаны пералік 80 сельскіх населеных пунктаў нашага раёна і горад Паставы, у якіх участкі для будаўніцтва і абслугоўвання прадастаўляюцца па выніках аўкцыёнаў. Летась праведзена 5 рэзультатыўных аўкцыёнаў па продажы ўчасткаў у прыватную ўласнасць і 2 — на права заключэння дагавораў арэнды. На бягучы год запланаваны 10 аўкцыёнаў.

— Алена Вітальеўна, пра што вам хацелася б сказаць у завяршэнне інтэрв’ю?

— Пра тое, што зямля — найвялікшая каштоўнасць, і людзі павінны быць на ёй гаспадарамі. Памятайце, што, прымаючы актыўны ўдзел у добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на зямлі, мы зробім сваё жыццё больш камфортным.

Фаіна Касаткіна
Фота Сяргея Вшыўкава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.