«Моторчик, который никогда не глохнет». Из педагога в председателя сельсовета: история Инны Косаревской

Личности

Мяне ва ўсім падтрымлівае сям’я

Па выніках мінулага года Варапаеўскі сельскі Савет прызнаны пераможцам раённага спаборніцтва. На ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню найлепшых калектываў і працаўнікоў Пастаўшчыны, кіраўнік раёна Сяргей Чэпік уручыў яго старшыні Іне Касарэўскай не толькі пераходны чырвоны сцяг, але і ключы ад новай «Лады-21310».

— Безумоўна, усё гэта прыемна, тым больш што машына вельмі патрэбная Савету, — гаварыла мне пазней Іна Ге­надзьеўна. — Але ўспрымаю ўзнагароду як аванс, каб працаваць яшчэ больш плённа, дапамагаць людзям, знаходзіць шляхі вырашэння праблем.

Сельскі Савет яна ўзначальвае ўсяго два гады. Рашэнне змяніць сферу дзейнасці далося нялёгка, бо ўся працоўная біяграфія была звязана з педагогікай. Пасля заканчэння Белдзяржуніверсітэта пачынала настаўніцай у Гуцкай школе, праз паўтара года назначылі намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, а 10 апошніх гадоў з’яўлялася дырэктарам. Адчуваецца, што і зараз сумуе па школе. З вялікай цеплынёй расказвала пра былых калег і вучняў, з якімі падтрымлівае цесную сувязь, цікавыя мерапрыемствы, што праводзіліся і праводзяцца ў навучальнай установе, з радасцю наведваецца ў калектыў. Узгадвала, як няпроста было пачынаць на новым месцы работы, уваходзіць у курс справы. З удзячнасцю гаварыла, што вельмі добразычліва прыняў невялікі, але працаздольны калектыў сельвыканкама, дэпутаты сельскага Савета, неацэнную дапамогу аказвае кіраўнік спраў Ганна Рубель. Заўсёды адчувае падтрымку раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў.

Былыя і цяперашнія падначаленыя Іны Касарэўскай, ды і ўсе, хто яе ведае, захапляюцца нястомнасцю, ініцыятыўнасцю жанчыны, уменнем знайсці агульную мову з людзьмі, дзівяцца, як толькі яна і паспявае ўсюды.

— Наша Іна Генадзьеўна — маторчык, які ніколі не глухне, — казалі. — Вялікая працаўніца і ўмелы арганізатар. Патрабавальная і ў той жа час мяккая, тактоўная. Для яе няма дробязных пытанняў. Да вырашэння кожнага адносіцца аднолькава адказна.

Можна нямала расказ­ваць пра тое, што ўдалося ажыццявіць на тэрыторыі сельсавета і якія праблемы трэба вырашаць. Але гэта будзе тэмай іншага артыкула. А па­колькі я сустракалася з Інай Ге­­надзьеўнай напярэдадні 8 Сакавіка, мяне цікавіла іншае: як дзелавой жанчыне, абцяжаранай няпростымі службовымі абавязкамі, мноствам самых розных спраў, удаецца заставацца клапатлівай дачкой, пяшчотнай мамай, любімай і любячай жонкай, цудоўнай гаспадыняй, творчай, захопленай натурай? А што гэта менавіта так, я ўжо ведала з сабранага напярэдадні размовы «дасье».

— Я сапраўды шчаслівая жанчына, бо ва ўсім адчуваю падтрымку сям’і, — дзялілася Іна Касарэўская. — Мне вельмі пашанцавала з мужам. Андрэй разумее маю занятасць і шмат хатняй працы бярэ на сябе. Мы разам абмяркоўваем розныя сямейныя пытанні і сумесна прымаем рашэнні. Заўсёды адчуваю яго надзейнае плячо. Нас радуюць сваімі поспехамі дзеці. Пеця вучыцца на 2-м курсе Полацкага ўніверсітэта на факультэце інфармацыйных тэхналогій. У яго ўжо новае, студэнцкае, акружэнне, але ад сям’і не адрываецца, пры любой магчымасці прыяз­джае дадому, стараецца дапамагчы па хатняй гаспадарцы. Ліза ходзіць у 8 клас, вучыцца добра. У бягучым навучальным годзе ­ўдзельнічала ў раённай алімпіядзе па двух прадметах: працоўным навучанні і матэматыцы. Па матэматыцы заняла 1-е месца ў раёне і дастаткова высокае — у вобласці. Акрамя таго, заканчвае музычную школу па класе баяна і ездзіць на заняткі ў Пастаўскую дзіцячую школу мастацтваў імя А. Ромера, бо вельмі любіць маляваць. Лізін распарадак дня распісаны па хвілінах, але калі я не паспяваю, то яна знойдзе час і памыць посуд, прыбраць у пакоі, прыгатаваць вячэру.

