Ходят слухи, что в Поставах выявлены больные коронавирусом. Правда ли это?

Главное Здравоохранение

Інфіцыраваных не выяўлена. Прафілактыка ўзмоцнена

Ходзяць чуткі, што ў Паставах выяўлены хворыя на каронавірус. Ці адпавядаюць яны сапраўднасці? (Са званка ў рэдакцыю).

Па адказ на гэта пытанне мы звярнуліся да галоўнага ўрача цэнтральнай раённай бальніцы Уладзіміра Чакавага.

— Ніводнага пацыента, інфіцыраванага на каранавірус, на Пастаўшчыне не выяўлена, — запэўніў Уладзімір Мікалаевіч. — Пад асаблівай увагай медыкаў знаходзілася 13 грамадзян, якія вярнуліся ў раён з іншых краін, з горада Мінска і Віцебска (студэнты, вадзіцелі транспартных сродкаў, турысты). 2 з іх знаходзіліся на каранціне ў боксе інфекцыйнага аддзялення ЦРБ, астатнія — дома пад кантролем медыкаў. Ва ўсіх былі ўзяты аналізы і адпраўлены на даследаванне ў Мінск, у Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр эпідэміялогіі і мікрабіялогіі. Вынікі даследавання паказалі, што ніводны не з’яўляецца носьбітам каранавіруса.

У той жа час кіраўнік мед­установы паведаміў, што ў раёне назіраецца некаторае пагаршэнне эпідэмічнай абстаноўкі ў сувязі з сезоннай захваральнасцю на грып і вострыя рэспіраторныя інфекцыі. З 6 сакавіка ўведзены каранцін у стацыянарных аддзяленнях, з 18-га зменены рэжым работы паліклінікі. Максімальны акцэнт зроблены на аказанне дапамогі дома. Для гэтага створаны спецыяльныя брыгады накшталт ранейшага надомнага стацыянара. У райпаліклініцы адкрыты асобны ўваход для тых, у каго высокая тэмпература, каб яны не сутыкаліся з іншымі. Такіх пацыентаў сустракае дзяжурны рэгістратар і праводзіць да асобнага акенца №4 у рэгістратуры, дзе на яго запаўняюцца спецыяльныя дакументы, а ўрачэбны прыём ажыццяўляецца ў асобным кабінеце. У залежнасці ад стану хворага прымаецца рашэнне аб яго шпіталізацыі або лячэнні дома. Асобны прыём пацыентаў з тэмпературай право­дзіцца ва ўсіх амбулаторыях. Уваход у жаночую кансультацыю зараз — з боку двара.

З мэтай павышэння бяспекі прыпынены планавая вакцынацыя дзяцей і дарослых, правядзенне скрынінгавых мерапрыемстваў у рамках дыспансерызацыі, выдача накіраванняў на медыка-сацыяльную экспертызу, а таксама ўся планавая дапамога на міжраённым і рэспубліканскім узроўнях. Пры патрэбе адміністрацыя ЦРБ выклікае для кансультацый спецыялістаў з абласнога цэнтра, а лячэнне пацыенты прахо­дзяць у Паставах. У экстранных выпадках хворага можна адправіць у медустанову абласнога цэнтра, але толькі на медтранспарце, які праходзіць спецапрацоўку, і ў суправаджэнні медыка.

— Сёння ўсе ўрачы ў нашым раёне здаровыя. Неабходная колькасць лякарстваў, сродкаў дэзінфекцыі і ўсяго, што патрабуецца ва ўмовах асаблівага санітарна-эпідэміялагічнага рэжыму, ёсць, — расказваў Уладзімір Чакавы. — Калі сітуацыя ўскладніцца, у стацыянарнае аддзяленне будзе перапрафіляваны дзённы стацыянар, а таксама Дунілавіцкая ўчастковая бальніца. Ніякіх падстаў для панікі няма. Але важна, каб пра прафілактыку вірусных захворванняў, у тым ліку каранавіруса, памяталі не толькі медыкі, але і кожны грамадзянін. Меры засцярогі нескладаныя: умацоўваць імунітэт, пазбягаць кантактаў з хворымі, часцей мыць рукі з мылам, не дакранацца нямытымі рукамі да твару, карыстацца дэзінфектарамі, часцей праветрываць памяшканні.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.