Новую организацию — отдел спорта и туризма райисполкома — возглавил Станислав Чимбург

Спорт

Удасканальвацца, каб адпавядаць запытам

У пачатку бягучага года ДА «Фізічная культура, спорт і турызм Пастаўскага раёна» і сектар спорту і турызму райвыканкама шляхам рэарганізацыі аб’ядналіся ў адну структуру — аддзел спорту і турызму райвыканкама. Узначаліў новую арганізацыю Станіслаў Чымбург.

— На Пастаўшчыне непрацяглы час былі дзве арганізацыі, якія выконвалі адну і тую ж функцыю, што, безумоўна, з’яўлялася немэтазгодным. Таму рашэннем раённага выканаўчага камітэта яны пераўтвораны ў адну, — тлумачыць начальнік аддзела спорту і турызму Станіслаў Чымбург. —У падпарадкаванні аддзела знаходзяцца спартыўная школа і фізкультурна-спартыўны клуб. Нягледзячы на змену назвы, задачы засталіся ранейшымі. Сярод ключавых — далучаць жыхароў раёна да заняткаў фізічнай культурай і спортам, падрыхтоўваць спартыўны рэзерв.

На развіццё спартыўнай сферы раёна сёлета з бюджэту выдзелена 70 тысяч рублёў. Гэтыя і ўласныя сродкі аддзела ад пазабюджэтнай дзейнасці пой­дуць на далейшы рамонт ФАКа па вуліцы Савецкай. Новае аблічча набудуць калідор на першым паверсе, прылазнік, мужчынская і жаночая раздзявалкі, у якіх установяць новыя шафкі і заменяць сантэхніку. У хуткім часе пераапранацца ў новых шафках бу­дуць і наведвальнікі аднаўленчага цэнтра на ФАКу ў 5 гарадку.

Фота з архіву «ПК»

У канцэртнай зале па вуліцы Чырвонаармейскай адкрыецца зала адзінаборстваў з баксёрскім рынгам (там, дзе раней ладзіліся гарадскія дыскатэкі). У дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе плануецца адкрыць аддзяленне барацьбы. Зараз аддзел спорту і турызму шукае трэнера з адпаведнай кваліфікацыяй. Таксама ў райцэнтры з’явяцца некалькі вулічных трэнажорных комплексаў.

Аграгарадок Навасёлкі трапіў у рэспубліканскі праект «Вёска будучыні». Гэта значыць, што ў населеным пункце павінны быць створаны рознабаковае ўтульнае асяроддзе для жыцця і новая якасць працоўных месцаў. У рамках праекта работнікі аддзела ўзвядуць тут комплексную спартыўную пляцоўку са штучным пакрыццём накшталт той, што дзейнічае ў Азёрках.

Папрыгажэе і сядзіба Дзеда Бая, размешчаная на спартыўна-турыстычным комплексе «Азёркі». На завяршальную стадыю выходзіць будаўніцтва гасцінічнага комплексу: засталося выканаць яго чыставую аддзелку. Шмат задум і па насычэнні тэрыторыі зоны актыўнага адпачынку. Ужо выкапана сажалка, каля яе неўзабаве з’явіцца міні-птушкаферма. Яе насельнікамі стануць куры, паўліны, цацаркі. Жывы куток разлічаны на дзетак. Для іх жа ўсталююць лавачкі, зробяць пясочніцы.

Цікавых ідэй, якія парадуюць і дзяцей, і дарослых, сапраўды шмат. Чакаем іх увасаблення ў жыццё.

Вераніка Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.