Жители улицы Пушкина в Поставах обратились в «ПК» за помощью: не могли наблюдать за брошенной соседской овчаркой

Важное Общество

І ўсё ж сабаку шкада…

«Добры дзень, шаноўная рэдакцыя! Звяртаемся да вас як да апошняй інстанцыі. Проста няма сіл больш цярпець: мы, жыхары вуліцы Пушкіна ў райцэнтры, з верасня назіраем, як адна аўчарка пакінутана волю лёсу… Дапамажыце прыцягнуць гора-гаспадыню да адказнасці». Так пачынаецца ліст,  дасланы ў рэдакцыю за подпісам шасці чалавек.

У сціслай форме змест звароту наступны. Гаспадыня «спрэчнага» сабакі (так яе называюць заяўнікі) у цёплую пару года жыве ў прыватным сектары Пастаў, а на зіму перабіраецца ў кватэру ў адным з мікрараёнаў горада. Летась завяла хатняга гадаванца, якога пры змене месца жыхарства пакінула аднаго на вуліцы Пушкіна. Карміць прыходзіць праз дзень-два, а то і тры. Аднойчы суседзі не бачылі жанчыну ажно 5 дзён. Галодны сабака грыміць пустымі каструлямі, бясконца брэша, зрываецца з ланцуга. Аўтары ліста падкормлівалі аўчарку, а калі гаспадыня закрыла яе ў хаце, каб не мазоліла вочы чуллівым суседзям, пачалі кідаць ежу праз фортачку (!). Прэтэнзій да ўласніцы жывёлы ў суседзяў дзве. Першая — адсутнасць у гадаванца рэгістрацыі, як тое прадугледжана заканадаўствам. Другая — жорсткае абыходжанне і ігнараванне санітарна-ветэрынарных норм пры яго ўтрыманні. Каб прыцягнуць суседку да адказнасці, звярталіся да ўчастковага, у раённую інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. «І ўсе гавораць, што не маюць права заходзіць у дом, маўляў, прыватная ўласнасць. Але гэтая ўласнасць знаходзіцца не дзесьці ў лесе, а на гарадской вуліцы, дзе дамы стаяць блізка адзін ад аднаго. У якія інстанцыі звяртацца, каб хоць як-небудзь адрэагавалі?» — задаюць пытанне аўтары ліста.

Што тэлефонныя звароты былі, пацвердзілі і ў ахове прыроды, і ў міліцыі. У інспекцыі заяўнікам патлумачылі, што спецыялізуюцца на дзікіх жывёлах, але, калі справа не вырашыцца, абяцалі пасадзейнічаць. Аднак сюды больш ніхто не патэлефанаваў. Участковы інспектар па названым адрасе выязджаў некалькі разоў, размаўляў з гаспадыняй сабакі па тэлефоне.

Канешне, прыватную ўласнасць ніхто не адмяняў, але тут справа яшчэ і ў тым, што факта жорсткага абыходжання з жывёлінай няма, а значыць, няма і складу правапарушэння, — тлумачыў участковы міліцыянер Алег Шаркоўскі. — А вось за адсутнасць рэгістрацыі сабакі грама­дзянка прыцягнута да адказнасці ва ўстаноўленым законам парадку.

Тое, што сабака не зарэгістраваны, мне крыху раней пацвердзіў і начальнік ЖЭУ Аляксандр Касаткін. Ён патлумачыў, што, у адпаведнасці з заканадаўствам, дарослых сабак і катоў неабходна рэгістраваць на працягу трох дзён з моманту набыцця, шчанюкоў і кацянят — ва ўзросце 3-3,5 месяца. Калі ў вас адзін сабака і вы пражываеце ў прыватным сектары, плаціць падатак на яго не трэба. Што да санітарна-ветэрынарных норм, якія, згодна з Правіламі ўтрымання хатніх сабак, катоў, а таксама адлову безнаглядных жывёл у населеных пунктах Рэспублікі Беларусь, павінны выконваць гаспадары гадаванцаў, то іх не існуе ўвогуле. Пра гэта даведалася ад спецыялістаў раённай ветэрынарнай станцыі. Прапісаны гэтыя нормы толькі ў дачыненні да прадукцыйных жывёл, якія маюцца ў асабістых падсобных гаспадарках. Дарэчы, няма і замацаванага ў заканадаўстве паняцця, што трэба лі­чыць жорсткім абыходжаннем з жывёламі. Чакалася, што гэту дэфініцыю раскрые закон «Аб абыходжанні з жывёламі», але ён пакуль не прыняты.  Пра што не варта забываць гаспадарам сабак і катоў, дык гэта пра прышчэпкі супраць шаленства. Іх ветэрынары робяць кожную вясну бясплатна і незалежна ад таго, мае жывёліна рэгістрацыю ці не.    

Каб не быць прадузятай, я звязалася з уласніцай сабакі. У яе на праблему свой погляд. У прыватнасці, жанчына расказала, што аўчарку завяла, каб тая ахоўвала хату. Суседзі ж выкарыстоўваюць тэрыторыю яе ўчастка як прахадны двор, таму і падкормліваюць гадаванца, спадзеючыся, што ён не будзе брахаць. А аднойчы гаспадыня знайшла ў місцы косткі ад селядца, які жывёліне супрацьпаказана ўжываць. Каб абараніць сабаку ад нежаданай апекі, замкнула яго ў хаце. Але суседзі не супакойваюцца. 

Я кожны месяц купляю сабаку 15-18 кілаграмаў круп, косткі. Так, наведваю яго раз у дзень, бо не маю часу па аб’ектыўных прычынах. Але ён не галадае. Магу прад’явіць гадаванца на агляд усім службам, — заявіла суразмоўца.

Ацаніць стан жывёліны адпраўляюся разам са спецыялістам ветстанцыі. Рудольф (мянушка аўчаркі) віляе хвастом, лашчыцца да гаспадыні і яе дачкі. «Гаротнік» выглядае шыкоўна: сыты, поўсць блішчыць. «Сабака дагледжаны. Не падобна, што галадае», — выносіць вердыкт ветурач. 

Факта жорсткага абыходжання з жывёлінай тут няма. Але ўсё ж такі шкада сабачку, які, бясспрэчна, сумуе па гаспадарах, і суседзяў, якія вымушаны быць сведкамі яго адзіноты.

Вераніка Філановіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.