Лауреат звания «Человек года Поставщины» Виктор Севрук с детства мечтал стать водителем

Общество

Галоўнае – любіць прафесію — лічыць вадзіцель участка г. Паставы філіяла «АТП №16 г. Глыбокае» Віктар Сяўрук.

Вам даводзілася выходзіць на работу ў 4 раніцы? А вось Віктар Сяўрук робіць гэта часта. Першы прыгарадны рэйс па маршруце «Паставы—Сасноўшчына» адпраўляецца з аўтавакзала ў 5.20. Перад гэтым вадзіцель абавязкова аглядае аўтобус, правярае ўзровень ахаладжальнай вадкасці, масла, праходзіць інструктаж, медагляд, атрымлівае пуцёўку — і ў дарогу. Кожны дзень яна вядзе ў розныя куточкі Пастаўшчыны. Не заўсёды асфальтаваная і роўная. Пасажыраў апошнім часам мала: вяскоўцы старэюць, у райцэнтр выбіраюцца рэдка, маладыя перавагу аддаюць уласнаму транспарту. Вясной пасажырапаток павялічваецца — пачынаецца дачны сезон. Многіх пасажыраў Віктар Вітольдавіч ведае ў твар, яны з ім вітаюцца, распытваюць пра справы, любяць расказваць пра сваё жыццё.

Стаць вадзіцелем ён, як і многія яго равеснікі, марыў з дзяцінства. Родам з Браслаўскага раёна. Закончыў Відзаўскае прафтэхвучылішча, адслужыў у арміі і накіраваўся ў Паставы. Чым прывабіў наш горад? Мноствам арганізацый, у якія патрабаваліся вадзіцелі. Спачатку ўладкаваўся ў райсельгастэхніку, потым некаторы час працаваў у адной з воінскіх часцей. У 1995-м прыйшоў у аўтапарк №17 на перавозку грузаў. А 4 гады таму кіраўніцтва прапанавала перасесці на аўтобус.

— Адказнасці дабавілася ў разы, — гаварыў Віктар Сяўрук. — Перавозіць грузы — гэта адно, зусім іншае — людзей. На прыгарадзе крыху спакайней. А на гарадскіх маршрутах неабходна надзвычайная ўважлівасць: вялікі паток машын, асаблівай пільнасці патрабуюць пешаходы. Абслугоўваннем вадзіцеля Сеўрука пасажыры задаволены, бо на яго твары заўсёды ўсмешка, ветлівы, акуратны.

— За час работы на нашым прадпрыемстве Віктар Вітольдавіч зарэкамендаваў сябе добрасумленнасцю, дысцыплінаванасцю, — характарызаваў вадзіцеля начальнік участка г. Паставы філіяла «Аўтатранспартнае прадпрыемства №16 г. Глыбокае» ААТ  «Віцебскаблаўтатранс» Сяргей Крыштафовіч. — Свае службовыя абавязкі выконвае ў адпаведнасці з інструкцыяй, прафесійна, праяўляе ініцыятыву. Аўтобус эксплуатуе акуратна, правіл дарожнага руху не парушае. Удасканаленне вадзіцельскага майстэрства, самадысцыпліна і кантроль — вось прынцыпы яго работы. Своечасова выяўляе няспраўнасці транспартнага сродку і прымае меры па іх ухіленні. Ведае і прымяняе эфектыўныя спосабы павелічэння міжрамонтных прабегаў, тэрмінаў службы шын і акумулятарных батарэй.

За добрасумленную працу Віктар Сяўрук неаднаразова ўзнагароджваўся Ганаровымі граматамі «Віцебскаблтрансу», райвыканкама, Міністэрства транспарту Рэспублікі Беларусь. Мае нагрудныя знакі «За работу без аварый» I і II ступеняў. А па выніках работы за мінулы год удастоены звання «Чалавек года Пастаўшчыны».

— Гэта стала сапраўдным сюрпрызам, — гаварыў Віктар. — Званне абавязвае працаваць яшчэ лепш. Наша прафесія не з тых, дзе вучацца на ўласных памылках. Самы маленькі промах можа прывесці да трагедыі. Каб гэтага не здарылася, трэба быць крайне ўважлівым, строга выконваць правілы дарожнага руху і пастаянна памятаць: бяспека пасажыраў — вышэй за ўсё. Сваю работу люблю — і гэта галоўнае.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.