Как защититься от коронавируса? Советы врача-эпидемиолога Людмилы Сафроновой

Главное Здравоохранение

Мыйце рукі, не наведвайце грамадскія месцы

Каронавірусная інфекцыя рэгіструецца ў многіх краінах свету. У канцы мінулага тыдня захворванне зафіксавана і ў Беларусі. Пра тое, што робіцца ў нашай краіне, каб інфекцыя мела адзінкавыя выпадкі, а таксама пра яе сімптомы і меры перасцярогі чытачам «ПК» расказвае ўрач-эпідэміёлаг райЦГЭ Людміла Сафронава:

— Каб не дапусціць распаўсюджання каронавіруснай інфекцыі ў Беларусі, рэалізуецца комплекс спецыфічных мерапрыемстваў. Праводзіцца маніторынг стану здароўя ў першую чаргу тых, хто прыязджае ў нашу краіну. Праверкі адбываюцца ў аэрапортах і на чыгуначных вакзалах. Асаблівая ўвага — людзям, якія вяртаюцца з краін, нядобранадзейных па каронавірусе: Кітая, Ірана, Паўднё­вай Карэі, Італіі. Гэты спіс можа быць пашыраны. Тых, у каго падазраваюць захворванне, шпіталізуюць. Далейшыя дзеянні залежаць ад вынікаў абследавання. Калі інфекцыя пацвер­дзіцца, 14-дзённаму медыцынскаму назіранню будуць падвергнутыя тыя, хто кантактаваў з хворым. Гэта стандартныя меры засцярогі, якія право­дзяцца ва ўсіх еўрапейскіх краінах.

Першы і асноўны сімптом каронавіруснай інфекцыі — гарачка. У далейшым да яе могуць далучыцца кашаль, цяжкае дыханне, сімптомы пнеўманіі. Хвароба высоказаразная. Найбольш цяжка працякае ў пажылых, а таксама ў людзей з хранічнай паталогіяй. Як бачым, па сімптомах каронавірус падобны да грыпу і вострых рэспіраторных інфекцый. Аналагічныя і механізмы перадачы — паветрана-капельны і кантактна-бытавы.

Каб звесці да мінімуму магчы­масць заражэння, не рэкамендуецца наведваць месцы масавага скаплення лю­дзей, выязджаць за межы Беларусі. Неабходна пазбягаць кантактаў з тымі, хто мае прыкметы прастуды. Часта і рэгулярна мыйце рукі з мылам, карыстайцеся дэзінфектантамі. Не дакранайцеся бруднымі рукамі да твару і валасоў. Чхайце і кашляйце ў папяровую сурвэтку і адразу ж выкідвайце яе. Гэта выключыць магчымасць распаўсюджання ўзбуджальніка інфекцыі вакол вас прыблізна на метр. Як мага часцей праветрывайце памяшканне.

Запісала Вераніка Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.