Будто на парад. В ОАО «Новоселки-Лучай» проверяют техническое состояние тракторов

Сельское хозяйство

Рамонт прадаўжаецца, а час прыспешвае

У мінулую пятніцу на тэрыторыі мехмайстэрняў цэнтральнай сядзібы ААТ «Навасёлкі-Лучай» трактары выстраіліся, нібыта на парад: вымытыя, падфарбаваныя. Каля іх у чаканні камісіі па правядзенні тэхагляду хадзілі механізатары. Першым прайсці яго папрасіўся Міхаіл Аўсюкевіч.

— У гэтыя дні заняты на здрабненні саломы, якая выкарыстоўваецца для прыгатавання корму жывёле, — тлумачыў механізатар. — Таму трэба спяшацца, каб забяспечыць фермы кармамі.

Галоўны дзяржінспектар па наглядзе за тэхнічным станам машын і абсталявання ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Дзмітрый Касцень і старшы інспектар па адміністрацыйнай практыцы дзяржаўтаінспекцыі аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Уладзіслаў Пучынскі праверылі вадзіцельскае пасведчанне, талон, медыцынскую даведку, страхавы поліс. Засяродзілі ўвагу на наяўнасці аптэчкі, знака аварыйнага прыпынку, сродкаў пажаратушэння. Затым механізатар заняў месца ў кабіне і прадэманстраваў работу найважнейшых складальнікаў бяспечнага дарожнага руху — светлавога абсталявання, рулявога кіравання і тармазоў. Праз некалькі хвілін, атрымаўшы адзнаку аб пройдзеным тэх­аглядзе, Міхаіл на сваім трактары пакінуў мехмайстэрню.

Назірала за механізатарамі: маладзейшыя крыху хваляваліся, а вопытныя адчувалі сябе ўпэўнена. Мікалай Шынкевіч за рулём з 1978 года.

— На якіх толькі трактарах ні працаваў, — расказваў. — На «Беларусах», Т-150. Найдаўжэй паслужыў «Мерседэс», па які сам ездзіў у Германію. Трактар — мой другі дом. Таму стараюся берагчы, дасканала рыхтаваць да тэхагляду, а значыць, і да работы ў полі. Не будзе паломак — не будзе прастояў, будзе аддача. Сёлета перабраў каробку перадач, ­тое-сёе падварылі, падмаляваў — і сталёвы конь выглядае як новы. Кіраўніцтва гаспадаркі, інжынерная служба загадзя клапоцяцца пра набыццё запчастак. А нашы токар Ула­дзімір Чандырын, электрагазазваршчыкі Генадзій Мацур і Аляксандр Калядзін — прафесіяналы сваёй справы. Могуць вытачыць самую складаную дэталь і зварыць тое, што, на першы погляд, здаецца немагчымым.

Дзмітрый Касцень і Уладзіслаў Пучынскі правяраюць дакументы ў Міхаіла Аўсюкевіча

— На тэхагляд выставілі каля 70 трактароў, пагрузчыкаў, прычэпаў, — расказваў галоўны інжынер ААТ «Навасёлкі-Лучай» Яўгеній Вішнеўскі. — Частку тэхнікі камісія агледзіць у навасёлкаўскім аддзяленні, затым накіруецца ў Коўзаны, Лучай. Кожная адзінка замацавана за канкрэтным механізатарам, які сам рыхтуе яе да тэхагляду. У дапамогу — слесары і іншыя спецыялісты. Не ўсё ўдаецца адрамантаваць сваімі сіламі. Рухавік ад трактара Аляксандра Арлоўскага і корпус счаплення трактара Сяргея Гіля адпраўлялі ў спецыялізаваную фірму ў Мінск. Людзі стараюцца, бо ім жа і працаваць на гэтай тэхніцы.

— Тэхагляд, у адпаведнасці з рашэннем райвыканкама, праводзіцца кожны год у сакавіку, — расказваў Дзмітрый Касцень. — Зацверджаны графік. Камісія ўжо пабывала ў ААТ «Ярэва-­агра», «Кураполле-агра», «Хацілы-агра». Падрыхтоўка тэхнікі да веснавых палявых работ ідзе ва ўсіх гаспадарках. Праўда, не аднолькава эфектыўна. Калі ў ААТ «Хацілы-агра» гатоў­насць 100-працэнтная, то вельмі многім трэба актывізавацца. Рамонтныя работы — затратная справа. Галоўная праблема — недахоп сродкаў у некаторых гаспадарках. 300 тысяч рублёў на набыццё запчастак выдзелена з раённага бюджэту. Час прыспешвае, бо палявыя работы сёлета могуць пачацца раней, чым звычайна.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.