Главная задача коммунальной службы — обеспечить комфортную жизнь жителям Поставщины

Общество

Незаменныя памочнікі

Усе мы прывыклі да камфортнага жыцця. А забяспечваць яго — справа камунальнай службы. Многія яе паслугі (уборка вуліц, расчыстка дарог ад снегу) немагчыма ўявіць без эфектыўнага парка спецыялізаванай тэхнікі.

На балансе УП ЖКГ — 48 аўтамабіляў і 28 трактароў. Кіруе транспартным участкам Валянцін Піліпёнак. Напярэдадні прафесійнага свята за добрасумленную шматгадовую працу ён узнагароджаны знакам «Ганаровы работнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі». Яго стаж работы ў гэтай сферы — 26 гадоў. Пачынаў механікам. Зарэкамендаваў сябе кампетэнтным спецыялістам і быў пераведзены на пасаду начальніка.

— Нярэдка параўноўваю першыя гады работы і сучасныя, — гаварыў Валянцін Адамавіч. — Цяпер рэгулярна абнаўляецца машынна-трактарны парк. Летась, напрыклад, набылі смеццявоз і асенізацыйную машыну, якія задзейнічаны на вапараеўскім участку. Склаўся стабільны калектыў вадзіцеляў, механізатараў. Большасць з іх — адказныя, працавітыя, любяць і берагуць тэхніку.

Работнікі транспартнага ўчастка Мікалай Галатылец, Валянцін Піліпёнак, Аляксандр Дунец і Андрэй Талайка

Мае права на заслужаны адпачынак машыніст 30-метровай аўтавышкі Андрэй Талайка. Ён высакакласны спецыяліст. Гэту машыну выкарыстоўваюць пры рамонце дахаў, абрэзцы дрэў і іншых работах на вышыні. На ніжэйшай аўтавышцы працуе Аляксандр Налей.

Сёлетняя зіма выдалася без снегападаў. А ў мінулыя гады на расчыстку дарог выходзіла спецыялізаваная тэхніка, тратуары расчышчалі два трактары з навясным абсталяваннем. У галалёд курсіравалі пескараскідвальныя машыны. Затое гэтым часам хапае клопатаў Віктару Скур’яту, які кіруе падмятальнай машынай. Вялікі аб’ём работ не толькі ў горадзе, але і ў раёне выконваюць вадзіцелі смеццявозаў (населеныя пункты аб’язджаюць згодна з зацверджаным графікам).

Для патрэб кацельняў, якія працуюць на мясцовых відах паліва, камунальнікі самі нарыхтоўваюць дровы. Фарвардарам прафесійна маніпуліруе Іван Скіба, лесавозамі — Аляксандр Быстроў і Аляксандр Чугаеў.


За мінулы год пабочным заказчыкам аказана паслуг на 591,6 тыс. руб., насельніцтву раёна – на 76,5 тыс. руб.


У ліку вопытных вадзіцеляў — Юрый Кіш. Са станоўчага боку начальнік транспартнага аддзела адзначыў машыніста пагрузчыка Андрэя Дунца і маладога вадзіцеля Мікалая Галатыльца.

Ёсць усё неабходнае для ямачнага рамонту вуліц, спецтэхніка знаходзіцца ў пастаяннай гатоўнасці. На транспартным участку ёсць рамонтныя майстэрні, шына-мантажны цэх. Паслугі аўта­электрыка і акумулятаршчыка аказвае Сяргей Іваноў, газаэлектразваршчыка — Аляксандр Сіповіч, токара — Ула­дзімір Рапінскі.

Стабільная работа тран­спар­тнага ўчастка ў вялікай ступені залежыць ад умелага кіраўніка. Валянцін Адамавіч валодае выдатнымі арганізатарскімі здольнасцямі, ініцыятыўны, карыстаецца аўтарытэтам і павагай сярод падначаленых, добразычлівы, тактоўны, ураўнаважаны. Нездарма некалькі гадоў таму Валянцін Піліпёнак быў удастоены высокага звання «Чалавек года Віцебшчыны».

Камунальная служба для Пілі­пёнкаў у свой час была сямейнай справай. Шмат гадоў адпрацавала дыспетчарам жонка Валянціна Адамавіча — Вольга (сёлета пайшла на пенсію), бухгалтарам — дачка Люба (выйшла замуж і паехала ў Віцебск), механікам і спецыялістам па закупках працуе сын Сяргей.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.