Межведомственные рабочие группы промониторили строительные площадки Поставщины

Безопасность

Каб выключыць пагрозу жыццю і здароўю

Двойчы ў год міжведамасныя рабочыя групы, створаныя пры райвыканкаме, манітораць усе будпляцоўкі Пастаўшчыны. Увага — бяспечным умовам працы. У адным з рэйдаў пабываў і карэспандэнт «ПК».

У той дзень начальнік раённай энергагазінспекцыі Аляксандр Саковіч, прадстаўнікі РАНС Віталій Ожаль і Аляксандр Іршонак праінспектавалі 4 аб’екты. Гэта будпляцоўкі, на якіх узво­дзяцца 40-кватэрны жылы дом і дзіцячы садок па вуліцы Зялёнай у райцэнтры, малочнатаварны комплекс у вёсцы Волахі (генпадрадчык — ДКУАБП «Рассвет Пастаўскі») і магазін «Санта Ритэйл» у 6 гарадку (ТАА «Метал»). Праграма ўсюды аднолькавая: расказаць пра прычыны няшчасных выпадкаў на вытворчасці і ў быце, папярэдзіць пра наступствы бяспечных паводзін.

На вытворчых пляцоўках пажарныя праверылі ўсе мабільныя і рухомыя будынкі і збудаванні, цеплагенерыруючыя агрэгаты і прылады, наяўнасць пярвічных сродкаў пажаратушэння. Пацікавіліся, ці аснашчаны вагоны-бытоўкі аўтаномнымі пажарнымі апавяшчальнікамі. Нагадалі адзіны нумар службы выратавання, раздалі памяткі пра пажарную бяспеку і прапанавалі ўвазе будаўнікоў тэматычны відэафільм.

Начальнік энергагазінспекцыі ў сваю чаргу звяртаў увагу на правільнае падключэнне электрычнасці.

— Будпляцоўкі — аб’екты павышанай небяспекі. А калі на іх парушаюцца разнастайныя нормы і правілы, то ўзнікае пагроза жыццю і здароўю людзей, — расказваў Аляксандр Саковіч. — Становішча ўскладняецца яшчэ і тым, што ў тэрміны будаўніцтва не ўключаецца час на мантаж дадатковых электраўстановак і іх выпрабаванне. Адсюль і спешка, выбар няякасных кабеляў, разетак і выключальнікаў, якія не адпавядаюць разлікам токаў кароткага замыкання і нагрузкі. А значыць, такія апараты не выконваюць сваю функцыю.

Часта будаўнікі робяць злучэнне не ў спецыяльнай каробцы, а скручваюць канцы дроту паміж сабой і абмотваюць іх ізаляцыйным матэрыялам. Нярэдка можна ўбачыць і адкрытыя токаводныя часткі. Між тым калі чалавек дакранецца да іх на адкрытым паветры, то паражэнне будзе імгненным (таму што ён стаіць на зямлі). Ёсць і іншыя тыповыя памылкі.

Па ўсіх выяўленых падчас рэйду недахопах складзены прадпісанні.

Вераніка Філановіч
Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.