9 марта в отделении дневного пребывания для инвалидов Поставского ТЦСОН прошел необычный утренник

Общество

Свята асаблівых эмоцый

9 сакавіка ў аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў Пастаўскага ТЦСАН адбыўся незвычайны ранішнік. Ён адрозніваўся ад усіх тых, што прайшлі ў раёне напярэдадні 8 Сакавіка: перад сваімі мамамі выступалі не малыя, а ўжо дарослыя  людзі. Аднак кожны выступоўца змог пакарыць гледачоў сваёй дзіцячай непасрэднасцю, адкрытасцю, шчырасцю.

Людзям з інваліднасцю зрабіць творчыя падарункі намнога цяжэй, чым астатнім. Таму святочную праграму пачалі рыхтаваць ячшэ ў студзені. Кіраўнік гуртка Валерыя Кірэй распрацавала захапляльны сцэнарый. Па яе задумцы, прысутныя на свяце адправіліся ў 45-хвіліннае віртуальнае падарожжа. Прыпынкамі сталі ЗША, Паўночны полюс, Японія і Аўстралія. Ва ўяўляемых краінах усіх віталі каўбой, гейша, туземка, гавайская дзяўчына — менавіта ў іх пераўвасобіліся наведвальнікі аддзялення.

Пасля творчых нумароў кожны выступоўца запрашаў мам паў­дзельнічаць у вясёлых конкурсах.

— 8 Сакавіка — далёка не адзі­нае свята, якое мы адзначаем у пашыраным складзе, — гаварыла загадчыца аддзялення Вольга Гінько. — За агульны салодкі стол бацькоў запрашаем на Дзень сям’і, напярэдадні Новага года… Дзякуючы спонсарам удаецца парадаваць нашых наведвальнікаў невялікімі падарункамі. А сёння змаглі зра­біць сюрпрыз і мамам: напрыканцы свята дзеці ўручылі ім букеты цюльпанаў. Кветкі нам перадала пастаўчанка Надзея Таміліна, за што мы ёй вельмі ўдзячныя.

У спісе тых, хто пастаянна наведвае аддзяленне, 40 чалавек. Самаму малодшаму з іх 18 гадоў, а найстарэйшаму — за 50.

— Калі ў чалавека актыўная жыццёвая пазіцыя, калі ён хоча нараўне з 18-гадовымі танца­ваць, маляваць і выступаць на сцэне, то мы не маем права яму ў гэтым адмовіць, — працягвала Вольга Алегаўна. — Новыя сябры і новыя веды мяняюць чалавека да непазнавальнасці. Мне ёсць з чым параўноўваць, бо я працую на сваёй пасадзе больш за 12 гадоў. Раней многія нашы наведвальнікі былі вельмі заціснутымі, не хацелі ісці на кантакт. Але пасля шматлікіх паездак, мерапрыемстваў (у тым ліку і на сцэне раённага Дома культуры) сталі зусім іншымі. Цяпер не баяцца людзей, не хаваюцца ад відэакамеры ці фотаапарата, а наадварот, усміхаюцца і пазіруюць.

Сацыяльнай адаптацыі наведвальнікаў спрыяе і праект «Свет вакол нас».

— Мы распачалі яго ў 2018-м, аб’яўленым у краіне Годам малой радзімы, — расказвала спецыяліст па сацыяльнай рабоце Ала Мураўская, якая з’яўляецца нязменным кіраўніком праекта. — За тры гады для людзей з інваліднасцю і іх бацькоў было арганізавана некалькі дзясяткаў экскурсій па роднай Беларусі. Мы ездзілі ў Лучай, Нарач, Гервяты, Наносы, Жодзіна, Лосвіда, на завод па зборцы аўтамабіляў «БелДжы»… Шмат эмоцый падарыла турпаездка ў Мінск, дзе наведалі заапарк і дэльфінарый, Нацыянальную бібліятэку, спартыўны комплекс «Мінск-Арэна», Чырвоны касцёл і шэраг іншых аб’ектаў. Вясной плануем двухдзённую вандроўку на Брэстчыну. Вялікі дзякуй спонсарам, бацькам, якія заўжды падтрымліваюць нашы ініцыятывы.

Загадчыца аддзялення Вольга Гінько дадала, што ў іх сацыяльнай установе пастаянна ўкараняюцца новыя формы работы. Так, нядаўна адкрыліся гурткі «Фальклоратэрапія» і «Экскурсіятэрапія». Іх кіраўнікі падчас сустрэч расказваюць пра абрады і традыцыі, рэлігійныя святы Беларусі, пра жыццё ў іншых краінах свету. Карысны для лю­дзей са складанымі захворваннямі будзе гурток па вывучэнні правіл дарожнага руху, які плануюць адкрыць у хуткім часе. 

Іна Сняжкова. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.