Хіба не найвялікшая радасць для бацькоў — поспехі іх дзяцей? Але ж Пецю і Лізе ёсць з каго браць прыклад! Пачынаючы з дзядулі Генадзія, які жыве ў Куніцкіх. 18 гадоў таму ён аўдавеў, але і ў 82 трымае жыўнасць (да мінулага года — нават каня).Па меры сіл рупіцца на роднай зямлі і вучыць гэтаму сваіх дзяцей і ўнукаў. А яны часта наведваюцца да яго і стараюцца дапамагчы. Хаця і сваіх клопатаў шмат — на іх падвор’і дзве каровы, свінні, куры.

— Мне балюча бачыць, як маладыя здаровыя людзі, жывучы ў вёсцы і нават не маючы пастаяннай работы, не трымаюць ніякай жыўнасці, — гаварыла Іна Ге­надзьеўна. — А мелі б нядрэнны дадатак да сямейнага бюджэту! Ды і хіба можна параўнаць уласныя прадукты з магазіннымі?

У Іны была магчымасць пасля заканчэння Белдзяржуніверсітэта застацца ў Мінску і працаваць у выдавецтве. Андрэй служыў у войсках сувязі ў Маскве (ён і зараз сувязіст), і камандаванне воінскай часці агітавала яго на звыштэрміновую службу. Прычым абяцалі кватэру. Але маладыя людзі, якія пакахалі адно аднаго яшчэ ў школьныя гады, зрабілі выбар на карысць сваёй малой радзімы. І ніколькі не шкадуюць пра гэта.

— Тут усё наша роднае, блізкае, дарагое, — расчульваецца Іна. — Мне даводзілася бываць у Чэхіі, Аўстрыі, Германіі, адпачывалі сям’ёй на Чорным моры, у Грузіі, але родныя прасторы ўсё роўна наймілейшыя. Аб’ехалі на сваёй машыне многія мясціны Беларусі. А якая прыгажосць у наваколлі Гуты, дзе жывём! У цёплую пару года іншы раз ездзіла на працу ў Варапаева і вярталася дадому на веласіпедзе. Не столькі стамлялася ад дарогі ў 7 кіламетраў, колькі атрымлівала рэлакс: навокал такое хараство!

Калі выдаецца вольная хвіліна, яна бярэ ў рукі пэндзаль і адлюстроўвае прыга­жосць роднай прыроды на палатне. Праўда, часу на любімы занятак выпадае зусім мала. А яшчэ ж са школьных гадоў і да гэтага часу прываблівае спорт: тэніс, більярд, шашкі, валейбол. Гуляе сама, прыцягвае іншых. Таму ёсць асабістая заслуга яе, старшыні сельскага Савета і спартсменкі, у тым, што па выніках мінулага года сельвыканкам прызнаны найлепшым у раёне сярод прадпрыемстваў і сельвыканкамаў за пастаноўку фізкультурна-масавай работы. У лідары раённага спаборніцтва выйшлі таксама Варапаеўскі гарпасялковы Дом культуры і Гуцкі комплексны прыёмны пункт. Вось такія ўражальныя паказчыкі работы.

Вяртаючыся да сельсавецкіх спраў, мая суразмоўца прызналася:

— На шчасце, я сустракаю шмат нераўнадушных людзей, разам з якімі мы можам многае зрабіць. Вельмі ўдзячная за парады, падтрымку, дапамогу. Гэта дае мне сілы і ўпэўненасць.

6 сакавіка Іна Генадзьеўна адзначыла свой дзень нараджэння. Нездарма гэта вельмі абаяльная жанчына нарадзілася напярэдадні жаночага свята. І жыве яна светла, прыгожа, напоўнена.

Фаіна Касаткіна
Фота Сяргея Вшыўкава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.