15 лет в Поставском костеле Святого Антония Падуанского служит сестра Констанция

Духовность

З радасцю служыць Богу і людзям

15 гадоў у пастаўскім касцёле Святога Антонія Падуанскага служыць сястра Канстанцыя. Карэспандэнт «ПК» Анна Анішкевіч пагутарыла з ёй пра асабістае пакліканне да манаскага жыцця, гісторыю ўзнікнення Кангрэгацыі сясцёр Маці Божай Міласэрнасці, да якой яна належыць, работу з моладдзю і іншае.

— Сястра Канстанцыя, найперш раскажыце пра сябе.

— Нарадзілася ў Літве. У Вільнюсе жывуць мае бацькі і тры старэйшыя сястры. Сям’я каталіцкая, глыбокаверуючая.

— Калі адчулі пакліканне да манаскага жыцця?

— Я расла звычайнай дзяўчынай. Разам з сяброўкамі хадзіла ў касцёл, удзельнічала ў розных моладзевых рухах і марыла пра мужа, дом, дзяцей. У касцёле Святога Духа ў Вільнюсе быў абраз Езуса Міласэрнага. Менавіта перад ім любіла маліцца. У красавіку 1993 года паехала ў пілігрымку ў Італію на беатыфікацыю сястры Фаустыны. Гэта святая нарадзілася 25 жніўня 1905 года ў Польшчы. Пры хросце яе назвалі Хэленай. 1 лістапада 1925 года яна ўступіла ў Кангрэгацыю сясцёр Маці Божай Міласэрнасці і атрымала імя Фаустына. Працавала ў  Кракаве, Варшаве, Вільнюсе. Выконвала абавязкі кухаркі, садоўніцы, брамніцы. Езус выбраў яе вестуном культу Божай міласэрнасці, прадыктаваў Вяночак Божай Міласэрнасці. Па яе ўяўленні быў намаляваны абраз «Езу, давяраю Табе».

Сястра Фаустына пражыла ўсяго 33 гады. Пасля сябе пакінула «Дзённік» — гісторыю зносін душы з Богам. Ён складаецца з 6 сшыткаў, якія яна пісала па выразным загадзе Езуса Хрыста. У кнізе апісаны містычныя сустрэчы святой з Панам Богам і перададзена пасланне Божай Міласэрнасці. «Дзённік» перакладзены больш чым на 80 моў свету, у тым ліку на беларускую.

Пасля пілігрымкі ў Італію ў маім сэрцы зарадзілася жаданне служыць Богу менавіта праз манаскае жыццё. Я доўга вагалася і малілася, спадзеючыся пачуць голас Усявышняга. Мяне зацягвала Божая Міласэрнасць. Восенню 1993 года Літву наведаў Папа Рымскі Ян Павел II. Пасля Імшы ў касцёле Святога Духа ён праходзіў праз рады вернікаў. Я падумала: калі Папа скіруе на мяне свой позірк, гэта будзе знакам, што я на правільным шляху. Так і здарылася: Ян Павел не проста паглядзеў на мяне, а паклаў руку на маю галаву. Сумненне прайшло. Я знайшла адрас Кангрэгацыі сясцёр Маці Божай Міласэрнасці ў Кракаве, напісала туды пісьмо. Неўзабаве атрымала адказ з запрашэннем, сабрала рэчы і паехала ў Польшчу.

— Як успрынялі ваша рашэнне родныя?

— Мама плакала. Ёй цяжка было адпусціць мяне ў іншую краіну. Тата па-мужчынску маўчаў. А я ні разу не пашкадавала пра свой выбар.

— Раскажыце падрабязней пра Кангрэгацыю.

— Яна ўзнікла ў Францыі. У XIX стагоддзі там жыла графіня Тэрэза Рандо. Яна займалася выхаваннем дзяўчат, якія сышлі з правільнага шляху, заснавала для іх Дамы міласэрнасці. Графіня Патоцкая з Польшчы пераняла яе вопыт, і такі рух узнік у суседняй з нашай краіне. Цяпер праца сясцёр накіравана на работу з моладдзю. У Польшчы ёсць прытулкі, дзе маладая дзяўчына, якая чакае нараджэння дзіцяці, або пасля яго з’яўлення на свет можа ў іх спыніцца на некаторы час. У дамах закрытага тыпу пражыва­юць дзяўчаты, асуджаныя за тое ці іншае злачынства. Там яны атрымліваюць якую-небудзь прафесію, перавыхоўваюцца.

— Які шлях трэба прайсці, каб стаць сястрой гэтай Кангрэгацыі?

— Доўгі — 8 гадоў. Спачатку пастулат: дзяўчаты прыглядаюцца да жыцця сясцёр, тыя — да кандыдатак. Наступныя два гады — навіцыят: атрыманне новага імені, пазнанне законаў Кангрэгацыі, паглыбленае вывучэнне Святога Пісання. Пасля гэтага — першыя абяцанні. Падчас іх атрымліваюць габіт (спецыяльнае адзенне), крыж. На працягу наступных 5 гадоў кожная кандыдатка мае канкрэтныя абавязкі, вучыцца сумяшчаць іх выкананне з духоўным жыццём, малітвай, прадаўжае выпрабоўваць сябе. Калі адчуе, што гэта не яе прызванне, можа пакінуць Кангрэгацыю. А калі канчаткова ўпэўніцца  ў правільнасці выбару, складае вечны шлюб. 

— У якіх краінах свету служаць сёстры вашай Кангрэгацыі?

— У Бразіліі, Амерыцы, Чэхіі, Славакіі, Італіі, Казахстане, ва Украіне, на Кубе. У Беларусі — у Паставах і Шылавічах на Гро­дзеншчыне.

— Беларускі ёсць сярод вас?

— Так. Прычым дзве сястры — пастаўчанкі.

— Успомніце, як вас сустрэлі Паставы.

— 2005 год. Я прыехала сюды пасля працы ў Чанстахове і Кракаве, дзе рэлігійнае жыццё было насычаным. І спачатку разгубілася: што буду рабіць у гэтым невялікім гарадку, ці патрэбна тут наша Кангрэгацыя ўвогуле? Аднаго разу па нейкіх справах зайшла жанчына. Мы з ёй абмеркавалі яе пытанне, і на развітанне яна сказала: «Сястра Канстанцыя, як шмат працы ў нашай парафіі для сясцёр!» (Пан Езус заўсёды звяртаецца да нас праз іншых людзей.) Гэтыя словы натхнілі.

— Якія вашы абавязкі?

— Найперш распаўсюджанне культу Божай Міласэрнасці. І не толькі праз малітву. Мы імкнёмся служыць Богу, несці Яго людзям сваімі словамі і справамі. Разам са мной у Паставах працуе сястра Цыпрыяна. Разам з ёй праводзім заняткі ў «Святліцы» (зараз збіраецца больш за 30 дзетак), займаемся з моладдзю. Вядзём урокі рэлігіі, рыхтуем дзетак не толькі з горада, але і з вёсак да прыняцця Першай Камуніі. Сястра Цыпрыяна наведвае пастаяльцаў аддзялення кругласутачнага знаходжання ТЦСАН. У касцёле ствараем дэкарацыі да розных урачыстасцей. Ёсць супольнасць Святой Фаустыны, у якую ўваходзяць пераважна людзі старэйшага ўзросту. Тут яны вучацца жыць у духу міласэрнасці. Сумесна ла­дзім спецыяльныя набажэнствы (Вяночак да Божай Міласэрнасці). У Паставах вельмі актыўныя парафіяне, з імі лёгка гаварыць пра веру і Бога.

Фота Анны Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.