Меньше ненужных вещей! Девиз Дня потребителя-2020 — «За ответственное потребление»

Экология

Мяняецца свет – час мяняцца і нам

Штогод 15 сакавіка адзначаецца Дзень спажыўца. Сёлета ён праходзіць пад дэвізам «За адказнае спажыванне».

Рацыянальнае і адказнае спажыванне з’яўляецца актуальным ва ўсім свеце. І, што важна, зрабіць выбар на яго ка­рысць­ павінен кожны з нас. Калі ў развітых краінах ужо даўно асэнсавалі паняцце «грамадства спажывання», то ў нашай яшчэ толькі пачалі яго вывучэнне. Чаму мы крочым з такім адставаннем, не сакрэт: грамадства спажывання ўзнікае ў выніку развіцця капіталізму, які доўгі час асуджалі нашы суайчыннікі. А зараз не можам нацешыцца.

Скажаце: ну як у мяне бу­дзе менш убораў, чым у калегі/сяброўкі? І не важна, што адпраўляюцца на сметнік альбо пыляцца ў шафе яшчэ амаль новыя, але ўжо нямодныя рэчы. І калі для адных тая мода доўжыцца некалькі гадоў, то для іншых — добра, калі адзін сезон. Многія думаюць: што, я горшая за астатніх ці бяднейшая? А якія кампліменты робяць знаёмыя, разглядаючы абноўку, як паварочваюцца ўслед мужчыны! Так і атрымліваецца, што мы становімся рабамі свайго жадання быць прывабнымі. І наш менталітэт, уласныя запыты і чаканні навакольных не выпаліць гарачым жалезам. Але ж неяк цывілізаваныя людзі прыхо­дзяць да разумення таго, што дастаткова мець зусім сціплы гардэроб і пажадана, каб у ім былі рэчы з якаснай натуральнай тканіны. Яны могуць служыць свайму ўласніку гадамі. Вытворцы ж, наадварот, зацікаўленыя ў танных сінтэтычных матэрыялах, якія хутчэй зношваюцца і стымулююць нас да новых пакупак. Між тым стары тэкстыль у нас фактычна не перапрацоўваецца, а значыць, хуткімі тэмпамі назапашваецца на звалках.

І прыкладаў такога ірацыянальнага спажывання шмат. Скажам, набыццё сучасных тэлефонаў, у якіх прыбавілася адна-дзве новыя функцыі, можа, нават і не патрэбныя вам. Затое ёсць жалезны аргумент «за» — апошняя мадэль! Гэта ўжо тып паводзін чалавека, які не проста хоча быць не горшым за астатніх, а ні ў якім разе не зліцца з натоўпам. Такая пакупка прызначана падкрэсліць сацыяльны статус свайго ўладальніка.

Ну а як не захацець кухонны камбайн мадыфікацыі накшталт сем у адным, пра адмысловасць і жыццёвую неабходнасць якога так салодка расказвае рэклама па тэлебачанні? А калі рэч можна набыць яшчэ і ў растэрміноўку, тут і ўвогуле знікаюць апошнія сумненні. Але, як вы разумееце, гэта чарговая маркетынгавая хітрасць. Такім жа хітрым ходам з’яўляецца выкладка драбязы, якую размяшчаюць у магазінах ля кас: сумуючы ў чарзе, чалавек абавязкова «ўспомніць», што яму вельмі патрэбна нешта з прапанаванага асартыменту.


Робячы чарговую пакупку, сярэднестатыстычны спажывец думае пра тое, чым яна яго парадуе, а рацыянальны – дзе гэта рэч апынецца пасля таго, калі перастане быць патрэбнай.


Асобная тэма — аднаразовыя рэчы. Возьмем той жа пластык. Як мы ведаем з урокаў геаграфіі, прыродныя рэсурсы абмежаваныя, аднак апошнія гады назіраецца рост іх выкарыстання для банальных патрэб. Напрыклад, сланцавы газ у асноўным ідзе на вытворчасць аднаразовага пластыку. Парадокс яшчэ і ў тым, што яго здабываюць у складаных умовах з вялікімі экалагічнымі рызыкамі. Калі не выпрацаваць правільную мадэль паводзін, то і далей будзем няшчадна расходаваць карысныя рэсурсы і забруджваць навакольнае асяроддзе.

Успамінаю часы свайго дзяцінства, калі многія з-за дарагавізны і дэфіцыту мылі поліэтыленавыя пакеты, каб выкарыстаць іх зноў. Зараз такіх пакетаў хоць адбаўляй. Мала хто дастае ў магазіне свой аднаразова-мнагара­зовы ўпаковачны матэрыял. Але як уяўлю, колькі іх валяецца на сметніках, імкнуся абмяжоўваць сябе ў іх набыцці. Часам сутыкаюся з неразуменнем сапраўдных прычын маіх паводзін. Хоць бы вось такі выпадак. Купляю некалькі агуркоў, памідораў, цыбулін і прашу пакласці ўсё ў адзін пакет. Жыць, дакладней быць запатрабаванай, гэтай упакоўцы — 15 хвілін — за столькі пераадолею адлегласць ад гандлёвай кропкі дадому. Рэакцыя прадаўца: «Пакеты ў нас бясплатныя». Відавочна, многія нават не задумваюцца над гэтай глабальнай праблемай.

Не забывайце: мы не атрымалі Зямлю ў спадчыну ад ­бацькоў, а пазычылі яе ў сваіх дзяцей. Яны будуць жыць з наступствамі нашага безадказнага спажывання.

Вераніка Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.