Начало года для ОАО «Поставымебель» выдалось богатым на переговоры с зарубежными партнерами

Важное Экономика

На еўрапейскі рынак – новымі шляхамі

Пачатак года для кіраўніцтва ААТ «Паставымэбля» выдаўся багатым на перамовы з замежнымі партнёрамі. У студзені-лютым на прадпрыемства неаднойчы прыязджалі прадстаўнікі фірм з Фінляндыі, Расіі, Германіі. Удалося заключыць шэраг новых кантрактаў, у тым ліку з такім гігантам сусветнага рынку, як Coca-Cola. Пра іх і не толькі пагаварылі з дырэктарам прадпрыемства, лаўрэатам звання «Чалавек года Пастаўшчыны-2019» Сяргеем Лацецкім.

— Сяргей Станіслававіч, якую прадукцыю вы пастаўляеце для Coca-Cola?

— Гаворка ідзе пра камплекты для вулічнага гандлю — гэта стол і чатыры крэслы, на якія нанесены лагатып кампаніі Coca-Cola. Усяго плануецца паставіць 2000 такіх камплектаў. Першыя партыі ўжо адгружаны. Дзякуючы таму, што наша прадпрыемства ўнесена ў рэестр пастаўшчыкоў гэтай вялізнай сусветнай кампаніі, у нас з’яўляюцца новыя магчымасці для выхаду на еўрапейскі рынак.

Адзначу, што вопыт пастаўкі камплектаў для вулічнага гандлю ў нас ужо ёсць. Раней мы выраблялі аналагічную прадукцыю для піваварных кампаній «Крыніца», «Лідскае», Heineken. Таму і было вырашана паўдзельнічаць у тэндары, які праводзіла Coca-Cola. Наш завод прапанаваў найбольш выгадныя ўмовы для вытворчасці мэблі, апярэ­дзіўшы шэраг канкурэнтаў.

Кіраўніцтва ААТ «Паставымэбля» абмяркоўвае прадукцыю завода з замежным партнёрам

— У якія краіны вы экспартуеце прадукцыю?

— Наладжаны пастаўкі ў Казахстан, Расію, Латвію, Літву, Малдову, Германію… У лютым на прадпрыемства прыязджалі прадстаўнікі фінскай кампаніі, якая зай­маецца аптовым гандлем і мае сетку магазінаў у Швецыі і Фінляндыі. Іх цікавяць камоды і абе­дзенныя сталы. Эскізы і чарцяжы распрацаваны самімі заказчыкамі.

Спачатку мы вырабілі для фінаў пробную партыю мэблі — іх цалкам задаволілі цана і ­якасць прадукцыі. Напрыканцы лютага пачаліся першыя пастаўкі.


За 2019 год рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі, тавараў, паслуг склала 6,5%, рэнтабельнасць продажаў – 5,1%.


— Паспяховы пачатак года ў вас атрымліваецца…

— Насамрэч 2020-ы ў плане заказаў будзе няпростым. І гэта зразумела ўжо цяпер. Тэндары, у якіх мы ўдзельнічалі ў першыя месяцы новага года, паказалі, што канкурэнцыя на мэблевым рынку імкліва павялічваецца. Прывяду канкрэтны прыклад. Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт нядаўна право­дзіў тэндар па закупцы мэблі для інтэрната. Па розных пазіцыях у ім удзельнічалі па 35-37 прадпрыемстваў, у тым ліку і такія мэблевыя гіганты, як «Пінскдрэў», «Рэчыцадрэў», Калінкавіцкі мэблевы камбінат… Раней гэтыя лічбы былі істотна меншымі.

Дадзены тэндар мы не выйгралі. Аднак ён падштурхнуў рухацца далей, яшчэ раз нагадаў, што канкурэнты не дрэмлюць і мы не маем права стаяць на месцы. Толькі развіваючыся зможам дасягнуць высокіх вынікаў.

— На работу прадпрыемства ўплывае сезоннасць?

— Безумоўна, прадукцыю для навучальных устаноў найбольш актыўна закупляюць у другім паўгоддзі. Таму зараз мы вырабляем іншыя віды мэблі: мяккую, корпусную, з масіву сасны і інш.

Рэалізоўваць серыйную прадукцыю з кожным годам усё больш складана. Заказчыкі хочуць эксклюзіўнага, унікальнага, каб былі максімальна ўлічаны ўсе пажаданні. Мы заўжды ідзём насустрач кліентам, вырабляем прадукцыю па іх індывідуальных эскізах — толькі так сёння можна трымацца на плаву.


Асартымент прадукцыі ААТ «Паставымэбля» налічвае больш за 200 найменняў. Дзякуючы праведзенай маштабнай мадэрнізацыі пастаўчане вырабляюць мэблю па самых сучасных тэхналогіях і на роўных канкурыруюць з прыватнымі прадпрыемствамі.


— Як склаўся для «Паставымэблі» мінулы год?

— Нядрэнна. Аб’ём вытворчасці ў параўнанні з 2018-м — 115%. Летась мы ўвялі ў строй трэцюю сушыльную камеру, купілі стужачнапілавальны станок, пабудавалі навес для сушкі драўніны. Набылі новы легкавы аўтамабіль «Джылі» для перавозкі сваіх супрацоўнікаў: ім часта даводзіцца адпраўляцца ў камандзіроўкі для зборкі мэблі.

— Падзеліцеся планамі?

— Скажу адно: іх шмат. І толькі час пакажа, што ўдасца рэалізаваць, а што — не. Відавочна, што для дасягнення пастаўленых мэт усяму калектыву трэба вельмі многа працаваць. Для мяне як кіраўніка чалавек працы заўжды на першым месцы. Без яго рук і ведаў нават самае сучаснае абсталяванне — проста метал.

Іна Сняжкова. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.